Сентыментальны Востраў і рэальная Ворша



Прыезд у Воршу, шлях з вакзала да вуліцы Касманаўтаў (цяпер Караткевіча) апісаны ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць”.

Твор мае падназоў “Раман амаль што сентыментальны. Першы раз быў надрукаваны ў 1962 годзе пад назвай “Леаніды не вернуцца на Зямлю”.

Галоўны герой “Раману амаль сентыментальнага” прыязджае ў родны горад, які ў рамане  мае назву Востраў.

Горад Востраў цалкам адпавядае Воршы. Горад пазнавальны ў дэталях, пачынаючы ад прывакзальнай плошчы, да вуліцы, на якой героя Караткевіча сустракае маці.   

Вось фрагмент рамана, які апісвае прыбыццё героя ў Воршу:   

“Гарбаты віядук перакінуўся цераз пуці ад агнёў станцыі кудысці ў цемру. У цемры глуха шапацелі галіны таполяў з рэдкімі жоўтымі кроплямі агнёў, што заблыталіся. На маленькай плошчы за віядукам.

Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык.

Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў захмараных садах.

Вуліца адным канцом ўпіралася ў галоўную вуліцу, другім у Дняпро.

Ён ішоў вельмі павольна, здзіўляючыся, як кожны раз, якімі маленькімі сталі дамы, якімі высокімі, ў параўнанні з імі сады.

Яшчэ здалёк, за чатыры хаты, пачуў усхваляваны радасна-залівісты брэх куртатага Тобса.   

Калі ён штурхнуў фортку і прайшоў алейкаю да ганка, у адным акне загарэлася святло: маці пачула брэх, адразу ўсё зразумела і ўстала. Ён не паспеў нават пазваніць, як дзверы адчыніліся. Маці стаяла перад ім у пуховай хусціне, накінутай на плечы. І ён пераступіў парог.      

Позна ўначы, засынаючы ў сваім пакойчыку, ён доўга  слухаў подыхі начнога ветру, сачыў, як святло вулічнага ліхтара цьмяна скача паміж яблынь, пахаваных у снезе.

Гэта была Радзіма роднае гняздо, тое што нельга ўзяць ад чалавека, хіба толькі разам з жыццём. Ён змежыў вочы ў зіхценні вогненых плям паплылі перад ім абліччы. І яны таксама былі Радзімай: усе тыя, што адыйшлі, усе тыя, што яшчэ ідуць поруч, усе тыя, што яшчэ будуць”.   

На сёння – захаваўся дом, дзе герой Караткевіча бачыў прарочыя сны. Вуліца захавалася. І кожны цікаўны прыхільнік творчасці можа прайсці маршрутам героя “Раману амаль сентыментальнага”  – „Нельга забыць”. Варта толькі прыехаць у Воршу.    

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ