Шэсць+1 аргумент супраць смяротнага пакарання



Тэма смяротнага пакарання абмяркоўваецца са старажытных часоў. Усе аргументы “за” і “супраць” – даўно вядомыя. І  кожны раз, калі ўздымаецца тэма смяротнага пакарання – а тэма не з прыемных, таму ўздымаецца  не так часта , і ўсё ж – кожны раз, калі тэма ўсплывае – ускіпаюць гарачыя спрэчкі. І кожны прыводзіць свае старыя, як гэты свет, аргументы – “за” і “супраць”. За час працы ў кампаніі Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання мы сфармулявалі шэсць асноўных аргументаў супраць смяротнага пакарання.

Але ёсць яшчэ – і Сёмы аргумент. Гэта аргумент палітычны, бо пры захаванні смяротнага пакарання нельга далучыцца да цывілізаванаг свету, нельга стаць еўрапейскай краінай.

А астатніх аргументаў – шэсць:

Аргумент 1. Судовая памылка, незваротнасць смяротнага пакарання.

Пасля выкананя прысуду, нельга выправіць судовую памылку – вярнуць жыццё чалавеку.

За злачынствы, якія маньяк Міхасевіч здзейсніў за 15 гадоў, незаконна былі асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення 13 чалавек, а адзін з іх, Цярэня, быў расстраляны па прысудзе Віцебскага абласнога суда.

 Аргумент 2. Выканаўцы, прафесійныя кАты, якія забіваюць ад імя дзяржавы

Алег Алкаеў – у 1996-2001 начальнік СІЗА № 1 Менска, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда». Забіць чалавека, які асабіста табе нічога дрэннага не зрабіў, забіць без злосці, без накалу страсцей – гэта складана. Смерць – гэта забойства, а забойства ніколі беспакарана не праходзіць. Забойства – заўсёды забойства, нават, калі па законе .

 Аргумент 3. Рэлігійны “не забівай!”  

Жыццё чалавеку дае Бог, і толькі Бог, а не іншы чалавек можа забраць жыццё.

У 2013 годе Папа Рымскага Францішка з тэлеграме да да 5-га Сусветнага Кангрэсу супраць смяротнага пакарання напісаў:   “Пакаранне смерцю павінна быць замененае на іншае, якое бы прадугледжвала шанец  для злачынцы задумацца над  сваімі  правінамі і выправіцца, а нявіннаму падаравала бы надзею на справядлівасць”.

Аргумент 4. Забойствы палітычных апанентаў, масавыя рэпрэсіі

Смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаныя ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных. Смяротнае пакаранне становіцца “звыклай з’явай” падчас падчас масавых рэпрэсій.

 Аргумент 5. Катаванне сваякоў рассстралянага – невыдача цела

 У Беларусі працягвае дзейнічаць закон, які датычыцца яшчэ савецкага перыяду, калі пры выкарыстанні выключнай меры пакарання –  расстрэлу – труп пакаранага сваякам не выдаюць, месца пахавання не паведамляюць. Камітэт ААН неаднаразова заяўляў пра тое, што сама працэдура смяротнага пакарання ў Беларусі падпадае пад прыкметы катаванняў і бесчалавечнага стаўлення, як да самога пакаранага смерцю, так і да яго сваякоў.

 Аргумент 6. Неэфектыўнаўсць у папярэджанні злачынстваў    

 Генерал Юры Захаранка, калі быў міністрам унутраных справаў, вывучаў працэдуру смяротнага пакарання і планаваў пэўныя змены. Упершыню пра гэта генерал Юры Захаранка распавёў у 1998 годзе Алесю Дашчынскаму – карэспандэнту газеты “Навіны” (“Свабода ” 17 лютага 1998 года). У гэтым жа інтэрв’ю былы міністр унутраных справаў катэгарычна выказаўся супраць смяротнага пакарання: Я ўпэўнены, што нам неабходна ліквідаваць інстытут пазбаўлення чалавека жыцця. Смяротная кара не ў стане спыніць злачыннасць. Псіхіятары-крыміналісты, якія вывучалі гэтае пытанне, прыйшлі да высновы, што ніводзін з асуджаных перад забойствам не думаў пра магчымасць расплаты смяротнай карай. Пасля адмены вышэйшай меры ў краіне не расце колькасць цяжкіх злачынстваў. Здавалася бы, танней расстраляць чалавека ды закапаць. Але такі чынам грамадства закопвае сябе. Нам неабходна павярнуцца да гуманізму і чалавечнасці.  (Газета “Свабода ” 17 лютага 1998 года)

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ