Шлях у Горад памерлых



У кастрычніку 2020 года на экскурсійным джыпе да падножжа гары Эльбрус ехалі сем жанчын – дзве Гулі (адна з Уфы, другая з Казані), дзве Паліны (адна з Беларусі, другая з Пецярбургу), Іда і Ада з Масквы і Лена з Цюмені. Кіроўца і гід – Віталік.

Ехалі ў цясніну Джылы Су, глядзець вадаспады і гейзеры, піць нарзан.

Гід Віталік папярэдзіў, каб не падбіралі і не клалі ў машыну каменьчыкі, якія ляжаць пры дарозе, бо ў гарах шмат старажытных могілак, і каменні могуць быць з пахаванняў:

– Турысты набяруць камянёў, якія невядома хто, невядома калі, невядома для чаго паклаў, забудуць у машыне, а пасля едзеш і не можаш зразумець, што такое грукоча і перакатваецца.    

Па дарозе спыніліся каля скальнага пахавання старажытнай княжны. Ці не княжны, а маладой асобы, пахаванай з багатым аздабленем, разам з немаладой асобай без упрыгожанняў.

Магілу знайшлі пры будове дарогі ў 2014 годзе.

Цяпер парэшткі княжны і яе немаладой служанкі вывезеныя ў музей. Надмагільная пліта зрушаная, можна глядзець, як яно ўсё было ў сярэдзіне. Збоку шыльдачка – “Мусор в могилу не бросать”. Але відаць па ўсім, што надпіс паспяваў прачытаць не кожны перад тым, як кінуць смецце.

Віталік вёў джып па горнай дарозе і апавядаў.

Гаварыў, вядома, па-расейску, але я перадаю дыялог па-беларуску, так рабілі беларускія пісьменнікі, калі апавядалі пра далёкія краіны.

– У 1942 годзе ў гарах Прыэльбрусся прызямліўся нямецкі самалёт з адным эсэсаўцам і з шасцю тыбецкімі манахамі. Шукалі Шамбалу. Праз некалькі дзён самалёт адляцеў. На борце былі дзве асобы – эсесавец і пілотам. Шэсць манахаў зніклі. Ці то знайшлі тое, што шукалі і згубіліся ў часе і прасторы. Ці яны знайшлі шлях у Падземны горад памерлых. Ці іх расстралялі, каб яны нікому не распавялі пра тое, што пабачылі.

– А немцы сюды не вернуцца? – спытала Гуля з Казані. – А то Ангела Меркель сказала, што Байкал (адкуль ля падножжа Эльбруса ўзнік Байкал – таямніца – заўвага аўтаркі) павінен належаць усім людзям. Як гэта – УСІМ?

– Шмат што яна гэта Ангела кажа, – падтрымалаа яе Гуля з Уфы. – І піша яна шмат. Толькі хто яе слухае? Як гэта можа Байкал належаць усім?

Так, так, – падтрымаў Віталік, – усім ад Расіі нешта трэба. Так заўсёды было. А Расіі ні ад каго нічога не трэба. Такая ў нас краіна. І вось мы ўжо пад’ехалі да містычнай цясніны Джылы Су. Дзве гадзіны – вольнага часу, п’еце нарзан, аглядаеце гейзер, купель завараная ў сувязі каронавірусам, таму толькі ногі можна апусціць, аглядаеце вадаспад Султан. Тут усе такое эпахальнае, што ніякай Швейцарыі не трэба.    

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ