Шляхі Крымскага дзённіка Максіма Багдановіча



Гэтым летам – 100 гадоў з часу напісання Максімам Багдановічам Крымскага дзённіка, які зараз часцей называюць “інтымным дзённікам”.

Спачатку Крымскі дзённік знаходзіўся ў драматурга і палітыка Язэпа Дылы, разам з іншымі дакументамі, перададзенымі бацькам паэта Адамам Багдановічам.

Язэп Дыла ў свой час быў сябрам камісіі Інбелкульту па прыёмцы спадчыны Максіма Багдановіча.

Ужо тады ў 20-я гады Язэп Дыла абмярковаў мэтазгоднасць друкавання дзённіка з Адамам Багдановічам і абодва прыйшлі да высновы – друкаваць не варта. Перапіска ёсць у адкрытай крыніцы – зборніку “Шлях паэта” 1976 год.

Язэп Дыла быў рэпрасаваны і высланы ў Саратаў.

Пра далейшы лёс Крымскага дзённіка распавядае бібліёгаф Ніна Ватацы, зборы якой, дарэчы ляглі ў аснову фондаў Літаратурнага музею Максіма Багдановіча ў Менску.

У кнізе Ніны Ватацы “Шляхі” (Мн. 1986) на старонцы 128 чытаем: “Беларускі драматург Язэп Дыла прыслаў з Саратава ў Акадэмію навук БССР амаль нечытэльны алоўкавы аўтограф Крымскага дзённіка Максіма Багдановіча 1915 года. Літаратуразнаўчага значэння гэтыя інтымныя накіды не маюць. Захоўваецца дзённік у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (Рукапісны фонд Сектара тэатра і кіно, фонд 1, Агульны раздзел, спр.13)”

І ўсё. А што пасля? Як дзённік трапіў з архіва ў музей Максіма Багдановіча?

У той жа кнізе “Шляхі” чытаем: “У пачатку 1968 года пачаў збіраць біярафічныя звесткі для напісання лібрэта оперы пра Максіма Багдановіча паэт Алесь Бачыла. На аснове тых матэрыялаў А.Бачыла напісаў цікавую кнігу “Дарогамі Максіма” (Мн. 1971)”

Опера называлася “Зорка Венера”, і для працы над лібрэта аўтар карыстаўся дзённікам.

У кнізе “Дарогамі Максма” Алесь Бачыла піша: “Пра існаванне гэтага дзённіка ведала вельмі абмежаванае кола людзей. Нават многія з даследчыкаў творчасці Максіма Багдановіча, калі я напамінаў пра дзённік дзівіліся: “Няўжо ёсць такі дзённік?” Так і ляжаў ён амаль нікім не чапаны ў інстытуцкіх шафах. Я ўжыў слова “амаль” не выпадкова. Бо ўсё ж да дзённіка – уцалелых рукапісаў паэта няшмат – дакраналіся цікаўныя рукі тэатральнага даследчыка Алега Саннікава. Больш за месяц праседзеў ён з павелічальным шклом у руках над невялікім аркушыкам паперы, спісаным бісерным почаркам, каб прачытаць тэкст. Расшыфраваныя словы і цэлыя сказы ён старанна заносіў у асобны сшытак. Але да канца расшыфраваць тэкст так і не ўдалося. Паколькі дзённік пісаўся не для пабочных людзей, таму яго аўтар не клапаціўся пра выразнасць почырку, і шмат якія словы падаваў у скарачэнні, зразумелых толькі самому. І ўсё ж месяц крапатлівай працы не прапаў марна. Нават на тым, што расшыфравана, а расшыфравана крыху больш за трэць тэксту, мы можам скласці ўяўленне пра паэтаў характар, пра яго погляды на жанчын і пра адносіных з Клавай, якую ён сустрэў улетку 1915 года ў Старым Крыме. (,,,) Дзённік падрабязна расказвае пра іх інтымныя адносіны, і таму мы не маем права цытаваць тое, што пісалася для сябе, што з’яўляецца таямніцаю за сям’ю пячаткамі”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ