Спрэчкі пра прах Багдановіча



Якія спрэчкі ў 1990 і 1991 годзе кіпелі пра перанос парэшткаў Максіма Багдановіча ў Літаратурным музеі  Максіма Багдановіча ў Менску!

 Мастак Эдуард Агуновіч, аўтар мастацкай канцэпцыі музея, крычаў:

„Прах Багдановіча павінен быць перапахаваны там, дзе яму перарэзалі пупавіну”.

На яго думку, пасля перапахавання праха павінна адбыцца нешта надзвычайнае – замкнуцца сакральнае кола.

Эдуард Агуновіч называў магчымае месца перапахавання – цяперашні Востраў слёз.

Капліцу „афганцам” пачалі будаваць пазней – пасля таго,  як вясной 1994 года Кебіч закапаў на штучнай выспе капусулу з пасланнем нашчадкам.

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча навуковыя супрацоўнікі выступалі супраць пераносу парэшткаў.

Спрэчкі з мастаком былі вельмі гарачыя.

Ішло абмеркаванне і ў прэсе. 

І вясной 1991 года нам з Аленай Кісялевіч было даверана наісаць для Міністэрства культуры „аб’ектыўку” пра прах. Для гэтага Алена Кісялевіч спачатку пайшла ў бібліятэку – знайшла апісанне Уладзіміра Дубоўкі ў часопісе „Узвышша” – як знайшлі магілу Багдановіча ў 1924 годзе і ставілі помнік.

У 1924 годзе Iнбелкульт накiраваў у Ялту трох маладых паэтаў: Уладзiмiра Дубоўку, Анатоля Ажгiрэя i Андрэя Александровiча, якiя мусiлi адшукаць магiлу Багдановiча, каб да 10-ых угодкаў смерцi ўстанавiць на ёй помнiк. Працэс пошукаў апiсаны Дубоўкам у артыкуле “На Багдановiчавай магiле” (часопiс “Узвышша”, № 2, 1927).

 Паводле ўспамiнаў Уладзiмiра Дубоўкi, на гарадскiя ялцiнскiя могiлкi яны трапiлi 18 жнiўня 1924 года: “Зацiкавiлi вартаўнiковых сыноў, якiя ўзялiся дапамагаць шуканню. Прыйшлi на другi дзень, 19 жнiўня. Хлапчукi прынеслi нам таблiчку з жалобным надпiсам, але крыжа няма… Аказалася, хлапчукi адрывалi таблiчкi ад крыжоў i коўзалiся на iх з каменнай гары, па адхону гары. Цi варта вiнавацiць iх? Гэта было адзiнай забавай iх. Не пакрыўдзiўся б на iх i нябожчык, якi меў такое замiлаванне да маладога жыцця”.

 У траўні 1991 года мы паехалі ў Крым на Дні Беларускай культуры – павезлі выставу, а пасля засталіся на пару дзён, каб зверыць тое, што было ва ўспамінах Адама Багдановіча, артыкуле Дубоўкі і тым, што цяпер.

Артыкул пра магілу Максіма Багдановіча надрукавалі ў газеце „Курортный Крым” (асобнік павінен быць у фондах Літаратурнаг музея Максіма Багдановіча), 17 траўня 1991 года, а яшчэ быў артыкул ў газеце „Лім”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ