Стары архіў па Новы год



 І нечаканая радасць перад Новым годам – з’явіўся шанец запусціць у інфармацыйную прастору новыя-старыя фотаздымкі з важных для грамадства падзеяў 80-ых гадоў 20-га стагоддзя.

Гэта прыватны архіў, пра які сказаў яго ўладальнік і аўтар фотаздымкаў – археолаг Мікола Крывальцэвіч.

На фотаздымках – самыя першыя Дзяды 1987 года ў Купалаўскім скверы, дзе выступаюць Анатоль Сыс, Кася Камоцкая, Кастусь Тарасаў, Дзяды 1988 – першы брутальны разгон масавай акцыі ў Менску.

Ёсць таксама слайды з акцыяў ў абарону Верхняга горада – апошняе асабліва цікава, гэта былі паспяховыя дзеянні.

Кампанію ў абарону Верхняга гораду  варта вывучаць было бы ў межах „Дзеянні ў грамадскіх інтарэсах”, пакуль яшчэ жывыя ўдзельнікі і арганізатары. Досвед паспяховых дзеяняў у нас не такі багаты.

Дарэчы, менавіта на акцыі ў абарону Верхняга горада ўпершыню ў найноўшай гісторыі ў цэнтры Менска ў мегафон прагучала „Жыве Беларусь!” – пракрычаў паэт Анатоль Сыс, хаця першапачаткова дамаўляліся – „без палітыкі”.

Было тое ўсё яшчэ ў СССР – у краіне, якой няма і не будзе.

Пра машыну часу, відаць банальна, цяпер казаць, але, калі бачыш сябе на нявядомых здымках 30-ці гадовай даўніны і бачыш дэталі падзеяў, якія жывуць у памяці, але часам пацярпелі ад часу і фантазій, то як бы пераносішся ў той свет і час.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ