Страшная кніжніца



– Чытаць і пісаць кожны дурань можа, а шыць і вязаць ты ўмееш? – казала мне Надзея Міхайлаўна – наглядчыца ў Беларускай хатцы філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча на завулку Рабкораўскім у Менску.

– Ты „увалень”, табе на танцы трэба запісацца.

Лета 1991 год, мне 23 гады – часова замяняю калегу ў філіі музея Максіма Багдановіча, я лічу ўжо дні – калі вярнуся ў цэнтральны Музей на Траецкае прадмесце.

Я торгаюся, закрываю сшытак рукой.

Выходжу папаліць – угаворваю сябе, што навуковы супрацоўнік тут я – і я магу спыніць гэтыя размовы, калі захачу. Ці захачу? Ці здолею. Не, ні фіга, не здолею – я ж непрывабны ўвалень, які не ўмее шыць і вязаць. А Надзея Міхайлаўна прыносіць мне і паказвае свае фоты – удзел у самадзенасці ў далёкім расейскім гарнізоне, так яна там вясёлая і прывабная. Ёй 73 гады, яна пражыла шчаслівае жыццё з мужам-кэгбістам і рэальна была задаволеная сабой. У 73 гады была высокая з паходкай каралеўны. Я дапамагала ёй насіць прадукты дахаты пасля працы.

Наглядчыца распавядае мне, што я не такая, як трэба: „Жыві, як маладая дзяўчына, ты жывеш як старая. У маладых іншыя інтарэсы павінны быць”. 

Чаму я гэта слухала?  Верыла, што я рэальна страшная. 

Колькі гэтага было – „чытаеш кнігі, бо непрыгожая, а што ж табе яшчэ рабіць? Былы бы прыгожая і вясёлая, то зусім іншая справа знайшлася”.

Што мяне цешыць цяпер? Гэта старасць – якая насоваецца непазбежна, і я магу не думаць пра прывабнасць  уяўную і няўяўную. Радуе, што і ў старасці застануся з тым жа самым кніжным здабыткам, з тым, што мне падабалася летам 1991 года.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ