Сядзеў адзін студэнт у менскім СІЗА…



Падчас працы над фільмам “Убыл по приговору” актывісты кампаніі “Праваабароцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” паехалі ў Берлін да Алега Алкаева, які ў 1996-2001 гадах быў начальнікам СІЗА № 1 Мінска і кіраўніком расстрэльнай каманды.

Сярод усяго мы спыталі ў выканаўцы прысудаў пра судовыя памылкі.

Алег Алкаеў сказаў:  

«Судовая памылка адбываецца, калі па даносе, па нагаворы, без вывучэння абставін, выносіцца прысуд. Мы гэта перажылі ўсё. Гэта было падчас рэпрэсій 30-ых гадоў, калі наогул не даследваліся абставіны, і дастаткова было адной заявы, аднаго даноса, якія абсалютна не адпавядалі рэчаіснасці. Пра гэта добра напісаў Салжаніцын у “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, калі яны сядзелі са следчым і выдумлялі: шпіёнам якой краіны ён усё ж такі можа быць. І так нічога і не прыдумалі. Так ён застаўся шпіёнам, але без прыналежнасці да якой-небудзь дзяржавы. Вось гэта было ўжо злачынства, нават не судовая памылка. І следчыя і суддзі ведалі пра невінаватасць – абсалютна, але ў сілу традыцый, якія былі ў краіне, асуджалі. Гэта быў страх, канечне. Верагоднасць судовай памылкі, хаця і маленькая, але ёсць. Мы ведаем выпадкі ў ЗША, калі праз шмат гадоў на падставе аналізу ДНК, высветлілася, што чалавек не здзяйсняў злачынстваў. Як пазбегнуць судовай памылкі? Як ад яе быць застрахаваным? Не ведаю… Няма такога рэцэпту. Універсальнага закону яшчэ ніхто не прыдумаў. Таму тут прыхільнікі адмены смяротнага пакарання маюць рацыю. Пажыццёвае зняволенне –  гэта рэальная альтэрнатыва смяротнаму прысуду, каб чалавек быў застрахаваны ад судовай памылкі. Я яе не выключаю. Таму няхай жыве. Можа быць, прыйдзе час і разбяруцца. Псіхічны стан арыштаванага чалавека часам настолькі не адпавядае ніякай логіцы, што ён ад страху, ад перапалоху проста неадэкаватны. У асноўным жа – 90 працэнтаў па п’янцы злачынстваў здзяйсняецца. А пасля ён ўстае і сам не ведае, што ён зрабіў, ён раскайваецца і ў той жа час гаворыць усё, што заўгодна. А пасля вельмі цяжка гэта абвергнуць. Калі ён усё гэта замацаваў, ды яшчэ натрапіў на такога ўпартага міліцыянера, які з яго ўсё вытрас… Ён у стане стрэса дае паказанні, а пасля гаворыць: “Здаецца не так гэта ўсё было”. І самы абставіны гавораць, што “не так”. Сядзеў адзін студэнт у менскім следчым ізалятары, абвінавачваўся ў забойстве каханай жанчыны, якая была старэйшая за яго. Ён прыйшоў п’яны дамоў, яна ляжыць, ён яшчэ нешта выпіў… Заснуў. Прачынаецца і бачыць: ляжыць труп, ці то бутэлькай яна была забітая ці то чым. Ён сам выклікае міліцыю і кажа: “Я забіў чалавека”. Міліцыя асабліва не разбіралася. Ён сядзеў, ён шчыра верыў, што ён яе забіў. Раскаяўся. А праз дзён 15-20 затрымліваюць наркамана аднаго, які прызнаецца, што ён забіў жанчыну. Дзверы былі адчыненыя, жанчына спала, Студэнт таксама спаў. Наркаман пайшоў здымаць залацішка кішэннае з тумбачкі, яна вочы расплюшчыла, ён па галаве яе ўдарыў і забіў. Калі бы гэтага студэнта асудзілі ён бы нават не спрачаўся, ён кахаў яе і раскайваўся, што забіў. Наркамана прывезлі ў СІЗА, а студэнта вызвалілі. І  такія выпадкі я ведаў. Не часта, але яны былі. Калі чалавек па п’янцы альбо ў   стрэсе не разумее, што здзейсніў. Ясна, што альтэрнатыва смяротнаму пакаранню адна – пажыццёвае зняволенне”.

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ