Таямнічая лялька Цар Ірад



Лялька Цар Ірад – самы загадкавы прадмет у наборы рэчаў, у своесаблівым рэлікварыі, які паказвае маці галоўнаму герою рамана Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць” – Андрэю.

Лялька “цар Ірад” – адзіная рэч, якую прабабка героя, жонка пакаранага смерцю паўстанца 1863 года, павезла ў высылку Сібір і мела праз гэта дадатковы непрыемнасці.

Але навошта павезла і захоўвала?

Чаму менавіта Цар Ірад?

Чаму ён з’яўляецца напамінам пра родную зямлю? 

Адкуль узяўся?   

І дзе іншыя лялькі? 

Увесь астатні набор рэліквій зразумелы, акрамя цара Ірада:

“На коўдрачцы ляжаў нейкі пажаўцелы рукапіс, некалькі дагератыпаў і фотакартак, бронзавы медаль, батлеечная лялька – цар Ірад, жалезны пярсцёнак, яшчэ нейкія паперы, срэбны медальён. Адзін медаль быў “За ўціхаміранне”, другі інсургенцкі са зламаным крыжам і Пагоняй. Неяк дзіўна было браць іх у рукі.  Пацямнелыя сведкі даўніх страсцей, якія нікога зараз ужо не абыходзлі.

– А вось гэта добра, – сказала маці, трымаючы на руцэ распяленага “цара Ірада”, – гэта была адзіная рэч, якую твая прабабка павезла ў Сібір. Адзіны напамін аб роднай зямлі.

Ірад тапырыўся на яе руцэ, зласлівы з чорнымі вусамі, што амаль вылезлі, у выцвілай царскай вопратцы. Ён варушыў рукамі і схіляў галаву.

Яго ледзе не адабралі ў тваёй прабабкі. Нейкі дурань з чугуннымі мазгамі палічыў, што гэта антыдзяржаўны намёк.

Яна наблізіла Ірада да сябе і зараз глядзела яму проста ў шкляныя вочы. Ірад замахнуўся на яе рукой.

– Бач ты, які злосны, – маці раптам зусім па-маладому засмяялася. – Трэба будзе яго, Андрэйка, пасля мяне ў музей здаць. Разам з усім”.   

Раман Уладзіміра Караткевіча ”амаль што сентыментальны “Нельга забыць” упершыню з’явіўся пад назвай “Леаніды не вернуцца на зямлю” быў надрукаваны ў часопісе “Полымя” 1962 год, №5-6.

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ