Цьмяны рэферэндум-1996



Цяпер прыхільнікі смяротнага пакарання спасылаюцца на вынікі рэферэнндуму 1996 года, калі большасць прагаласавала „за” смяротнае пакаранне ў Беларусі. 

Прайшло больш за 20 гадоў і ўзнікае адчуванне: людзі забылі, што рэферэндум быў ўсё ж не пра смяротнае пакаранне, а пра змены ў Канстытуцыі, якія дазволілі працягнуць тэрмін прэзідэнцтва на няпэўна-бясконцы час.

Смяротнае пакарання, адно сярод сямі пытанняў рэферэндума,  адцягвала ўвагу ў выбаршчыкаў ад цьмяна сфармуляваных пунктаў, якія тычыліся зменаў у палітычнай сістэме.

І яшчэ: наколькі людзі ўсведамлялі, за што галасуць? 

Святлана Жук, маці расстралянага ў 2010 годзе Андрэя Жука:

– Калі быў рэферэндум, я нават не ведаю, за што я галасавала. Разумееце? Напэўна, калі чалавека не кране, ён гэтага ніколі не зразумее. Я да гэтага часу не магу ўспомніць: за што я галасавала? Ці то я за смяротнае пакаранне галасавала, ці то супраць. Разумееце? Па-першае, таму што я не разумела, што гэта настолькі жорстка, што целы не выдаюць бацькам, не гавораць месца пахавання. Для родных гэта вельмі, вельмі … я нават не ведаю, якім словам гэта назваць. Разумееце?

Алег Алкаеў, былы начальнік СІЗА№1 распавядаў нам пра тое, як у турме на Валадарскага паведамлялі пра расстрэл.

Ніхто не казаў гэтага слвоа “расстрэл”, яго замянялі канцылярызмам савецкай эпохі “Убыл по приговору”:  

– Гэта было самае цяжкае ў маёй працы. Гэта быў сапраўды стрэс, калі прыходзіць маці, падае, б’ецца галавой аб падлогу, валасы рве, Вось гэта было. Гэта было ўсё. У нас усё ўцякалі. І да мяне прыходзяць сваякі, я кажу: –  Што вам сказалі на даведцы?

– „Убыл по приговору”.

Я кажу:

– Я вам паўтараю тое самае.

– Куды “убыл”?

Я кажу:

– Не ведаю”.

І ніхто вам там нічога не скажа і не пакажа”.

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ