Я памятаю Дзяды 1988 года



Памятаю Дзяды 30 кастрычніка 1988 года, як напярэдадні ляпіла абвесткі на слупах на Кастрычнцікай і каля стадыёна „Дынама”. 

У абвестцы было напісана: 

Увага! Увага! Увага!

Таварыства маладых літаратараў пры СП БССР “Тутэйшыя” 30 кастрычніка (нядзеля), у 14 гадзін ладзіць Дзень памяці продкаў, мітынг памяці продкаў. 

Ляпіла гумовым клеем у металёвым цюбіку, з-пад рукава ў мэтах канспірацыі.

Рукавы ангельскага палітона, прывезенага татам з Чэхаславаччыны, дзе ён тады выкладаў у Карлавым універсітэце, былі сапсаваныя ўшчэнт.

Памятаю, як выйшлі з метро Усход і пабачылі натоўп людзей з кветкамі і добра апранутых, якія рушылі ў бок Маскоўскіх могілак.

Памятаю, як Алеся Бяляцкага круцілі-затрымлівалі на скрыжаванні вуліцы Каліноўскага і праспекта Леніна.

Першы раз бачыла затрыманне па палітычных матывах.

Мы кінуліся да міліцэйскай машыны і пабачылі на вачах Бяляцкага слёзы.

Мы падумалі, што гэта ад таго, што яго збілі, бо не ведалі тады, што быў скарыстаны слезацечны газ.

Памятаю цісканіну каля Маскоўскіх могілках, як у жах успомніла пра Хадынку і пахаванне Сталіна. Мы з аднагрупніцай з Моталя Аленай Кульбедай схапіліся адна за адну, каб не зваліцца пад ногі натоўпу.

І тут жа пабачылі вадамёты.

Нешта паляцела над натоўпам, падобнае на ляльку і пачуўся крык „Правакацыя!”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ