Згушчонка



6 верасня з мамай былі ў Рагачове, ездзілі глядзець славуты і натхняльны дом сваякоў Уладзіміра Караткевіча, Андрэй Чарняўскі арганізаваў нам цудоўна-непаўторную экскурсію па мясцінах Уладзіміра Караткевіча. У той дзень стаялі у Рагачове на высокім беразе Дняпра, недалёка ад дома дзеда Караткевіча – на гэтым месцы быў зроблены фотаздымак Караткевіча з біноклем, а побач яго дзядзька Ігар.

Гаварылі пра дом, куды любіў прыязджаць Караткевіч, і пра гэтае месца, якое ён таксама любіў.

І раптам нехта з берагу Дняпра закрычаў „Жыве Беларусь!”

Выязджалі з Рагачова на электрычцы ў 19.57 да Жлобіна, пачалі аб’яўляць па-беларуску прыбыццё электрыцы, і раптам ў тэкст аб’явы ўварваліся гукі „Перамен” Цоя на ўсю станцыю, пасля абвестку па-руску і зноў – „Перамен”. А пасля такое: „Сотрудніков міліцыі просім подойті в (радыё рубку ці нешта такое). Што гэта было і чым скончылася, не ведаю, электрычка стаіць нядоўга – мы паехалі.

Калі вярнуліся, пісьменнік Уладзімір Арлоў спытаў у мяне, ці бачыла я помнік рагачоўскай згушчонцы.

– Не, не захацела глядзець помнік, бо там з “яцем” слов Рагачоў на бляшацы напісана. У 1937 годзе, калі гэты завод адчынялі, за такі “яць” расстралялі бы. Але бляшанку згушчоку набылі ў той дзень у Рагачове.

І ўзгадалася гісторыя  савецкіх часоў.

Летам 1978 году мы з татам паехалі на яго Радзіму – Паўночны Каўказ.

Тады згушчонка была дэфіцытам, а там кулы мы ехалі, яе ўсе любілі.

У Менску мы закупілі згушчонку – цэлую сетку ячэістую такую, селі ў цягнік Менск-Кіславодск і паехалі.

У Есентуках  выйшлі, нам трэба было яшчэ дабірацца да станіцы Сувораўская. На аўтавакзале ў Есентуках нейкі чалавек заўважыўшы цэлую сетку згушчонкі пачаў крычаць:

Где вы столько сгущёнки набрали?

– В Беларуси!

– Так вот, где вся НАША сгущёнка! – закрычаў той чалавек.

А тата адказаў на павышаных танах:

– Её там ДЕЛАЮТ!

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ