Знайсці сябе ў архівах



20 сакавіка 2019 сустрэла ў Вільні даследчыка Анатоля Сідарэвіча, ён працуе ў Вільні з газетамі міжваеннага перыяду, якіх няма ў Менску.

Пагаварылі пра архіўныя дакументы, пра тое, як яны знікаюць бывае.

А часам – вяртаюцца амаль з нябыту.

Неверагодныя гісторыі – як дакумент, дзённік і сведчанне можа знікнуць і зноў з’явіцца, а можа знікнуць назаўжды, праз нядбайнасць, альбо праз чалавека, які хоча схаваць праўду. 

Згадалі і пра архіў Таварыства маладых літаратараў „Тутэйшыя”, які неверагодным чынам знік у Музеі Гісторыі Беларускай літаратуры ў Менску. 

Ды што тут казаць – страшна бывае зазірнуць у свае ўласныя дзённікі і лісты.

Пачала пісаць успаміны пра Літаратурны музей Максіма Багдановіча – глянеш на сшытак з дзённікавымі запісамі за 1990 год – і ніякавата. 

Возьмеш канверт з лістом, напісаным  ўласнай рукой, канверт ускрыты ўжо даўно, а чытаць саму сябе з мінулага – няёмка.

Летам 1992 года тры супрацоўніцы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча сабраліся з Менску ў Вільню: Вера Мікута, Таня Равяка і я.

Камандыроўка тычылася стварэння экспазіцыі ў вёсцы Ракуцёўшчыне, дзе па запрашэнні братоў Луцкевічаў правёў лета 1911 года Максім Багдановіч. 

У Вільні трэба было сустрэцца з Лявонам Антонавічам Луцкевічам. Запісаць і удакладніць дэталі сядзібы – на падставе гэтых успамінаў пасля быў напісаны артыкул „Шлях да Ракуцёўшчыны”. Наведаць віленскіх беларусаў.

Для Веры Мікуты – навуковай супрацоўніцы, якая так шмат зрабіла для музея, што і вымераць цяжка, вандроўка была развітаннем з Вільняй. Вера страціла зрок і ўжо збіралася звальняцца з музея і – у манастыр у Полацк.

Пайшла я ў бухгалтэрыю ў Аб’яднанне Літаратурных музеяў за камандыровачнымі. А там бухгалтарка, яна увесь час тапкі вязала – прыгожыя,  кажа мне: „Это же надо, чтобы музей в деревушке какой-то открыть – аж три человека в столицу соседнего государства едет”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ