Ахвяры плану



На мінулым тыдні слаўны беларускі горад Барысаў прагучаў не толькі сваім футбольным БАТЭ. Мясцовыя праваахоўныя органы раскрылі “злачынства”, якое мела проста фантасмагарычны і сапраўды гратэскавы характар. Вось кароткі пераказ гэтай трагікамічнай гісторыі. Чыгуначны ахоўнік з Барысава падрабляў афіцыйныя пастановы на адпаведных бланках, у якіх выпісваў прыдуманыя штрафы. Прыкладам, за пераход чыгуначных рэек у недазволеным месцы. Калі вы падумалі, што гэтую дробную афёру 55-гадовы мужчына ажыццяўляў з мэтай матэрыяльнай нажывы, то моцна памыляецеся. Выпісаныя фіктыўныя штрафы ахоўнік сам жа і…аплачваў. А прычына такой неадэкватнасці палягае ў тым, што кожнай службовай асобе ў абавязковым “парадку” даведзены адпаведны план па колькасці зафіксаваных правапарушэнняў. Незалежна ад таго, колькі было такіх правапарушэнняў і ці былі яны ўвогуле. Цяпер небараку ахоўніка, хоць ён ні ў каго не ўкраў ні капейкі, чакае суд і дастаткова жорсткае пакаранне. Вынаходлівага службоўца могуць пакараць нават двума гадамі турмы ўмоўна. Пішуць, што ўжо былі падобныя прэцэдэнты. Таму што яго вялікасць План яшчэ з савецкага часу, заўсёды вышэй і важней за лёс маленькага чалавека, які гэты план абавязаны выканаць і нават перавыканаць. Прычым кожнай цаной. Узгадайце хрэстаматыйнае і абсурднае “Даеш пяцігодку за чатыры гады!”. Зразумела, што ўсе гэтыя планы і разлікі на пяцігодкі былі фальшывымі, рапарты і справаздачы яшчэ больш падманнымі, але ж савецкі шчаслівы народ абавязаны быў свята верыць у іх, а таксама ў тое, што мы дагонім і перагонім Амерыку.

Такія сама планы па выкрывальнасці злачынстваў і правапарушэнняў даведзены ўсім сілавым структурам, падаткава-фіскальным і многім іншым кантрольным органам. Прыкладам, калі ты насамрэч добры ўчастковы міліцыянт і на тваёй тэрыторыі зусім мала правапарушэнняў, то гэта не азначае тваю добрую прафілактычную папераджальную працу. Наадварот, начальства за такую малую колькасць зафіксаваных правапарушэнняў дасць спярша моцнага прачуханца, а далей пойдуць яшчэ службовыя і штрафныя спагнанні. Ведаю асабіста некалькіх людзей, якія папросту не змаглі працаваць у такой дзікай і заганнай сістэме планавасці і звольніліся з міліцыі, ня ў змозе выконваць штучныя і абсурдныя планы, фабрыкаваць цэлы час фальшывыя пратаколы.

“Планы партыі – планы народу” – яшчэ адзін лозунг, добра памятны тым, хто жыў у савецкі час. Уладныя кланы вельмі любяць трактаваць свае інтарэсы як штодзённы клопат пра людзей і асабліва пра будучыню гэтых людзей. Гэтая “светлая будучыня” – як вечны міраж, прывід для адурманьвання тых, хто сёння сваёй рабскай сляпой працай гатовы ўмацоўваць непахіснасць і непагрэшнасць “слугаў народа”. Таму планавасцю павінны быць прасякнуты ўсе сферы жыцця. Але прыходзіць час, калі планавыя лічбы даходзяць ужо да поўнага абсурду. Калі за адзін за адным здараецца пшык. Асабліва часта гэта бывае ў эканоміцы, дзе нельга бясконца самападманвацца. Тады бальшавікі, якія і сёння кіруюць у Рэспубліцы Беларусь, шукаюць вінаватых. Такія вінаватыя ў іх звычайна прырода і нібыта сабатажнікі, “вредители”. Ва ўспамінах беларускага эмігранта Алеся Алехніка вычытаў днямі цікавую згадку: “Самым распаўсюджаным “апраўданьнем” (у бальшавікоў) была “засуха”, і я сам чуў, як палітрук (Кірэйчык) аднойчы сказаў маме: “Вот, чёрт побери, куда бы мы не пришли – везде начинается засуха!”. А калі няўдачы эканомікі ўжо ніяк не спішаш на “засуху”, тады ідзе пошук “ворагаў народу”, паўстаюць адпаведныя планы – па раскулачванні, эскпрапрыяцыі, высылках, перасяленнях, зняволеннях і ўрэшце расстрэлах.    

“Ці ёсць у вас план, містар Фікс?” – перыядычна пытаў герой папулярнага анімацыйнага серыялу. У айчынных чыноўнікаў ёсць багата разнастайных планаў. Толькі вось бальшыня з іх зусім не эфектыўная, а хутчэй фікцыйная. “А дзе вашы графікі?” – запытваўся адзін бюракрат-персанаж з парадыйнай кінастужкі “Фантан” у адной з сваіх падначаленых?” – “Якія графікі?”, – недаўменна перапытвала тая. – “Вось і падумайце, якія. Гэта ж так цікава!”.

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ