Чырвоны дзень ці ганебная дата



Рэспубліка Беларусь зноў на афіцыйным дзяржаўным роўні адзначыла чарговыя ўгодкі “Великого Октября” – гадавіну чужога бальшавіцкага перавароту ў чужой для нас суседняй краіне. І хоць паводле ўказу кіраўніка Беларусі з 1998 года гэта нібыта ўжо не дзяржаўнае свята, а “агульнарэспубліканскі святочны дзень”, пачуццё непрымальнасці і агіды ў кожнага з людзей, хто хоць крыху ведае гісторыю, застаецца. Тым больш, нават у Расеі гэты “красный день календаря” перайначылі і назвалі “днём адзінства”.

Для звычайнага працоўнага чалавека лішні выходны дзень канешне ў радасць. Для школьніка дадатковыя вольныя суткі ў дадатак да канікул, якія прыпадаюць якраз на першы тыдзень лістапада, яшчэ большае задавальненне. Але даўно зразумела, што амаль ніхто ніякіх угодкаў чужынскай сацыялістычнай рэвалюцыі не святкуе. На плошчы вялікіх гарадоў да помнікаў Леніну яшчэ выходзяць дзясяткі (дзякуй Богу, што ўжо не тысячы і нават не соткі) вурдалакаў, якія валакуць чырвоныя гваздзікі да пастаментаў свайму крываваму ідалу. Гэта прамыя і духовыя нашчадкі былых энкавэдыстаў і тыя артадаксальныя камуністы, якія так і не выйшлі праз дзесяцігоддзі з дурману бальшавіцкай прапаганды. Гэтай “эліце” нашага грамадства ўладай дазволена ўсё – яны могуць выходзіць без усялякіх заявак і дазволаў на кожную плошчу, у кожнае месца і насіць з сабой якія заўгодна транспаранты і сцягі. Гэтыя, так званыя “ветэраны”, як яны любяць сябе называць, цягаюць з сабой сцягі Савецкага саюзу і істэрычна настальгуюць па “великой стране, которую мы потеряли”. Хай бы сабе хадзілі гэтыя персанажы як экзоты і дэманстравалі ўсім сваю вампірскую сутнасць, асабіста я – за свабоду выяўлення думак і поглядаў, калі яны не супярэчаць заканадаўству. Нібыта і Канстытуцыя гэта дазваляе. Быў бы гэткі постасавецкі камуністычны кастрычніцкі Хэлоўін. Але калі да помнікаў сваім героям выходзяць беларусы з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі – тут дзеянне той сама Канстытуцыі адразу заканчваецца. І вось ужо маем чарговыя пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні за Дзень памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы. З савецкім чырвоным сцягам можна ўсюды, з беларускім нацыянальным – нельга нідзе. Так дзяржава, якая ўжо даўно нагадвае феадальную манархію, ясна абазначае сваё стаўленне да заканадаўства і да патрыётаў – ёсць роўныя перад законам, а ёсць намнога раўнейшыя.

Трагікамічная гісторыя адбылася ў гэты дзень 7 лістапада ў Гародні. Двое грамадскіх актывістаў – Мікалай Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў выйшлі на плошчу Леніна з плакатам “Долой самодержавие!” (“Далоў самаўладдзе!”). Здавалася куды ж больш адпаведны лозунг ідэалам бальшавіцкай рэвалюцыі стогадовай даўніны!? Але ж, што дазволена быку, не дазволена індыку! Пільныя і мужныя ахоўнікі правапарадку адразу скруцілі двух удзельнікаў палітычнага перформансу і завезлі іх у пастарунак – пакаранне за такі лозунг непазбежнае – арышт ці вялізныя штрафы.

Сама далей у фармуляванні ідэалогіі “Велікава Акцябра” пайшоў, канешне, галоўны ідэолаг дзяржавы, ён жа галоўны эканаміст, хакеіст і яшчэ многа хто ў гэтай краіне. Гэты пераўзышоў нават самога сябе, дагаварыўся да таго, што, аказваецца “Октябрьская революция – это праздник мира и прав человека”. Тут, як кажуць, можна ўжо апускаць тэатральную заслону. Спектакль татальнага ідэалагічнага абсурду і павінен заканчвацца такім апафеозам. Наеліся беларусы ў дваццатым стагоддзі такога міру і такіх правоў, якія прынеслі камуністы на некалькі вякоў наперад.

Таму нічога дзіўнага, што на зварот грамадскасці з прапановай перанесці выходны дзень з ненатуральнага 7 лістапада на Дзяды – 2-га лістапада, як гэта было ў “дарэформеннай” Беларусі, дзяржаўныя чыноўнікі адказалі адмовай. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны лічыць, што “Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная Рэвалюцыя” вызваліла працоўных ад эксплуатацыі і прыгнёту, зацвердзіла раўнапраўе і сацыяльную справядлівасць. Вось так…    

Уладзімір Хільмановіч   

  

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ