Канфіскат



Ёсць у свеце рэчы адназначна станоўчыя і радасныя, ёсць супярэчлівыя і складаныя, якія не паддаюцца адназначнай ацэнцы і ўспрыманню. А ёсць абсалютна негатыўныя, якія і абмеркавання не патрабавалі б, каб не пэўныя акалічнасці. Ледзь ні паўгорада над Нёманам на мінулым тыдні заклеілі рэкламнымі ўлёткамі. Даўно не даводзілася бачыць настолькі навязлівай рэкламы. Найменне тавару, каб не рабіць дадаткова тут прамоцыі,  называць не буду, галоўнае не ў гэтым. А ў тым, што гэта так званы канфіскат. Гэтае слова на лістоўцы вылучана чырвоным колерам. Вылучана як сінонім халяўнага і танна дасягальнага. Пададзены таксама адрас, дзе будзе прадавацца за паўцаны, ці нават танней, тавар, які забралі ў нейкай фірмы ці індывідуальнага прадпрымальніка. Не сумнявайцеся, што ніякая інспекцыя, ніякая міліцыя, не будуць шукаць тых, хто незаконна расклеіў столькі абвестак. У іх усё “пад дахам”. А зніжаныя ў палову цэны ад рэальнага кошту сапраўды прыцягнуць прагных да “халявы” пакупнікоў, тут можаце не сумнявацца. У Гародні нават адмысловая крама адчынена, дзе прадаюць толькі канфіскаванае. Наведваюць яе канешне людзі асобага складу.

Гэта ва ўсім свеце канфіскаваны, а значыць незаконна перамешчаны ці ўвезены ў краіну, тавар падлягае знішчэнню, так робіцца з усім асартыментам, уключаючы цыгарэты і алкагольныя напоі. У Беларусі ж зусім не так – канфіскаванае хіба ніколі не знішчаецца (прынамсі, я пра гэта не чуў), а пускаецца ў продаж. Пры тым прадае канфіскаванае не абы хто. Зразумела, што гэта робіць дзяржава ці фактычна нейкія яе гаспадарчыя структуры. Сама дзяржава не ўмее – ні забяспечваць людзей годнай працай з належным заробкам, ні ўладкоўваць новыя працоўныя месцы, ні прыцягваць інвестыцыі з розных краінаў, ні ствараць спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу. А вось штрафаваць, абкладаць і душыць падаткамі, канфіскоўваць – гэта яе стыхія. Адсюль і розныя дэкрэты “аб дармаедах”, адсюль і мноства адміністрацыйных і крымінальных спраў, датычных парушэнняў мытнага, падатковага і іншага заканадаўства, якое мае найперш карны характар.

Асабіста я не купіў у сваім жыцці аніводнай канфіскаванай рэчы. І таму, што такія прадметы маюць асаблівую адмоўную энергетыку. І найперш таму, што ведаю сутнасць гэтай дзяржавы, якая пад выглядам законнасці, найчасцей проста цынічна забірае напрацаванае “потам і крывёй” тымі ж прадпрымальнікамі. Перад тым, стварыўшы тым прадпрымальнікам не проста цяжкія, а нават невыканальныя ўмовы вядзення бізнесу, фактычна змушаючы іх нешта парушаць і абыходзіць у розны спосаб штучныя перашкоды. Замест таго, каб увесці простыя правілы і рэальныя падаткі.

Расейскія бальшавікі былі надзвычай вынаходлівымі ў розных эўфемізмах. Гэта былі сапраўдныя майстры слоўнай эквілібрыстыкі. “Продразвёрстка”, “экспроприация”, “продналог”, “раскулачивание”, “национализация” – гэта толькі частка тэрмінаў, якія абазначалі па-сутнасці адно – бязлітаснае рабаванне народу, гвалтоўнае забіранне чужога. Пры тым саветы стваралі такую сістэму, якая заахвочвала даносы і паклёпы. Насельніцтва было ўцягнутае ў гэты працэс напоўніцу, даносчыкам часта перападала нешта з канфіскаванай маёмасці ахвяраў. Такім чынам улада інспіравала, стымулявала і культывавала ў людзях найгоршыя якасці, заахвочвала цёмныя праявы іх характару. Цяперашняя ўлада РБ – такая ж сама паводле сваёй прыроды і сутнасці. Нездарма Савецкі саюз сённяшнімі прапагандыстамі ўсюды называецца “великой страной”, а з падручнікаў па гісторыі знікла праўда пра злачынны, антычалавечы сталінскі рэжым. Невыпадкова, што і на ўлётцы рэкламы канфіскату, пра якую згадана вышэй, выява жанчыны менавіта ў савецкім стылі. Новы час, новыя шыльды, новыя асобы, а стыль той сама. Амаль і тая ж сама рыторыка, культывацыя стукачоў і даносчыкаў.

Не хадзіце ў крамы канфіскату. І тым больш нічога там не купляйце!  

Уладзімір Хільмановіч   

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ