Харызма і крах



Усе планы адных і прагнозы іншых наконт ціхай хады прэзідэнцкіх “выбараў” у Беларусі і чарговага спакойнага пераафармлення неабмежаванай нічым улады “вечнага гаранта стабільнасці” рухнулі. Ні то пандэмія каронавірусу, ні то нарастаючая актыўнасць зоркі па імені Сонца, якую фіксуюць навукоўцы-астраномы, ні то накопленая за дзесяцігоддзі нейкая іншая энергія, а хутчэй, усё разам – зблыталі мечаныя карты палітычным шулерам. Беларускі народ нечакана для многіх пайшоў на плошчу. Пайшоў выказаць свой пратэст Аляксандру Лукашэнку і яго бліжэйшаму атачэнню. За 26 гадоў свайго кіравання ён настолькі стаміў, абрыд, і як кажуць “дастаў” людзей, што тыя гатовыя прагаласаваць за каго заўгодна, толькі не за былога куміра народных масаў, уся прывабнасць якога засталася далёка ззаду, у мінулым стагоддзі.

Класік літаратуры неяк казаў: тут зямля такая, што калі пасадзіць аглоблю, то неўзабаве вырасце тарантас. Перафразуючы яго, можна смела сцвярджаць, што калі сёння ў выбарчы бюлетэнь надрукаваць прозвішчы Лукашэнкі і нават зусім новага невядомага чалавека, які выступіць супраць яго, цяперашні кіраўнік дзяржавы з трэскам прайграе. Цяпер ужо не толькі сацыялагічныя апытанні, якія даюць яму не больш 10% падтрымкі, але і цэнтральныя плошчы розных беларускіх гарадоў, нават невялікіх раённых, яскрава паказваюць гэты недавер. Яшчэ паўгода таму гэтыя людзі стаялі ў кіламетровых чэргах на мяжы, таўкліся ў літоўскіх і польскіх супермаркетах, на беларускіх рынках. Зараз гэтыя сама людзі, пераважна маладыя, стаяць па дзве-тры гадзіны на плошчах, каб падпісацца за вылучэнне Святланы Ціханоўскай, пра якую месяц таму ніхто не чуў. Яны стаяць цярпліва нават у дождж, стаяць у масках у час эпідэміі, каб выказаць свой пратэст канчаткова збанкрутаваўшаму “адзінаму палітыку” у гэтай краіне.

Аляксандра Лукашэнку не праз тэлевізар я бачыў толькі адзін раз – у тым самым далёкім 1994 годзе, калі ён вёў перадвыбарчую агітацыю на першых і фактычна апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Ён выступаў з балкону гарадзенскага Палацу тэкстыльшчыкаў, а людзей, пераважна сталага і пенсійнага веку, нейкай магутнай хваляй энергетыкі літаральна трэсла як на сеансе масавага псіхалагічнага гіпнозу. Тады стала зразумела, што гэтая асоба мае магутную харызму і ўплыў на глыбінныя інстынкты народных масаў. Таму і прагаласавала тады за яго бальшыня выбарцаў. Хоць для людзей несавецкіх паводле светагляду ўжо тады была яскрава зразумелая сутнасць гэтага палітыка. Але, як выяўляецца, нічога, нават харызма, не бывае вечным. Ад былой даўняй папулярнасці старога альфа-самца не засталося і следу. Зараз на той сама плошчы ў Гародні можна ўбачыць зусім іншы народ, новае пакаленне, пераважна гэта людзі ад 25 да 40 гадоў, якія стаяць гадзінамі, каб выказаць свой недавер цяперашняй уладзе. Бачыць гэта ўсё і палахлівая наменклатура, гатовая здрадзіць свайму патрону пры першай яго слабасці. Усе бачаць і крах урадавай прапаганды. Праўдападобна незалежны інтэрнэт і халадзільнік урэшце перамагаюць уладны тэлевізар.

А тым больш сярод знешне інтэлігентных наменклатурных кандыдатаў у прэтэндэнты і некалькіх палітычных фрыкаў, на авансцэне з’явіўся чалавек таксама з відавочнай харызмай. Гэта блогер Сяргей Ціханоўскі, якога пасадзілі за краты і не далі нават зарэгістраваць ініцыятыўную групу, тады дакументы на сваю рэгістрацыю падала яго жонка. За яе вылучэнне, ды і за іншых прэтэндэнтаў падпісваюцца так актыўна, што гэта немагчыма не заўважыць. Тым часам як улада баіцца выстаўляць публічныя пікеты за Лукашэнку, іх няма ўвогуле! За яго людзей адміністрацыя прымушае падпісвацца ў працоўных калектывах.

У такой сітуацыі ўлада зноў робіць стаўку на сілавыя метады і звыклую “дубіну”. Толькі цяпер яна не чакае нават дня галасавання, як у 2010 годзе, баіцца чакаць, каб сітуацыя не выйшла з-пад кантролю. Ужо зроблена правакацыя супраць Ціханоўскага і яго паплечнікаў у Гародні і пачатая крымінальная справа нібыта за збіццё міліцыянта. У розных гарадах ідуць затрыманні. Падобна на тое, што рэпрэсіі будуць толькі нарастаць.

Уладзімір Хільмановіч       

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ