Лёс паэтаў



За заслонай сусветнай карупцыі і прадажнай рэал-палітык, за тупой маскоўскай агрэсіяй і нянавісцю крамлёўскай прапаганды, за псеўдавыбарамі ў Беларусі, ад якіх цягне на ваніты, хочацца паразважаць пра нешта больш вечнае. А менавіта пра паэтаў. Лёс паэтаў ніколі не быў просты – гэта асаблівая дарога, фатальнасць, наканаванасць. Напэўна гэта з кожным чалавекам, але лёс паэтаў – заўсёды больш наглядная ілюстрацыя нашага быцця на гэтай зямлі.

Сама яскравы прыклад – найвялікшы талент у гісторыі беларускай паэзіі Максім Багдановіч, якому Бог адвёў толькі 25 гадоў. Ад сухотаў і тыфусу тады згаралі многія. Алаіза Пашкевіч памерла ў 40 гадоў, а Паўлюк Трус, як і Багдановіч у 25-ць. Не цяжка, аднак, уявіць, што было б з вялікім Максімам ды іншымі, каб яны пажылі яшчэ гадоў пятнаццаць-дваццаць. Ягы былі б дакладна знішчаны антычалавечым сталінскім рэжымам. Як бязлітасна былі закатаваныя, забітыя сотні іншых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў у засценках НКВД і сібірскіх лагерах. Пясняр Вільні і рэдкі талент Уладзімір Жылка, не вытрымаўшы пераследу і здзекаў, памёр у ссылцы у 1933-ім, маючы няпоўныя 33 гады. Полацкі паэт Мікола Гваздоў загінуў у савецкім канцлагеры пад Варкутой каля 1937-га. У 1938-ым у лагеры загінуў паэт і драматург Леапольд Родзевіч, у перасыльным пункце памёр Міхась Багун. У зняволенні ў снежні 1939-га не стала Макара Краўцова. У 1940-ым у савецкім канцлагеры пад каменнымі глыбамі загінуў Уладзімір Хадыка. У 1942-ім на лесапавале загінуў Сяргей Ракіта. У 1943-ым у савецкім канцлагеры загінуў Сяргей Дарожны. Змітрок Астапенка, беларускі паэт і перакладчык у пачатку другой сусветнай вайны ўцёк з лагеру на фронт, але загінуў у баі ў Карпатах у кастрычніку 1944-га. Тут ужо сапраўды фатум і непазбежнасць. Але на розных франтах загінулі адзінкі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. А вось так званымі “сваімі” у засценках НКВД (гэтую жудасную абрэвіятуру нельга перакладаць з рускай на іншыя мовы) былі расстраляныя дзесяткі. Сяргей Астрэйка, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Алесь Салагуб, Юлі Таўбін, Валеры Маракоў, Юрка Лявонны, Анатоль Дзяркач, Янка Туміловіч, Міхась Чарот… Адзін пералік прозвішчаў заняў бы тут цэлую старонку. Для параўнання – гітлераўскімі фашыстамі быў расстраляны адзін беларускі паэт – Алесь Дубровіч, сталіністы ж вынішчылі практычна цэлую генерацыю.

Уладзімір Дубоўка выжыў ва ўмовах, калі яго кідалі з ссылкі ў ссылку, але ажно 27 гадоў быў пазбаўлены магчымасці пісаць, а пасля быў змушаны да канца жыцця асцерагацца ўсяго. Янку Купалу скінулі ў пралёт лесвіцы ў Маскве, факт забойства Песняра энкавэдыстамі фактычна даказаны. Якуб Колас неяк ацалеў і нават перажыў Сталіна, але да канца сваіх дзён мусіў прыстасоўвацца пад савецкі рэжым. А вось Ларыса Геніюш ніколі не падладжвалася пад акупантаў, таму і стала сапраўдным гонарам нацыі.

Паэтам было ня проста і раней. Аднаго з пачынальнікаў нашай літаратуры Альгерда Абуховіча за тое, што хацеў раздаць зямлю сялянам, сваякі хацелі абвесціць вар’ятам. Сяргея Палуяна родныя, але не блізкія, давялі да самагубства ў дзевятнаццаць гадоў. Найбольш шчасліва склаўся лёс сучасніка Абуховіча – нашага класіка Францішка Багушэвіча – паэт змагаўся са зброяй за вольнасць, навучаў дзяцей, бараніў людзей як адвакат, меў сваю сям’ю і гняздо, садзіў дрэвы, працаваў на зямлі. Быў годна і з вялікай павагай праведзены ў апошні зямны шлях, і нават годна ўшанаваны сёння. Але гэта нейкі выключны лёс.

А вось сучасныя паэты, звязаныя юным лёсам з Гародняй – Андрэй Пяткевіч, Едрусь Мазько, Юры Гумянюк, Ян Збажына. Усе адышлі заўчасна, кожны з сваёй трагедыяй, надломам, раздвоенасцю асобы. Трагічнай была канцоўка жыцця найбольшага паэтычнага талента нашага часу Анатоля Сыса.

Ды ўсё ж нараджае наша зямля новае пакаленне паэтаў. Бо пакуль жыве беларускае паэтычнае слова – жыве і Беларусь.

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ