Людзі і смецце



У Маскве гараджанаў паводле класіка літаратуры Міхаіла Булгакава сапсавала кватэрнае пытанне. Апошнія паўгода ў расейскай сталіцы разгарнулася сапраўдная вайна вакол зносу старых дамоў забудовы часу Хрушчова і ранейшых – іх у народзе трапна называюць “хрушчобы”. Бальшыні насельнікаў пляваць на нейкія палітычныя працэсы, на грамадзянскія правы і свабоды, але што датычыць іхнага “курачніка” – тут іх лепш не чапаць. У выніку стыхійных пратэстаў у Маскве ўлады пайшлі нават на перамовы з жыхарамі і нейкія саступкі. Галоўнай мэты тамтэйшая ўлада, можна сказаць, паспяхова дамаглася. А паралельна яшчэ некалькіх. Прыкладам, выпусцілі такім чынам пару незадавальнення, перавялі стрэлкі ад асноўных праблемаў грамадства і дзяржавы.

У Гародні жарсці разгарэліся вакол іншай бытавухі, даруйце ўжо за гэты слэнг. Дадумаліся раптам (хоць насамрэч зусім не знянацку, а з дакладнай сваёй мэтай) гарадзенскія ўлады ўпарадкаваць працэс сартавання і вывазу гарадскога смецця. Лішне напэўна казаць, але ўсё ж заўважу, што з людзьмі ніхто раіцца і не збіраўся. Сутнасць новых уводзінаў простая: старыя смеццяводы ліквідаваць зусім, а ўсталяваць у дварах непадалёк дамоў абсалютна новыя кантэйнеры на новых пляцоўках для асобных відаў смецця – для шкла, для пластыку, для паперы, ну і агульныя.

Асабіста я дзвюма рукамі за такое раздзельнае, як і ва ўсім цывілізаваным свеце, сартаванне смецця. Да ўсяго гадамі многія гарадзенцы не маглі спакойна спаць, паколькі кожную раніцу, нават у выходныя дні, учэпістыя двухжыльныя дворнікі з страшным грукатам выкочвалі пад па’ездам па асфальце старыя масіўныя кантэйнеры. Нібы кожную раніцу да твайго дома пад’язджаюць танкі. А гэтыя смярдзючыя кантэйнеры заміналі і машынам і пешаходам на ходніках. Вецер разносіў з іх паперы і іншае смецце па ўсім наваколлі дамоў, істотна дадаючы бедным дворнікам работы. Словам, плюсоў ад новага падыходу да сартавання і вывазу смецця намнога больш, чым мінусаў.

Але я катэгарычна супраць такога стаўлення да людзей. Здавалася б, якая праблема, правядзіце сходы ў жыллёва-будаўнічых кааператывах, агульныя сходы насельнікаў асобных пад’ездаў дамоў з прысутнасцю прадстаўнікоў сацыяльных і камунальных службаў. Растлумачце ўсё спакойна і дэталёва, арганізуйце дапамогу старым людзям, якім зараз цяжка стала выносіць смецце да аддаленых смеццевых кантэйнераў. А некаторыя зусім не могуць гэтага зрабіць фізічна. Нават гэтакае маленькае самакіраванне арганізаваць можна. Але не туды тое – улады махнулі нават на свой пастаянны “лехтарат” – маю на ўвазе тых жа бедных і састарэлых людзей. І справа тут не столькі ў тым, што ім – уладным структурам – карціць хутчэй рэалізаваць вялікі праект. І не ў тым, што на гэтых сходах людзі маглі задаваць натуральныя нязручныя пытанні – прыкладам, а як жа з тымі ранейшымі выгодамі смеццеводаў, кошт якіх быў улічаны ад пачатку пры будаўніцтве дамоў і за якія мы плацілі пры набыванні сваіх кватэраў?! А рэч найперш у тым, што ўладныя саноўнікі лічаць усіх людзей нейкімі пігмеямі, якія боўтаюцца ў іх пад нагамі. Што людзі, што смецце – якая тут розніца! Рэч менавіта ў пагардлівым стаўленні да чалавека, які, па іх меркаванні, не мае права ні ўплываць на нешта, ні тым больш нешта вырашаць. Што тут слухаць меркаванні і галасы жыхароў. Дзяржава вам нешта робіць – пакланіцеся, вытрыце смаркачы і будзьце ўдзячныя, халопы! І логіка тут, канешне, жалезная. Бо калі хоць раз запытацца рады чалавека пра нешта, то ён адчуе сваю важнасць і важкасць. І адзінка тады – ужо не нуль і не бздура. Глядзіш, і на выбарах запытае – а куды пайшоў мой голас, ці палічылі яго адпаведна?

Сартаваць смецце гарадзенцы ўрэшце навучацца і самы. Бунту таксама не будзе, нехта гучна, у межах свайго пад’езду, паабураецца, нехта па звыклай завядзёнцы напіша пару скаргаў, якія чыноўнікі-бюракраты выкінуць у сметніцу.

І праз нейкі час усё паўторыцца зноў, хай сабе і ў іншай сферы.

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ