Народ і карнікі



Мінуў месяц масавых мірных выступаў грамадзян Беларусі супраць фальсіфікацыі выбараў, узурпацыі ўлады, жорсткага задушэння мірных пратэстаў з смяротнымі ахвярамі, сотнямі пакалечаных, тысячамі збітых і зняволеных. Пакуль ніякіх станоўчых зрухаў па змене ўлады, ці нават пачатку нейкага перамоўнага працэсу не адбылося. Бок, які цяпер не ашуканствам і прапагандай, а выключна гвалтам і сілай утрымлівае ўладу, проста не здольны на перамовы. Пакуль не праглядваецца ніякіх станоўчых сцэнароў мірнага транзіту ўлады і “над краінай хмары, хмары…”. Але беларускі народ не здаецца, выяўляе цуды самаарганізацыі і па-сапраўднаму прагне волі, як бы пафасна гэта не гучала. Людзі ў розных гарадах краіны па-ранейшаму выходзяць на акцыі мірнага пратэсту, нягледзячы на пагрозы і рэпрэсіі.  

У цяперашніх падзеях, што адбываюцца ў Беларусі, вельмі шмат сімвалізму і розных алегорый. Нават прозвішчы галоўнага начальніка дзяржаўнай міліцыі Караева і новага “губернатара” Гарадзенскай вобласці Караніка надзвычай трапна сугучныя іх карным дзеянням і памкненням. У гэтых, і многіх іншых дзяржаўных прызначэнцаў хунты няма ў лексіцы такіх слоў і словазлучэнняў як “паразуменне з народам”, “дыялог з грамадствам”, “пошук  шляху замірэння”. Ні на які палітычны кампраміс, ні на якія перамовы яны нават не збіраюцца ісці. У іх толькі адзін кірунак – палохаць, душыць, біць, “закатваць у асфальт”. Яны гатовыя выканаць кожны злачынны загад кіраўніцтва. Злавесную абрэвіятуру ОМОН (отряд милиции особого назначения) нават не хочацца перакладаць на беларускую мову. Пасля змены рэжыму гэтая структура павінна быць поўнасцю распушчана, а замест яе створана новая паліцыя і новыя, сапраўды праваахоўныя, а не карныя органы. А ОМОН стане, ды і ўжо стаў, у адзін шэраг з савецкім НКВД і гітлераўскім Schutzstaffeln (SS). Яго рэпутацыю і сутнасць ужо не зменіць нічога.

Характэрная яшчэ адна канкрэтная гісторыя, што здарылася не так даўно ў Гародні. Дзве “амонаўкі” жорстка збілі жанчыну, якой за 50 гадоў, фактычна па ўзросце сваю маці. Калі жанчыну душылі, яна ўкусіла за руку адну з “амонавак”. Цяпер на гэтую пацярпелую ад гвалту жанчыну завялі крымінальную справу і ёй пагражае турэмны тэрмін. А калі ахвяра запыталася ў душыцелек іхныя прозвішчы, яны весела адказалі – Насця Лукашэнка і Маша Лукашэнка. Сапраўдныя прозвішчы гэтых маладых і сімпатычных супрацоўніц карнага атраду гарадзенцы ведаюць, ведаюць іх і у твар – маладыя жанчыны шмат дзе “засвяціліся”. Але яны сапраўды дзеці ці ўнучкі Лукашэнкі, дзеці хлусні, крывадушнасці і подласці, дзеці чалавеканенавісніцкай прапаганды.

Беларускі народ, які зараз змагаецца за вызваленне краіны ад чорнай злачыннай навалы, павінен усведамляць, што барацьба ідзе не проста з нейкім унутраным рэжымам узурпатара. Змаганне ідзе адначасна супраць крамлёўскага філіялу і знешняй маскоўскай агрэсіі. Гэта Пуцін выявіў і аказаў поўную падтрымку свайму саюзніку-васалу, гэта ён пагражае нашаму народу сваім войскам. Гэта кіраўнік міністэрства замежных спраў Расеі Лаўроў зусім нядаўна заявіў, што расейцы і беларусы – гэта адзін народ, а ніякай беларускай мовы не існуе. Яшчэ раз падкрэслю, гэта заявіў не нейкі невядомы расейскі чарнасоценец, а краўнік МЗС! У Маскве даўно распрацаваная канцэпцыя генацыду і этнацыду беларускага народу. Разумееце – нашай беларускай мовы не існуе, а раз няма такой мовы, то значыць няма і такога народа! Мы для іх не існуем, а калі існуем – значыць мы для іх ворагі. А паводле даўняй крамлёўскай дактрыны – “если враг не сдаётся – его уничтожают”. Таму філіял і яго маскоўскія кіраўнікі гатовыя на ўсё. Ажно да поўнай “замены” народу, які жыве на гэтай зямлі. На стварэнне гэткай “Кітарусіі”, дзе будзе кіраваць расейская наменклатура, а на заводах і фабрыках будуць працаваць завезеныя кітайскія рабочыя, фактычныя рабы. Але праз чвэрць стагоддзя гэтай палітыкі раптам выявілася, што беларускі народ не згодзен з гэтым сатанінскім планам. І таму вырашальнае слова павінна застацца за беларускім народам.      

Уладзімір Хільмановіч 

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ