Нікому непатрэбныя гульні



У чэрвені бягучага году ў сталіцы Беларусі Менску пройдуць Другія еўрапейскія спартовыя гульні. Што гэта за спаборніцтвы і пад якім соусам “іх ядуць”, толкам не ведаюць нават аматары спорту са стажам. Таму давайце паспрабуем разабрацца.

Ідэя правядзення Еўрапейскіх гульняў належыць кіраўніку Алімпійскага камітэту Еўропы (ёсць і такое бюракратычнае аб’яднанне) Патрыку Хікі. Напомню, што першыя падобныя гульні прайшлі ў 2015 годзе ў сталіцы Азербайджана Баку. Як вядома гэтая дзяржава даўно прыватызаваная дыктатарскім сямейным кланам Аліевых. Перад тымі гульнямі медыя і розныя праваабарончыя арганізацыі адзначалі сама маштабныя для постсавецкага Азербайджана рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці краіны. Цэлы шэраг дэмакратычных інстытуцый было зачынена, дзясяткі праваабаронцаў і журналістаў былі жорстка рэпрэсаваныя. Аліеўскі рэжым гэтыя факты адпрэчваў і максімальна стараўся выкарыстаць міжнародныя спаборніцтвы для сваіх прапагандысцкіх мэтаў. І выкарыстаў у розны спосаб. Прызнаюся шчыра, што не глядзеў аніводнай трансляцыі з сонечнага Баку, але ведаю, што другое агульнакамандавае месца на тых гульнях, канешне пасля Расеі, якая ўсяляк падтрымлівала Аліева, заняў менавіта Азербайджан. Чаго ніколі не магло стацца на іншых прадстаўнічых спаборніцтвах.

Варта прыпомніць яшчэ і той факт, пра які многія забыліся, што пачаткова Першыя еўрапейскія гульні планаваліся не ў Азербайджане, а менавіта ў Беларусі. Але тады кіраўніцтву сінявокай рэспублікі яшчэ хапіла розуму адмовіцца ад гэтага не толькі зусім не прыбытковага мерапрыемства, але нават затратнага. Паводле толькі афіцыйных дадзеных на азербайджанскія гульні было выдаткавана 1 мільярд 12 мільёнаў даляраў (!). І гэта адбывалася на фоне эканамічнага крызісу ў краіне, дэвальвацыі азербайджанскага маната і зніжэння цэнаў на нафту.

У Беларусі эканамічная сітуацыя зараз ніяк не лепшая. А прэм’ер міністр дзяржавы Сяргей Румас ужо прызнаўся, што не ўдалося знайсці аніводнага (!) знешняга сур’ёзнага спонсара гэтых спаборніцтваў. Гэта ж вельмі істотны індыкатар. І гэта азначае, што асноўны фінансавы цяжар наўпрост ці ўскосна ляжа на плечы беларускіх падаткаплацельшчыкаў. Бо начальніку нацыянальнага алімпійскага камітэту (па сумяшчальніцтве кіраўніку ўсёй дзяржавы) вельмі патрэбна стварыць для ўсіх гасцей прывабную карцінку. Таму як звычайна “мы за ценой не постоим”.    

Выклікае вялікі сумнеў і ўласна спартовая прадстаўнічасць на гэтым спартовым форуме. Не думаю, што яна будзе нашмат лепшай, чым у Азербайджане. А хутчэй усяго і ніжэйшай. Няма сумневу, што россыпу кантынентальных, а тым больш сусветных рэкордаў чакаць не даводзіцца. Ні футболу, ні валейболу, ні гандболу, ні класічнага баскетболу, ні вялікага тэнісу на гэтых гульнях не будзе. А глядзець самба ці стэндавую стральбу аматараў няшмат.

Ужо зараз можна смела прагназаваць, што істотнай цікавасці гэтыя гульні не выклічуць нават у жыхароў Менску, не кажучы пра насельнікаў іншых мясцовасцяў Беларусі. Ужо зараз можна прагназаваць якім чынам будзе ісці напаўненне трыбунаў у час гэтых рысталішчаў. Найперш будуць задзейнічаны ўсе наяўныя сілы праўладных камсамольцаў, якія зараз называюцца бэрэсээмаўцамі. Нягледзячы на летнія вакацыі, школам і іншым навучальным установам будуць дырэктыўна даведзены квоты на абавязковае наведванне тых ці іншых спартовых спабораў.

Ведаю адзін спосаб, як прыцягнуць увагу сапраўдных беларускіх заўзятараў да гэтых спаборніцтваў. І магу адкрыта падзяліцца ім, хоць на жаль, кіраўніцтва дзяржавы і аргкамітэт гульняў на гэта дакладна не пойдуць. А варта было б зрабіць хоць бы адну рэч – афіцыйна абвесціць дазвол на выкарыстанне аматарамі спорту на трыбунах нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі. Гэта быў бы крок і да грамадзянскага замірэння і да ўзнікнення цікавасці да спартовых паядынкаў, магчымасці паперажываць за сваіх беларускіх спартоўцаў. Але гэтага дакладна не здарыцца. Таму я асабіста не збіраюся на гэтыя спартовыя гульні, ды і трансляцыі глядзець не буду. Што і іншым шчыра прапаную зрабіць.

Такія гульні нам не патрэбныя.

 

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ