Новы адлік ад Каліноўскага



Віленскае ўрачыстае перапахаванне герояў і ахвяраў вызвольнага чыну 1863 года стала для беларускай нацыі пакуль найбольш знакавай падзеяй 21-га стагоддзя. Усе, хто змог прысутнічаць гэтыя лістападаўскія дні ў старажытнай крывіцкай сталіцы, праз гады будуць успамінаць свае пачуцці, расказваць дзецям і унукам уражанні перажытага ўшанавання. Усе, хто дажыве да сапраўднай незалежнасці нашай краіны Беларусі, будуць пазней згадваць гэтую падзею як найважнейшую вяху Адраджэння.

Перапахаванне, ці як слушна кажуць многія, пахаванне паўстанцаў сталася сакральным актам яднання сучасных беларусаў. Не магу прыгадаць ці была нейкая падобная падзея такога перапахавання ў еўрапейскай гісторыі. Гістарычная праўда адкрываецца не заўсёды хутка, гістарычная справядлівасць у дачыненні да людзей і з’яў тым больш. У гісторыі з пакараннем паўстанцаў смерцю акупантамі і хаваннем месца, дзе карнікі іх закапалі ў зямлю і засыпалі вапнай, прайшло ажно паўтара стагоддзя. Прайшло доўгіх 155 гадоў! Не пахавалі тады павешаных і расстраляных змагароў, пахавалі годна цяпер. Пахавалі з надзвычайнай пашанай і ідэальнай арганізацыяй, з удзелам высокіх хрысціянскіх святароў. Пахавалі на дзяржаўным роўні, з прысутнасцю прэзідэнтаў дзвюх дзяржаў – Польшчы і Літвы, з прысутнасцю дзяржаўнай дэлегацыі Беларусі. Хай сабе на роўні віцэ-прэм’ера ўраду, якога амаль ніхто не ведаў да гэтай знакавай падзеі. З сімвалічнай прысутнасцю ў кафедральным саборы на праспекце Гедыміна вянкоў ад Латвіі і Украіны, насельнікі якіх таксама ўдзельнічалі ў вызвольным паўстанні. І з сапраўдным морам бел-чырвона-белай сімволікі, якое запоўніла вялікі пляц наўкола кафедральнага сабору.  

Па розных звестках і ацэнах нас прыехала ў Вільню ад 3 да 7 тысяч чалавек. Прысутнасць на ўрачыстых мерапрыемствах такой колькасці беларусаў з такой колькасцю бел-чырвона-белых сцягоў была надзвычай ўражальнай. Нехта ўспамінаў пахаванне Васіля Быкава, нехта Плошчу 2010 года, нехта палітычныя мітынгі пачатку дзевяностых гадоў. Асабіста я бачыў такую колькасць нашых нацыянальных сцягоў толькі аднойчы, у 1995 годзе на футбольным матчы ў Менску Беларусь-Нідэрлянды. Тады якраз прайшоў фальшывы рэферэндум, у выніку якога гістарычны і дзяржаўны сцяг і герб “Пагоня” былі заменены на псеўданавуковую сімволіку, узятую на аснове савецкай. І людзі прыйшлі на стадыён з сотнямі бел-чырвона-белых сцягоў, дэманструючы сваю пазіцыю. Зараз яшчэ раз усе, на гэты раз і суседзі, пераканаліся, якая сімволіка для беларусаў жывая, родная, святая і жыватворная.

Акрамя беларусаў з розных гарадоў краіны, у Вільню прыехалі і беларусы з розных дзяржаў замежжа, беларусы з Падляшша – радзімы Кастуся Каліноўскага, прыехала Рада БНР. Тое, што на ўрачыстасцях у Вільні было няшмат літоўцаў і палякаў, мяне не здзівіла, паколькі яны ўжо даўно ўсё даказалі сабе і іншым, пераканаўча давялі сваё права “людзьмі звацца”, здабылі вольнасць і ўмацоўваюць сваю дзяржаўнасць. Крыху здзівіла хіба малая колькасць прысутных палякаў Віленшчыны. Па размовах высветлілася, што прыехалі людзі пераважна з невялікіх мясцовасцяў Польшчы. Выступы прэзідэнтаў Анджэя Дуды і Гітанаса Наўседы былі ўзважанымі і ўрачыстымі. Назіралася еднасць трох суседніх народаў на глебе агульнай гісторыі і каштоўнасцяў. За некалькі гадзін стаяння на марозным паветры ля кафедральнага сабору і публічнай трансляцыі памінальнага набажэнства, урачыстай цырымоніі развітання ўдалося перагаварыць з многімі літоўцамі, некаторымі, пераважна маладымі палякамі. З усімі было поўнае паразуменне, салідарнасць і яднанне на глебе ўрачыстай падзеі, жалобнай па характары, але святочнай па-сутнасці.

А пасля было шэсце даўжэзнай калонай з гучнымі воклічамі “Жыве Беларусь!” і “За нашу і вашу свабоду!”, са спевамі нацыянальных беларускіх гімнаў, шэсце бел-чырвона белым морам па былых вуліцах Замкавай і Вялікай, уздоўж Базыльянскіх муроў, праз Вострую браму на могілкі Росы. Там, у капліцы, цяпер новае месца паломніцтва патрыётаў. Там цяпер парэшткі нашага вялікага героя Кастуся Каліноўскага, які зараз яднае нацыю.

А ў нашай гісторыі пачаўся новы адлік…      

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ