Новы віток рэпрэсій



Мелі рацыю тыя, хто яшчэ на пачатку году прагназаваў на бягучы каляндарны адрэзак жыцця ўзмацненне палітычных рэпрэсій у Беларусі. Канешне прадказваць новыя рэпрэсіўныя справы ў дачыненні да грамадскіх актывістаў не так складана, даўно ведама пра такую ўладу – з ваўкоў вегетарыянцаў не зробіш, а крывое само па сабе не выпрастаецца.

Аўтарытарнай уладзе няма ніякіх праблем у змаганні з так званай сістэмнай апазіцыяй, паколькі яе хады прадказальныя наперад. Ды і спосабаў сачэння і кантролю куды больш – праслухоўванне, засыланне і ўкараненне “стукачоў”, сведама дэструктыўных элементаў, урэшце татальны прэсінг па ўсіх лініях. З анархістамі куды цяжэй – гэтыя моладзевыя групоўкі і яе асобныя прадстаўнікі несістэмныя, хаатычныя і нават схільныя да радыкальных дзеянняў. А радыкальнасці сістэма падаўлення баіцца больш усяго.

Беларускіх маладзёнаў-анархістаў Мікіту Емельянава і Івана Комара засудзілі ў Менску ажно на 7 гадоў (!) пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для тых, хто яшчэ не ў курсе гэтай крымінальнай справы, спяшаюся паведаміць, што маладыя хлопцы нікога не забілі, не згвалцілі і не збіраліся страшных злачынстваў здзяйсняць. Засуджаны хлопцы “за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах, замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам, незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў”. У віну Емяльянаву і Комару ставілася закідванне лямпачкамі з фарбай фасаду будынка Менскага гарадскога суда ў верасні 2019 года і два эпізоды выкарыстання гаручай сумесі (адзін з якіх не адбыўся) для падпалу дзвярэй следчага ізалятара ў кастрычніку 2019 года ў Мінску. Пры тым матэрыяльныя страты “пацярпелага боку” былі мізэрнымі, што адлюстравана ў матэрыялах справы.

Емяльянаў не адмаўляў свайго ўдзелу ва ўсіх трох акцыях і заявіў, што мэтай яго дзеянняў было прыцягненне ўвагі да палітычных зняволеных у Беларусі, выказванне нязгоды з цяперашняй сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў. Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў пра ўжыванне да яго жорсткага абыходжання і ціску сілавікоў. У дачыненні да заявы Івана Комара пра ўжыванне псіхалагічнага і фізічнага ціску належнага расследавання не зроблена. Суд не прыпыніў разгляд справы для высвятлення абставінаў жорсткага абыходжання па заяве Комара. А таму прысуд ёсць зусім непрапарцыйным, незаконным, несправядлівым. Рэч жа тут яшчэ ў тым, што нехта наважыўся на радыкальнае дзеянне ў дачыненні да “недатыкальных” сілавікоў. У такой сітуацыі ўсе беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі хлопцаў палітвязнямі.

Іншага моладзевага актывіста, маладафронтаўца Піліпа Шаўрова, мяркуючы па развіцці сітуацыі, таксама чакае жорсткая рэпрэсія. На гэты раз за ідэалагічную “дыверсію”. Шаўроў здзейсніў перформанс пратэсту, пафарбаваўшы рукі помніка Пушкіну ў чырвоны колер. Маладзёну рэальна пагражае да трох гадоў турмы, хоць ягоны ўчынак цягне не больш чым на “дробнае хуліганства”. Пры тым Шаўрова падазраваюць яшчэ ў псаванні помніка міліцыянтам. Словам, быў бы чалавек, а асаблівай ягоную крымінальную справу зрабіць пастараюцца.

У Расеі, якая выкарміла мінскі рэжым і чвэрць стагоддзя падтрымлівала яго, на мінулым тыдні адбылася яшчэ больш рэзанансная справа. Там прыдумалі цэлую тэрарыстычную арганізацыю. У горадзе Пенза „доблесныя чэкісты” выявілі групоўку маладых і крыху старэйшых людзей, якія дазволілі сабе гуляць у пейнтбол, а таксама  абмяркоўваць патэнцыйную сітуацыю, калі становішча ў Маскве дасягне нечага падобнага да ўкраінскага Майдану. Следства ў выніку назвала гэтую супольнасць “Сеть”, знайшло нібыта філіялы арганізацыі і ў Беларусі. Цягам працэсу, які здзекліва называецца “следствам”, арыштаваных катавалі. Ну а прысуды ўразілі нават тых, хто ўжо перастаў здзіўляцца – сем чалавек па некалькіх артыкулах засуджаны да турмы ад 6 да 18 (!) гадоў. Расейскі рэжым і яго менскі атожылак нібы спаборнічаюць паміж сабой у жорсткасці пакаранняў. І тут не трэба ілюзій – знішчэнне свабоды і таптанне законнасці дзеля захавання неабмежаванай улады – альфа і амега, галоўная сутнасць гэтых рэжымаў.  

Уладзімір Хільмановіч  

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ