Па былым Ашмянскім павеце



У гэты надзвычай напружаны і хаатычны высакосны год, дзе амаль нічога немагчыма спланаваць і разлічыць, упершыню мне ўдалося выбрацца на пару дзён у рэгіянальнае падарожжа. Звычайна з рознымі сябрамі і аднадумцамі робім тры-чатыры такія вандроўкі ў вясенне-асенні сезон рознымі транспартнымі сродкамі – на роварах, аўтамабілях ці байдарках. Давялося мне праехацца пару гэтых прахалодных летніх дзён па мясцінах, у якія я ўпершыню трапіў больш трыццаці гадоў таму, і якія запалі ў душу сваім асаблівым хараством і рэгіянальнай адметнасцю. Гэта землі былога нашага Вялікага Княства Літоўскага, Віленская зямля, тэрыторыя колішняга Ашмянскага павету. Трабы, Баруны, Крэва, Смаргонь, Вішнева, Жодзішкі, Данюшава, Залессе, Кушляны, Жупраны, Ашмяна – усе гэтыя мясцовасці маюць багатую гісторыю і ўнікальную культурную спадчыну, могуць пераўтварыцца ў сапраўдныя турыстычныя цэнтры. Уласна кажучы, такімі яны ўжо і становяцца, нягледзячы на ўсю палітычную неспрыяльнасць апошняй чвэрці стагоддзя.

Каб не быць галаслоўным, правяду простае параўнанне – трыццаць гадоў таму, пасля дзвюх сусветных войнаў і працяглага панавання савецкай улады Гальшанскі і Крэўскі замкі стаялі ў руінах, сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі і Францішка Багушэвіча ў Кушлянах разбураліся, многія храмы былі ацалелымі, але занядбанымі. Цяпер сітуацыя істотна перамянілася. Адметныя храмы высілкамі фундатараў і парафіянаў адноўлены, тэрыторыі вакол іх дагледжаны і радуюць вока. Дзяржава займаецца вялікімі архітэктурнымі аб’ектамі, ёй удалося сцягнуць і немалыя еўрапейскія грошы. Мы не ведаем, у якім аб’ёме выкарыстаны гэтыя сродкі, але шырыня працаў сапраўды ўражвае. У Гальшанскім замку, які раней выглядаў найбольш безнадзейна, ужо цалком адноўлена адна з вежаў, неўзабаве там адчыніцца музейная экспазіцыя. А над часткай руінаў надзвычай удала зроблена ўнікальная аглядная пляцоўка. У Крэўскім замку закансервавана Княская вежа і поўнасцю адноўлена адна сцяна, працы працягваюцца далей. Не пашанцавала пакуль барунскаму базыльянскаму кляштару, які ў адрозненне ад мясцовага касцёлу, пакуль занядбаны. Але стан яго падмуркаў і сценаў выдатны, так што можна спадзявацца, што час на гэтыя архітэктурныя муры яшчэ прыйдзе. Найбольш жа маіх спадарожнікаў, якія першы раз трапілі ў гэты рэгіён, уразіў адроджаны палацава-паркавы комплекс у Залессі. Гэта сапраўды шыкоўны ансамбль, які прываблівае і будзе прыцягваць турыстаў з розных краін.

Што характэрна, сённяшнія кіраўнікі Рэспублікі Беларусь цэлы час упарта далдоняць пра інтэграцыю з Расейскай федэрацыяй, але грошы на адраджэнне культурнай спадчыны бяруць у Еўразвязу. Маскву, як і стагоддзі таму, не цікавіць наша шматнацыянальная і стракатая культура. Яе цікавяць толькі мілітарысцкія аб’екты. У канкрэтным рэгіёне Расея ўвязалася толькі ў адзін турыстычны аб’ект – да сотых угодкаў з часу Першай сусветнай вайны ў Смаргоні пачалі будаваць мемарыял у гонар загінуўшых. Але потым нешта пайшло не так, магчыма грошы папросту раскралі і ў выніку вялізны мемарыял так і застаецца недабудаваным. Але маем ад Масквы іншы “падарунак” – Астравецкую атамную станцыю, якая таксама вельмі блізка і пабудаваная ў цудоўным прыродным краі, які найперш павінен стаць цэнтрам адпачынку. Ужо вышкі і лініі электраперадач істотна папсавалі краявіды ў ваколіцах Кушлянаў – багушэвічаўскай сядзібы – там ніхто не паклапаціўся, каб аднесці гэтыя металёвыя вялізныя слупы-канструкцыі хоць бы на паўкіламетра далей.

У цэлым у мястэчках і вёсках рэгіёну дамінуе спакой, людзі занятыя сваімі штодзённымі клопатамі, чарговымі сезоннымі працамі. Яны ў глыбінцы даўно на генетычным роўні зразумелі, што ніякая ўлада не дасць ім дабрабыту, што выжываць як заўсёды давядзецца самым. Таму неяк прыстасоўваюцца пад канкрэтныя рэаліі і нічога не чакаюць ад вялікіх цэнтраў навакольнай палітыкі, сталіцаў і вялікіх гарадоў. Нічога добрага не чакаюць і ад надыходных так званых выбараў. Гэта ў інтэрнэце ўсё бурліць, а на плошчах беларускіх гарадоў міліцыя хапае пратэстоўцаў. Правінцыя ж дыхае сваім, істотна адрозным ад гораду, жыццём.    

Уладзімір Хільмановіч        

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ