Па календары 1937 года



Многія напэўна не ведаюць, што мы зараз жывем па календары 1937 года. У тым наўпроставым сэнсе, што дні і даты 2021 года поўнасцю супадаюць з днямі таго, ужо далёкага 1937-га. У Беларусі ж шквал дыскрымінацыі, пераследу, рэпрэсій у дачыненні да мірнага насельніцтва выклікае і аналогіі са змрочным часам сталінізму, які найбольш сімвалізаваў менавіта 1937 год. Тое ж, што адбываецца зараз у еўрапейскім свеце вельмі нагадвае якраз 1930-ыя гады. А 2021 год больш нагадвае не 1937-ы, а наступны – 1938-ы год. Прыпомню тут, што вясной 1938-га  нямецкія гітлераўскія войскі ўвайшлі ў Аўстрыю і было абвешчана пра “аншлюс” – фактычную ліквідацыю аўстрыйскай дзяржаўнасці. А ўжо ўвосень таго ж года прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі і Францыі Чэмберлен і Даладзьё падпісалі ганебнае мюнхенскае пагадненне з Гітлерам і Мусаліні. У дваццаць першым стагоддзі ў ролі такіх згоднікаў-“міратворцаў” найчасцей выступаюць зноў кіраўнікі Францыі і цяпер Нямеччыны. Рэал-палітык усіх гэтых сарказі-аляндаў-макронаў, шродэраў-меркеляў, прывяла да разбурэння геапалітычнага парадку ў Старым свеце і рэальным пагрозам існаванню цэлага шэрагу дзяржаў, сярод якіх і наша Беларусь.

Спыніць Крэмль у яго агрэсіі можна было лёгка яшчэ на пачатку 2000-ых гадоў. Спыніць палітычнымі і эканамічнымі мерамі рэагавання, але заходнія моцныя краіны гэтага не хацелі. У выніку так званай другой чэчэнскай вайны быў фактычна зруйнаваны горад Грозны, фізічна знішчаны амаль усе асобы, якія хацелі будаваць незалежную цывілізаваную дзяржаву Ічкерыю, страты сярод мірнага насельніцтва рэгіёна былі проста жахлівымі. Далей – болей. У жніўні 2008 года Расея здзесніла ваенную інтэрвенцыю на тэрыторыю суверэннай Грузіі, у выніку чаго Масква захапіла Паўднёвую Асецію і Абхазію. Акрамя забітых у выніку ваеннага канфлікту, 50 тысяч грузін і асецінаў-бежанцаў. Захад зноў усё пракаўтнуў, затармазіўшы ў дадатак працэс уступу Грузіі ў НАТО. Апетыт імперцаў усё разгараўся і далей быў ужо 2014 год – акупацыя расейскім войскам паўвострава Крым і разгортванне вайны супраць Украіны на Данбасе. Гэта якраз прыпала на час амерыканскай бяззубай абамаўшчыны і працягу “жавання смаркачоў” Еўразвязам. А слова “санкцыі” з тае пары да сёння ўспрымаецца выключна ў іранічным кантэксце. І вось зараз зноў, калі агрэсіўнасць Масквы ўзрастае ў розных кірунках, французскі лідар Макрон абазначае чарговую “чырвоную лінію”. Ад гэтага становіцца ўжо не столькі агідна, а хутчэй робіцца смешна. А Германія на чале з непатапляльнай Меркель разам з даўнім партнёрам-фройндам Владимиром, карыстаючыся патураннем новай амерыканскай адміністрацыі, хутчэй імкнуцца дабудаваць газавод “Паўночны струмень”. Пасля яго пабудовы Украіна стане зусім непатрэбная Еўразвязу.

Ну а словы палітыкаў – гэта толькі словы, глядзець трэба менавіта “па пладах” і не мець ніякіх ілюзій наконт таго, што “захад з намі” і нас не кіне. Сапраўды не кіне, а ўжо даўно кінуў, нягледзячы ні на якія выказванні заклапочанасці і нібыта гарантыі будапешцкага мемарандума. Яшчэ незабыўная і мудрая дысідэнтка Валерыя Навадворская неяк пісала – як шкада, што наўкола зараз адны труслівыя чэмберлены і няма аніводнага Чэрчыля!

Беларусь апошні год усё больш напаўняецца расейскімі ваеннымі аб’ектамі, а прысутнасць вайскоўцаў усходняга суседа на беларускай зямлі ў выніку шматлікіх і бясконцых вучэнняў і яшчэ невядома чаго ўзрастае. Уласна ж беларускай арміі фактычна так і не стварылася. Дык ці не адбыўся ўжо фактычны “аншлюс”?  

Кажуць, што гісторыя паўтараецца двойчы – спярша ў выглядзе трагедыі, а  потым у выглядзе фарсу. Як мне падаецца, яна паўтараецца намнога часцей і пераважна ў выглядзе трагедыі, хоць можа і выглядаць знешне як фарс. Услед за 1937-ым і 1938-ым годам непазбежна прыходзіць 1939-ы. Ну а што адбылося ў 1939-ым, спадзяюся, няма патрэбы нагадваць. Хочацца памыляцца і верыць, што няма падставаў для аналагічнага развіцця падзей у наш час, але рэальнасць змушае думаць менавіта так.   

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ