Помнікі і ідэалогія



За апошнія два тыдні ў двух слаўных беларускіх гарадах былі адкрыты два помнікі славутым продкам. У Слоніме ў Дзень беларускага пісьменства жыхарам і шматлікім гасцям гораду ўрачыста прадставілі помнік канцлеру нашага Вялікага Княства Літоўскага, выдатнаму дзяржаўнаму дзеячу Льву Сапегу. Праз тыдзень, у рамках штогадовага фэсту Lidbeer не менш ганарова і натхнёна шматлікія насельнікі і госці Ліды віталі адкрыццё помніка князю Гедыміну на кані. Менавіта гэты князь у чатырнаццатым стагоддзі заснаваў славуты мясцовы замак, які бараніў жыхароў гораду ад нашэсцяў крыжакоў. 

У культуры сучаснай Беларусі ўсталяванне гэтых двух помнікаў стала сапраўды вялікай нацыянальнай падзеяй. Нарэшце ў нашых славутых гарадах можна пабачыць не толькі помнікі правадыру сусветнага пралетарыяту Леніну ды яго шматлікім, пераважна крывавым памагатым, якія нішчылі насельнікаў Беларусі і сам край. Гэтых помнікаў чакалі многія гады, нават дзесяцігоддзі. Іх усталяванне набліжалі мясцовыя грамадскія актывісты, краязнаўцы, гісторыкі, якія пісалі шматлікія звароты, папулярызавалі лакальную і агульнанацыянальную гісторыю, рыхтавалі грамадскую думку. Іх мары і памкненні цяпер здзейсніліся.

Хочацца верыць у тое, што нарэшце дзяржаўныя ўлады пачынаюць разумець – без вяртання сапраўдных гістарычна-нацыянальных каштоўнасцяў, нашы гарады не будуць цікавымі замежным турыстам. Што ў кожным нашым горадзе і нават мястэчку, багатым на старадаўнюю гісторыю, павінен быць свой брэнд, свой знакавы цэнтральны помнік, свае памятныя шыльды. Зараз становіцца больш гарадоў, якія ўжо могуць ганарыцца поўнавартаснымі помнікамі славутым продкам. У Віцебску можна ўбачыць князя Альгерда, у Гародні – князя Давыда Гарадзенскага, у Наваградку – князя Міндоўга, святога Елісея Лаўрышаўскага і Адама Міцкевіча, у Лідзе – князя Гедыміна, у Слоніме – канцлера Льва Сапегу, у Тураве – асветніка і святога Кірылу Тураўскага, у Косаве – Тадэвуша Касьцюшку, у Полацку – асветніцу і святую Ефрасінню Полацкую і асветніка-першадрукара Францішка Скарыну. Як відаць з пераліку, за рэдкім выняткам, – пераважна гэта людзі старажытнасці і сярэднявечча. Гэты пласт нашай гісторыі дзяржава збольшага ўжо прыняла. На чарзе пазнейшыя ліцьвінскія і беларускія дзеячы дзявятнаццатага-дваццатага стагоддзя. Іх Рэспубліка Беларусь пакуль ушаноўваць не хоча. Бо ўсё азіраецца на Маскву, многія айчынныя чыноўнікі (мясцовыя, не прыхадні, не чужынцы!) упарта працягваюць палітыку русіфікацыі, ігнаруючы беларускае. Таму і няма належнага прызнання і ўшанавання ні Кастуся Каліноўскага, ні Ларысы Геніюш, ні Васіля Быкава. Пра дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі, пра ваяроў-змагароў з расейскім бальшавізмам Станіслава Булак-Балаховіча, Янку Філістовіча, Расціслава Лапіцкага, пра многіх выдатных дзеячаў –  ахвяраў сталінскага генацыду і гутаркі няма. Іх імёны для шырокага кола грамадзян Беларусі пакуль у нябыце. А колькасць помнікаў розным бальшавікам, саветам, камуністам, якія альбо пакінулі на гэтай зямлі крывавы след, альбо ўвогуле ніколі не былі ў Беларусі і не мелі да яе дачынення, перавышае ў дзясяткі разоў колькасць помнікаў дзеячам і прадстаўнікам нацыянальнай гісторыі.

Сучасным ідэолагам Рэспублікі Беларусь варта задумацца, што ў разе паглынання Масквой нашай дзяржавы, месца ў далучанай да імперыі краіне не будзе ўжо нікому – ні змагарам за беларускасць, ні гэтым ідэолагам, ні вышэйшым чыноўнікам сённяшняй Беларусі, уключна з “вярхоўным галоўнакамандуюшчым”. І зыходзячы хоць бы з такога інстынкту самазахавання, весці дзяржаўную палітыку. Вось зараз у Беларусі праходзяць так званыя “выбары”, дакладней сказаць “вырабы”, у парламент. Як толькі будуць зарэгістраваныя ўсе кандыдаты, адразу беспамылкова можна складаць спіс “абраных” “дэпутатаў”. Усім па папярэдніх такіх кампаніях вядома, як фармуецца гэты парламент. То галоўныя ідэолагі маглі б падумаць, каб не пхнуць у гэты заканадаўчы орган адыёзных людзей, тых, якія выразна вызначыліся сваёй антыбеларускай пазіцыяй. А такія вылучэнцы ўжо выплылі на паверхню. А прызначаць у гэты квазіпарламент хоць бы тых функцыянераў, якія здольныя да нейкага грамадзянскага кампрамісу, пошуку згоды і арыентацыі на сваё.  

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ