Пуціна і балота



15 студзеня многія беларусы выдыхнулі з палёгкай. Не, курс беларускага рубля не скокнуў уверх у дачыненні да сусветных валют. Не, Еўразвяз не адмяніў для грамадзян Беларусі візы. І канешне начальнік дзяржавы РБ не адмовіўся пайсці абірацца на чарговы, усе ўжо збіліся які па ліку, прэзідэнцкі тэрмін. А адбылося ўсяго толькі штогадовае пасланне начальніка суседняй маскоўскай дзяржавы да свайго народу і адначасна, можна лічыць, і да ўсёй сусветнай супольнасці. Апошні год надзвычай многа гаварылася і пісалася пра тое, якім чынам Уладзімір Пуцін будзе праводзіць транзіт сваёй улады. Сярод іншых варыянтаў цэлы час фігураваў і прыхаваны аншлюс з далучэннем Беларусі да Расейскай Федэрацыі. Тым больш, што так званая саюзная дзяржава існуе – калі не да канца ў рэальнасці, то на паперы дакладна. Маўляў, ствараецца аб’яднаная дзяржава, народы зліваюцца ў інтэграцыйным экстазе, а адлік прэзідэнцкага тэрміну Пуціна лагічна пачынаецца спачатку.

Дык вось выдыхнулі беларусы з палёгкай таму, што крамлёўскі чэкіст нумар адзін афіцыйна дэкляраваў іншы варыянт далейшага афармлення сваёй улады, які ўмоўна называюць казахстанскім. Пуцін нібыта захацеў стаць гэткім расейскім елбасы (лідарам нацыі) на ўзор незабыўнага Нурсултана Назарбаева. Той урэшце ў 2019 годзе, пасля амаль 30-гадовага аднаасобнага ўладарання сваёй дзяржавай, пакінуў прэзідэнцкі пост, але заняў пасаду старшыні Савету Бяспекі Казахстану. Фактычна пры тым захаваўшы ўсе ўплывы. Паводле гэтага ўзору Пуцін прапанаваў расейцам змяніць Канстытуцыю і ў выніку абмежаваць уладу прэзідэнта, пачынаючы з 2024 году, калі скончыцца чарговы тэрмін яго кіравання. Новы прэзідэнт будзе абірацца ўжо толькі на адзін тэрмін. Роля парламенту нібыта ўзрасце, а вось паўнамоцтвы старшыні Дзяржаўнага савету дакладна істотна пашырацца. Гэтую пасаду, якая дагэтуль фактычна нічога не значыла, займае сёння, як вы ўжо здагадаліся, той самы Пуцін. Але з 2024 года функцыі і ўплыў старшыні гэтай структуры будуць ужо зусім не дэкаратыўнымі. Адразу крамлёўскі стратэг памяняў і ўрад Расейскай федэрацыі, думаецца найперш з мэтай пусціць дадатковы пыл у вочы, зрабіўшы перакартоўку сваёй наменклатурнай калоды. Словам, спецаперацыя з прыкрыццём у традыцыйным візантыйскім стылі.

У сваім выступе Пуцін ні разу не згадаў на гэты раз ні Беларусь, ні яе начальніка, але гэта не азначае, што беларусам можна быць спакойнымі. Відавочна, што ўладар Крамля проста мяняе тактыку, абірае больш просты і надзейны сцэнар трансферу сваёй неабмежаванай улады, але не сумнявайцеся, што пра Беларусь, як некалі Ленін, цэлы час думае. І не забудзецца пра нас дакладна. Проста формы ціску на свайго васала стануць крыху іншыя. Масква будзе надалей сціскаць эканамічныя абцугі вакол надзвычай залежнай ад яе Беларусі і перыядычна “троліць” начальніка Рэспублікі Беларусь у інфармацыйнай прасторы з мэтай прымусіць яго канчаткова капітуляваць. Як кажа народная мудрасць, не кіем, дык паленам – усё ж тым самым дрэвам. Так што расслабляцца беларусам ніяк не даводзіцца, пагроза паглынання Расеяй нікуды не падзелася.  

Адно з значэнняў слова “пуціна” – гэта пуцявіна, шлях, кірунак. Місія і сутнасць Уладзіміра Пуціна даўно зразумелая і вядомая. Гэта адраджэнне расейска-савецкай імперыі, у якой беларускаму народу належыць растварыцца і знікнуць увогуле. Пакуль будзе пуцінская ўлада – будзе вайна і агрэсія. Доказам чаму і знешняя збройная экспансія Расеі ў жніўні 2008 года ў Грузіі і з 2014 года – ва Украіне. Беларусаў у такой пашыранай расейскай дзяржаве чакае поўны набор усяго найгоршага, што яны зведалі за доўгі час яшчэ ў царскай імперыі, а потым у Савецкім саюзе. Маскоўская „ласка” добра ведама яшчэ з гісторыі сярэдніх вякоў. Што датычыць Лукашэнкі, то ён зацягнуў нашу краіну і 9 з паловай мільёнаў яе жыхароў у такое балота “інтэграцыі”, адкуль выбрацца будзе надзвычай складана. Але іншага шляху, калі хочам захавацца як народ з сваёй дзяржавай, як вылазіць з гэтай багны, папросту няма.    

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ