Рабіў усё для Беларусі



У першы дзень зімы надзвычай цяжкага для Беларусі высакоснага году не стала вялікага Настаўніка Алеся Белакоза. Назаўтра Гарадзеншчына развіталася з цэлай эпохай беларускага Адраджэння, якую ўвасабляў гэты адзін чалавек. Карані Алеся Белакоза – з Беласточчыны, бацька яго быў на заробках у заакіянскай Бразіліі, а сам ён зрабіў вядомай і ўславіў ціхую, звычайную вёсачку Мастоўшчыны – Гудзевічы.

Гудзевічы сапраўды зрабіў знакамітымі адзін чалавек – Алесь Белакоз. Хоць гэтая вёска ў сучасным Мастоўскім раёне мае ў сваёй гісторыі цэлы шэраг іншых цікавых людзей. Музей літаратурнага краязнаўства заснаваны Белакозам быў у 1965-ым годзе. Менавіта тут паўстаў першы стэнд прысвечаны вялікай паэтцы Ларысе Геніюш. Яна вучылася ў Гудзевічах у пачатковай школе ў 1919-20 гадах. Пра тое, як збіраліся экспанаты ходзяць цэлыя легенды. І яны – абсалютная праўда, якую мы даведваліся ад самога Белакоза. На якія дыпламатычныя хітрыкі і дасціпныя камбінацыі ён толькі не ішоў, каб здабыць тую ці іншую рэч, якая пазней займала належнае месца ў экспазіцыі і ашчадна зберагалася. Гудзеўскі (на варыянце Гудзеўскі, а не Гудзевіцкі, настойваў менавіта сам Белакоз) музей – сапраўдны асяродак беларускай тоеснасці, адлюстравання нашага мінулага. Музей – быў справай усяго яго жыцця, на якую настаўнік не шкадаваў ні сілы, ні здароўя, ні асабістых грошай.

Белакоз, які пачынаў у юнацтве як радыкальны маладзён, пазней абраў іншы кірунак дзейнасці і праз сваю далейшую музейную справу зрабіў уплыў на тысячы беларусаў, знайшоў культурны ключ, дзейсны шлях адбітку на сведамасці тых, хто ад вякоў імкнуўся “людзьмі звацца”, але так і не даспеў да належнай грамадска-нацыянальнай супольнасці. Музей рос, шырыўся і прырастаў новымі экспанатамі. Створаны на грамадскіх пачатках пры школе, ён у 1990-ым годзе на золку суверэнітэту атрымаў статус дзяржаўнага. І атрымаў гэты знак якасці абсалютна заслужана за сваю адметнасць і зборы. Музей, які стварыў Белакоз, не пакідаў абыякавым нікога, як і сам яго дырэктар. Калі хто прыязджаў у Гудзевічы і паведамляў, што мае толькі паўгадзіны, Белакоз адразу наўпрост казаў “да пабачэння!”, бо звычайныя яго экскурсіі доўжыліся тры-чатыры гадзіны – і гэты час пралятаў незаўважна для наведнікаў.

Музей і яго стваральнік зазналі нямала перашкодаў і выпрабаванняў. Людзі ў “плашчах кофейного цвета”, як іх называў Алесь Мікалаевіч, праводзілі ўсялякія “прафілактычныя” гутаркі, сачылі за тэматыкай экспазіцыі і за самым дырэктарам. Але нават у савецкі час ніхто не дадумаўся спыняць аўтобусы, якія выехалі на экскурсію ў Гудзевічы. У найноўшы, у многім ганебны час, такое здарылася, што яшчэ раз падкрэслівае значнасць музея і яго стваральніка. Урэшце пенсіянера Белакоза цынічна выпіхнулі з пасады дырэктара, але значны час ён працягваў свае незабыўныя экскурсіі. Музей у Гудзевічах і Белакоз даўно сталі сінонімамі, альфай і амегай звычайнай па-сутнасці вёскі, якая прыдбала ведамасць у агульнабеларускім маштабе. Зараз ён зазнаў мадэрнізацыю, але Белакоза, як жывога сімвала ўжо няма. З’явіўся, праўда, у першай залі невялікі бюсцік яго стваральніка. У час грамадзянскай паніхіды прафесар Аляксей Пяткевіч прапанаваў надаць музею імя яго заснавальніка, будзем спадзявацца, што гэта прапанова будзе аформлена дакументальна і ўрэшце зацверджана.

Жыццё біла гэтага чалавека вельмі жорстка. У раннім юнацтве ў час вайны ён страціў бацьку, які быў забіты ў час нападу партызанаў, а ўжо ў старасці – сына. Міхась Белакоз, таксама сапраўдны беларускі патрыёт, загінуў у самым росквіце сіл. Алесь Белакоз перажыў усё.

Алесь Белакоз не толькі стаў волатам беларускага Адраджэння. Ён ратаваў людзей не толькі духоўна, але і вынайшаў спосабы фізічнага лекавання і ўмацавання імунітэту. Пражыўшы пры сведамасці і актыўнасці 88 гадоў, ён на тры дзесяцігоддзі перайграў нават смерць. Цяжка прывесці дакладную статыстыку, але ведаю такіх людзей, якія скарыстаўшыся методыкай Белакоза, здолелі перамагчы анкалогію, альбо навучыцца жыць з ёй. Рэцэпты народнай медыцыны, якія вынайшаў гэты чалавек, апісаныя ў кніжках, якія засталіся як і яго іншыя запаветы. Галоўным з якіх быў “Усё для Беларусі!”.

Ёсць на свеце людзі, якія напоўніцу выконваюць сваю зямную місію. Падаецца, што Алесь Белакоз менавіта з гэтага шэрагу.

Светлая памяць!

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ