Сэрцам ці розумам?



Апошні тыдзень беларуская грамадскасць пасля супярэчлівага святкавання Дня Волі пераключылася на абмеркаванне выбараў прэзідэнта суседняй Украіны. Жарсці там кіпяць нежартоўныя, у першым туры на кожны густ было прадстаўлена ажно 39 кандыдатаў на галоўнае крэсла дзяржавы. Праўда, сярод гэтай процьмы прэтэндэнтаў было нямала так званых “тэхнічных” кандыдатаў, гэта значыць тых, хто ў розны спосаб “граў на руку” іншых.

Выбар сапраўды быў няпросты, і як звычайна адны галасавалі разважлівасцю і розумам, іншыя – сэрцам на эмоцыях. Відавочна, што вельмі высокім быў працэнт так званага пратэстнага галасавання. На момант, калі пішуцца гэтыя радкі, дакладнага падліку галасоў яшчэ няма, але па ўсіх раскладах у другі тур выбараў выйшлі шоўмэн Уладзімір Зяленскі і цяперашні прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. Поспех коміка Зяленскага ўжо можна лічыць ашаламляльным, ён упэўнена перамог у першым туры, набраўшы каля 30 адсоткаў галасоў. Зяленскі сапраўды выскачыў на палітычную сцэну як чорцік са скрыначкі і адразу перамяшаў усе карты цяжкавагавікам украінскай палітыкі. Дыяпазон ацэнак гэтага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта вельмі шырокі. Ад таго, што малады і энергічны новаспечаны палітык возьмецца змагацца з карупцыяй і прывядзе Украіну да ўсталявання парламенцкай рэспублікі да таго, што гэта чыста расейская крэатура, асоба, якая ў разе перамогі дапусціць хаос і развал дзяржавы. Адзін з беларускіх палітыкаў параўнаў Зяленскага нават з Лукашэнкам узору 1994 года. Па вялікім рахунку, выбіраючы Зяленскага, украінцы выбіраюць гэткага “ката ў мяху” – і яго палітычныя і іншыя дзеянні ў разе абрання непрадказальныя.

Нервова і раздражнёна на поспех Зяленскага зрэагаваў і Пятро Парашэнка, які па выніках першага туру набірае каля 17% і ўсё ж апярэджвае трэцюю фаварытку выбарчай гонкі – Юлію Цімашэнку. ПП назваў Зяленскага марыянеткай алігарха Каламойскага і рытарычна запытаўся ў народа – як ён уяўляе палітычны дыялог Зяленскага на чале Украіны з Пуціным.

Прэзідэнцкая кадэнцыя Пятра Парашэнкі выдалася дастаткова супярэчлівай. З аднаго боку знешнепалітычныя важкія поспехі. Так, удалося атрымаць дыпламатычную і ваенную падтрымку такіх дзяржаў як Канада, ЗША, дамагчыся бязвізавага рэжыму з Еўразвязам, здабыць томас на аўтакефалію праваслаўнай царквы. З іншага боку, многія выбарцы і назіральнікі звонку па-ранейшаму атаясамляюць цяперашняга кіраўніка дзяржавы з яшчэ раней укаранёнай карупцыяй, а значыць і з сацыяльнай несправядлівасцю.

Ці можна было зрабіць больш Парашэнку ў складаных умовах пераходнага перыяду, у час, калі гібрыдная вайна Масквы супраць Украіны працягваецца, сказаць цяжка. У палітычным пасіве Парашэнкі – працяг яго бізнесу на расейскіх прасторах, канфлікт з Міхаілам Саакашвілі, які ўзяўся было выкараняць карупцыю і кумоўства, некаторыя іншыя пытанні ўнутранага дзяржаўнага развіцця. Думаю, што ў кожным разе даваць гістарычныя ацэнкі яго прэзідэнцтву пакуль рана. Тым больш, што шанцы выйграць выбары і пайсці на другую кадэнцыю ў яго застаюцца. Парашэнка больш прадказальны для Украіны і свету, няма сумневу, што не здрадзіць ён і нацыянальным каштоўнасцям, менавіта таму найперш за яго галасавалі заходнеўкраінскія вобласці – Тэрнопальская, Львоўская, Івана-Франкіўская.

Выбары ж выразна паказалі запатрабаванасць на новыя асобы і твары. Відаць, гэта не толькі ўкраінская тэндэнцыя. Так прэзідэнтам Славакіі днямі была абраная маладая жанчына – адвакатка Зузана Чапутава. Праўда, у Славакіі, маленькай еўрапейскай краіне, сітуацыя зусім іншая. Там дэмакратыя ўжо ўстаялася, і лёс цэлай нацыі амаль не залежыць ад канкрэтных прэзідэнцкіх выбараў. Пройдзе чатыры гады, і калі Чапутава не апраўдае давер сваіх выбарцаў, тыя абяруць сабе іншага прэзідэнта. Тое сама ў Польшчы, Чэхіі, Літве, іншых краінах. Легітымная эвалюцыйная змяняльнасць улады – вялікая рэч і дасягненне дэмакратыі. Ва Украіне пакуль не так, там усё пакуль хістка, нетрывала і трывожна. І шмат чаго будзе залежаць ад таго, як выбарцы прагаласуюць 21 красавіка ў другім туры.

Уладзімір Хільмановіч         

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ