Свята ці адзначэнне?



Адразу дзве адметныя даты адзначае беларуская супольнасць у сакавіку бягучага году. Па-першае, гэта 25-ыя ўгодкі з дня прыняцця першай ў гісторыі суверэннай Канстытуцыі. Па-другое, 101-ыя ўгодкі з часу існавання Беларускай Народнай Рэспублікі. Ні БНР як важнейшую з’яву ў гісторыі нашай дзяржаўнасці, ні айцоў БНР як выдатных дзеячаў і прадстаўнікоў нашай нацыі, ідэолагі сучаснай Рэспублікі Беларусь фактычна не прызнаюць, ігнаруюць іх і ўсяляк пагарджаюць гэтай каштоўнасцю і спробай усталяваць беларускую дзяржаву сто гадоў таму. Начальнік РБ зусім нядаўна на “вялікай балбатні”, якую прапагандысты назвалі “большим разговором” так наўпрост і заявіў, што лічыць асабістай абразай вылучаную прапанову дэмакратычнай супольнасці адзначыць 101-ыя ўгодкі на мінскім стадыёне “Дынама”. Маўляў, гэта ж трэба такога нахабства набрацца, каб захацець адзначыць “самніцельны празнік” на цэнтральнай арэне беларускай сталіцы. І паслаў усіх беларусаў на ўскраек горада героя-Мінску – так званую Плошчу Бангалор. Тыя не пагадзіліся і на момант напісання гэтых радкоў фармат ні то свята, ні то адзначэння ўгодкаў БНР, так і не вызначаны. Адны прапануюць святочныя забаўляльныя канцэрты, іншыя – акцыі палітычнага пратэсту, трэція – нешта сярэдняе. Ясна толькі адно. Што ні пра якую кансалідацыю грамадства на базе каштоўнасцяў БНР і гутаркі няма.

З Канстытуцыяй крыху складаней. Чвэрць стагоддзя таму яна была прынятая Вярхоўным саветам дванаццатага склікання. Не прызнаваць зусім факту прынятай пад гербам Пагоня і бел-чырвона-белым сцягам Канстытуцыі дзяржаўныя чыноўнікі не могуць. Але прызнаюць яе, як гаворыцца, скрозь зубы, не хочучы. Канешне ніякага выходнага ў гэты дзень у дзяржаве, ніякіх шырокіх святкаванняў, а толькі шэраг фармальных і афіцыёзных паседжанняў.  

Грамадскія актывісты таксама не вельмі спяшаліся святкаваць чвэрць стагоддзя айчыннай Канстытуцыі. І не таму, што не хацелі. А таму, што не выпадае святкаваць. Вядомы актывіст з Гомельшчыны Дзяніс Рабянок так наўпрост і сказаў: “Нельга святкаваць тое, чаго няма!”. Гістарычны факт то прыняцця гэтай Канстытуцыі ёсць, ёсць і фізічна надрукаваныя асобнікі гэтай Канстытуцыі і размешчаны яе тэкст на прававых парталах у інтэрнэце. А рэальнага дзеяння гэтай Канстытуцыі няма. Таму і радасці ніякай з яе наяўнасці. Гарадзенскі актывіст АГП Мікалай Салянік правёў замест святкавання перформанс пад назвай “Пахаванне Канстытуцыі”. На многія свае судовыя паседжанні ён прыходзіў з некалькімі асобнікамі асноўнага закону краіны ў розных рэдакцыях, але так ні разу і не дамогся, не дачакаўся законнасці і справядлівасці.

Як ставіцца ўлада да прынцыпаў Канстытуцыі добра відаць і ў Брэсце, дзе людзі спрабуюць выказаць сваё абурэнне і пратэст супраць пабудовы шкоднага заводу акумулятарных батарэй. За так званыя акцыі кармлення галубоў грамадзян затрымліваюць, штрафуюць на вялізныя сумы, засуджваюць да адміністрацыйнага арышту. А на тых, хто найбольш імкнецца даць праўду людзям пра існы і сапраўдны стан рэчаў з гэтым заводам, пачынаюць крымінальныя справы. Як, прыкладам, на блогера Сяргея Пятрухіна. Іншага берасцейца, Віталя Казака, міліцыянты падманным чынам завалаклі ў пастарунак на выходныя толькі за тое, што ён пасмеў ускласці вянок на месца раскопу, дзе выяўлены шматлікія шкілеты ахвяраў другой сусветнай вайны, закатаваных жыхароў гораду ў час нямецкай акупацыі. Вось такая “ахова правапарадку” і такое дзеянне Канстытуцыі. І вось так улада абыходзіцца з тымі грамадзянамі, што імкнуцца да праўды, галоснасці, справядлівасці.

25 Сакавіка годна і ўрачыста пройдзе ў многіх гарадах свету, дзе жывуць беларусы. Але пакуль на Бацькаўшчыне будзе такая змрочная сітуацыя, то і гэтыя імпрэзы будуць хутчэй адзначэннямі, а не Святам.

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ