Тэрор



Амаль увесь свет накрыла страшная навала пандэміі. Навала, у распаўсюдзе якой у кожным разе і як мінімум у значнай ступені вінаваты камуністычны Кітай (доказы гэтага рана ці позна атрымаюць тыя, хто выжывуць пасля гэтага апакаліптычнага перыяду), бязлітасна забірае тысячы і соткі тысяч жыццяў. Медыкі б’юцца з апошніх сіл, але разыходжанне гэтай смяротнай хваробы і яе наступствы амаль непрадказальныя, маюць латарэйны характар і не паддаюцца прагнозам і разлікам. Чалавецтва перажывае нешта зусім новае і пакуль неасэнсаванае.

А няшчасная шматпакутная Беларусь перажывае адначасна дзве навалы – акрамя жудаснай эпідэміялагічнай пошасці, не менш жахлівы тэрор супраць народу, які ўсталяваўся ў краіне. Сёння мы фактычна не жывем, а існуём ў сапраўдным канцлагеры, дзе пачвары вырашаюць каго і калі можна збіць, пасадзіць, забіць. Кожны артыкул, кожнае публічна напісанае ці сказанае слова, кожны намаляваны ці пашыты нацыянальны сцяжок, кожная запаленая лампадка ці ўскладзеная кветка, кожны выхад на вуліцу могуць стаць апошнімі для чалавека. Прававое поле разбурана ўшчэнт. У людзей няма права ні на што, нават права на жыццё. Ідзе бесперапынны, доўгі, паслядоўны тэрор супраць усіх іншадумцаў, супраць усіх нязгодных з антычалавечай палітыкай. Ідуць соткі крымінальных спраў, па якіх абвінавачаныя могуць надоўга апынуцца ў турэмных засценках рэжыму. Ідуць паказальныя жорсткія збіванні актывістаў, якіх пасля прымушаюць гаварыць пакаянныя словы, запісваюць гэта на відэа і транслююць па дзяржаўных каналах. Такая методыка, якую любяць практыкаваць ў сённяшняй кадыраўскай Чачні. Вось так зараз і ў Беларусі – такі суцэльны здзек над грамадзянамі і іх правам мець уласную думку, такое брутальнае таптанне чалавечай годнасці. Такое набліжэнне ў перспектыве на еўрапейскай прасторы да Паўночнай Карэі.

Забойства карнікамі  31-гадовага Рамана Бандарэнкі, які выйшаў у менскі двор бараніць нацыянальную сімволіку ад здзеку, ускалыхнула беларускае грамадства. Людзі ў розных гарадах сталі ствараць імправізаваныя народныя мемарыялы з ушанаваннем забітага. У нядзелю, 15 лістапада, пачаліся мірныя Маршы памяці. Ізноў ўзброеныя і экіпіраваныя як на вайну атрады карнікаў бязлітасна разганялі мірных людзей, грамілі месцы, дзе былі ўскладзены кветкі і пастаўлены лампадкі. Гэтая чорная сіла перайшла ўсе апошнія рысы людскасці і межы прыстойнасці і яе пакуль немагчыма спыніць. Нават Сяргей Лепін, прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы, новы мітрапаліт якой максімальна лаяльны да ўлады, не вытрымаў і назваў такі разгром лампадак і свечак сатанінскім. Цяпер яго напэўна пазбавяць пасады. Але маўчаць нельга, нельга маўчаць нікому. Бо нікому не будзе жыцця пры такой уладзе, нікому яны не дадуць спакойна ўздыхнуць і адчуць сябе чалавекам.    

З часу другой сусветнай вайны на еўрапейскай прасторы не было такога жудаснага тэрору супраць нейкага аднаго народу. Недарэчна чуць, як некаторыя знешнія сілы заклікаюць пачаць грамадзянскі дыялог у Беларусі. Яны не могуць, ці не хочуць зразумець, што ніякі дыялог ужо немагчымы, што ўлада забойцаў не зробіць ні кроку насустрач народу і не пойдзе ні на якія саступкі. Загады, якія аддае ўзурпатар, скіраваны толькі на фізічнае задушэнне мірных пратэстаў. Атрады карнікаў поўнасцю мабілізаваныя і гатовыя забіваць, забіваць, забіваць… Усё гэта мог спыніць толькі адзін чалавек і яго імя вядомае. Гэта маскоўскі ўладар Уладзімір Пуцін. Але крамлёўскі чэкіст разам з сваім атачэннем ненавідзяць беларусаў як народ і хочуць максімальна магчымага знішчэння нашага народу. Яны выразна зрабілі свой ірацыянальны выбар і будуць падтрымліваць антынародны рэжым у Беларусі да канца. Альбо да канца і краху гэтага рэжыму, альбо да таго моманту, пакуль апошніх мірных пратэстоўцаў супраць несправядлівасці і беззаконня не “закатаюць пад асфальт”. І гэта наша рэальнасць і жорсткая рэчаіснасць, у якой беларускаму народу трэба неяк выжыць фізічна.      

Уладзімір Хільмановіч   

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ