Вайна з кнігамі



Ісламскі фундаменталізм ваюе зараз супраць усёй еўропа-амерыканскай прасторы, Заходні свет імкнецца стрымліваць ісламскіх тэрарыстаў, Расія вядзе захопніцкую вайну на ўкраінскай тэрыторыі, а Украіна адпаведна – абарончую. У Беларусі нібыта знешні мір. Але тут апошнія гады абвешчана прыхаваная вайна. Вайна супраць…кніг. Бедны Францішак Скарына! Калі ён падарыў гэтаму народу першую друкаваную кнігу на старабеларускай мове, то напэўна нават у свой век і падумаць ня мог, што праз пяцьсот гадоў на яго радзіме будзе ісці такое паляванне на кнігі, якія надрукаваныя на мове тытульнай нацыі. З кнігамі ў сённяшняй РБ змагаюцца нібыта з тэрарыстамі. І амаль кожнае выданне, дзе ёсць хоць намёк на крытыку цяперашняй улады, можа трактавацца як экстрэмісцкае альбо такое, якое дыскрэдытуе дзяржаву.

Разграміўшы ў час і пасля Плошчы-2010 палітычную апазіцыю, дзяржава працягнула “паляванне на ведзьмаў” – прадстаўнікоў друкаванага слова. Летам 2012-га кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху прызналі вінаватым у нібыта незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і пакаралі паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу вялізным штрафам. Цяпер вось праз падатковую інспекцыю абклалі такім агромністым штрафам выдавецтва “ЛогвінаЎ”, што яно можа спыніць сваё існаванне і дзейнасць. Так і скача на язык само па сабе крылатае выслоўе літаратурнага героя расійскага класіка: “Чтоб зло пресечь – собрать бы книги все да сжечь”. Але тое было ў Грыбаедава ў першай палове дзявятнаццатага стагоддзя. А зараз у самым разгары ўжо дваццаць першае. І такая фамусаўшчына характэрная для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, якія занесены ў спіс “няправільных”, у дзяржаўных установах усюды адмяняюцца, знайсці памяшканне для прэзентацыі беларускамоўнай кніжкі – вялізная праблема.

На мяжы ўвага да кніжак з боку мытнай службы звышпільная. Самым мытнікам да гэтых кніжак справы няма, ім усё роўна, што ў галаве чалавека і які змест кніжкі, што ў яго торбе. Але відавочна, што яны мусяць выконваць загад спецслужбаў, для якіх кожная беларуская кніжка нібы бомба. За апошні час дагляд грамадскіх актывістаў і палітыкаў, якія перасякаюць мяжу дасягае паранаідальнага характару. Днямі гарадзенскіх актывістаў трымалі некалькі гадзін на мяжы толькі з-за таго, што ў адной з торбаў знайшлася адна (!) кніжка мемуараў Станіслава Шушкевіча. Да гэтага забіралі кніжкі на мяжы ў Таццяны Равякі, Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, іншых вядомых у краіне людзей. Куды ж гэта варта – калі кніжкі Алеся Бяляцкага, Зянона Пазьняка, ці тых жа Севярынца з Дашкевічам, трапяць у народныя масы! Гэта ж будзе падрыў усёй дзяржаўнай магутнай сістэмы, усе высілкі вынаходлівых дармаедаў-ідэолагаў з ветрам пойдуць.

Сумным прыкладам змагання з усім беларускім стаў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, які яшчэ носіць імя Янкі Купалы, дзе працягваюць звальняць беларускамоўных выкладчыкаў, якія да таго ж і кніжкі пішуць яшчэ. Ужо няма ў горадзе над Нёманам колішняга адыёзнага кіраўніка вобласці Сямёна Шапіры, а звальненні па так званым спісе яго імя няўхільна працягваюцца. Відавочна, што не былы “губернатор” складаў гэты спіс. Чарговыя асобы, якія ня будуць працаваць у купалаўскім ўніверсітэце – гэта Святлана Куль і Генадзь Семянчук. З імі адміністрацыяй універсітэту папросту не падоўжаны працоўныя кантракты. Не даспадобы палкоўнікам плашча і кінжала гістарычныя працы навукоўцаў. “Зачыстка” іншадумцаў працягваецца.

Толькі змагацца з кнігамі, пісьменнікамі ды гісторыкамі – сабе даражэй выйдзе. Дзе тыя прымітывы і цемрашалы, што ў савецкі час цкавалі выбітных пісьменнікаў, дысідэнтаў, пераследавалі іх, выжывалі з дзяржавы?! Іх імёны ніхто нават ня ведае, косці даўно згнілі ў зямлі пад помнікамі з чырвонымі зоркамі, а душы мучацца ў вечным пекле. А таленавітых людзей, якія пісалі праўду, змагаліся за праўду, пераследаваліся за праўду, ведаюць, шануюць і будуць помніць праз стагоддзі…

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ