Вайна з народам



Увечары 9 жніўня на вуліцах беларускай сталіцы зноў пралілася кроў. Успамінаючы ўжо даўнюю снежаньскую Плошчу 2010 года, да гэтай пары даводзіцца здзіўляцца, якім неверагодным чынам, якім Боскім цудам у тым сілавым падаўленні, у той бойні, тады ніхто не загінуў. Новага народнага ўздыму давялося чакаць яшчэ доўгіх дзесяць гадоў. У бягучым і анамальным у сусветным маштабе 2020 годзе гэтае абуджэнне набыло новы характар, шырока ахапіла рэгіёны і амаль стыхійна вылілася ў масавы пратэст супраць цынічнай і здзеклівай фальсіфікацыі вынікаў галасавання на так званых прэзідэнцкіх выбарах. Улада прагназавана не прыдумала нічога лепшага, чым сілавое задушэнне мірнага пратэсту. Лукашэнка загадзя аб’язджаў спецыяльныя падраздзяленні, вайсковыя часткі, рыхтуючы разгром пратэстоўцаў. Заранёў ён на ўвесь свет абвесціў, што “Страну мы ім не аддадзім!”. Каму ім – беларускаму народу? Народу, які больш не хоча мець узурпатара за кіраўніка сваёй дзяржавы! Фактычна была абвешчана вайна беларускаму народу.

Антураж асноўнага дня галасавання быў незвычайным – у розных гарадах свету ля амбасадаў Рэспублікі Беларусь выстраіліся вялікія чэргі. На гэтых дыпламатычных пляцоўках чыноўнікі зрабілі ўсё, каб не даць тэхнічнай магчымасці прагаласаваць усім     

Увечары 9 жніўня супраць людзей былі кінуты спецыяльная тэхніка, вадамёты, атрады міліцыі асаблівага прызначэння, якія закідвалі людзей святлошумавымі гранатамі, распылялі слезацечны перцавы газ, стралялі гумовымі кулямі. Вядома, што многіх паранілі, траўмавалі, пабілі. На дадзены момант вядома, што адзін чалавек дакладна загінуў ад чэрапна-мазгавой траўмы ў выніку наезду машыны-аўтазаку, дзясяткі людзей пакалечана. Менскіх хірургаў выклікалі ноччу для правядзення экстранных аперацый. Невядома, ці абышлося без большых ахвяраў і іншых смяротных выпадкаў. Кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская ў крытычны момант звярнулася да ўлады з заклікам не падаўляць народнае выяўленне справядлівага абурэння. А гэтае абурэнне было сапраўды мірным і справядлівым, людзі больш не хочуць цярпець татальнага ашуканства і здзеку над выбарчай сістэмай. Пратэсты у Менску цягнуліся да глыбокай ночы, у Берасці і Гародні, Гомелі, іншых месцах яны былі разагнаныя раней. А ў некаторых меншых гарадах – у Лідзе, у Баранавічах, Кобрыні, Пінску, Жлобіне мясцовыя сілавікі адмовіліся разганяць і біць людзей, такое здарылася упершыню ў найноўшай гісторыі. Загады пра затрыманні ў некаторых гарадах аддавалі менавіта прыезджыя “куратары”.

Таксама ўпершыню за апошнія дваццаць гадоў некаторыя ўчастковыя камісіі, якія раней выглядалі суцэльнай маналітнай глыбай, адмовіліся фальшаваць вынікі падліку галасоў і вывесілі пратаколы з рэальнымі лічбамі на карысць Ціханоўскай. Афіцыйна вядома, што Ціханоўская перамагла на дзясятку ўчасткаў, а гэта азначае, што такая рэальная карціна на пераважнай бальшыні гарадскіх дзяльніцаў. Сістэма ўсеагульнага ашуканства і выбарчых махінацый затрашчала, а зараз яна трымаецца выключна на сілавых структурах.  

Многія ў Беларусі ведалі і не верылі, што “вечны гарант” сапраўды перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах 2006-га ці 2010-га году. Ёсць перакананне, што як мінімум тады павінен быў праводзіцца другі тур. Але яшчэ ніколі рэальная і фактычная параза Лукашэнкі не была такой відавочнай. І гэта ўпершыню ўбачылі ўсе – сам узурпатар з сваімі прыспешнікамі, члены ўчастковых і тэрытарыяльных камісій, міліцыянты, суддзі і пракуроры, і сама галоўнае – пераважная бальшыня звычайных выбарцаў. Параза Лукашэнкі зараз сталася аглушальнай, узурпацыя ім улады настолькі яскравай, што ўпершыню нават у некаторых камісіях іх прадстаўнікі перасталі фальсіфікаваць і адмовіліся падрабляць вынікі выбараў.

Лукашэнка за чвэрць стагоддзя надакучыў, абрыд, загідзеў, стаў ненавісным, ня ведаю, якое яшчэ слова падабраць, народу. У выніковыя лічбы галасавання, якія зачытвала вечная спадарожніца Лукашэнкі, галоўная фальсіфікатарка і маніпулятарка працэсу Лідзія Ярмошына, не вераць ужо нават ні дзеці, ні былыя прыхільнікі некалі сапраўды папулярнага Лукашэнкі.

Лукашэнка загадзя рыхтаваў вайскоўцаў, усе сілавыя структуры, была спланаваная і выніковая лічба 80% нібыта набраных ім галасоў. А вакол начальніка дзяржавы штораз усё больш ахоўнікаў – гэта яскравы індыкатар таго, што ён таксама ведае пра тое, як яго “любіць” народ. 9 жніўня і як мінімум на наступны дзень па ўсёй Беларусі быў беспрэцэдэнтна блакаваны інтэрнэт, каб не даць людзям сапраўднай праўдзівай інфармацыі.

Невядома на момант, калі па гарачых слядах пішуцца гэтыя радкі, ці працягнуцца пратэсты далей. Але тактыка мірных пратэстаў і штрайкаў зараз абсалютна апраўданая і напэўна адзіна правільная. Заклікі Святланы Ціханоўскай да мірнага развязання праблемы прыватызацыі Лукашэнкам улады – гэта хіба лепшае, што зрабіла Ціханоўская ў гэтай выбарчай кампаніі. Важна не давесці халодную грамадзянскую вайну да гарачай і маштабна крывавай. Але калі бліжэйшыя паплечнікі Лукашэнкі не пераканаюць яго (дасведчаныя людзі кажуць гэта немагчыма), што трэба ісці на нейкі кампраміс з грамадствам, на перамовы з яго апанентамі, цана дыктатуры можа быць аплачана вельмі дарагой цаной. 26-гадовае панаванне Лукашэнкі ўжо вельмі дорага абышлося беларускаму грамадству, беларускай нацыі. Калі ён жорсткай сілай пратрымаецца яшчэ некаторы час, гэтыя страты будуць проста вялізнымі.

Падрыхтаванымі да рэпрэсій уладамі пачатыя новыя крымінальныя справы па факце нібыта гвалту да супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў іншых сілавых струткур і трэба меркаваць, што да гэтых сфабрыкаваных спраў будуць прышчэпленыя дзясяткі людзей, якім пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны. Зараз беларускае грамадства будзе праходзіць жорсткі экзамен на агульнанацыянальную салідарнасць і кансалідаванасць, сапраўдны жорсткі іспыт на нацыянальную спеласць. На жаль яна, грамадска-нацыянальная спеласць і сведамасць пакуль значна адстае ад грамадска-сацыяльнай. Многія дагэтуль не разумеюць сапраўдную прыроду гэтага рэжыму. Не разумеюць, што гэты рэжым па вялікім рахунку – гэта філіял маскоўскага гэбісцка-імперскага праекту. Многія не могуць пакуль асэнсаваць, што гэта Крэмль доўгі час падтрымліваў і сілкаваў гэты рэжым і, нягледзячы на пэўныя разыходжанні з Лукашэнкам, заўсёды падтрымліваў яго як свайго стаўленніка і выканаўцу маскоўскіх інтарэсаў. І што, калі нас пачне “вызваляць” Масква, гэта не прынясе чаканага збаўлення. Калі ў Беларусь дэмакратыю будуць несці дэ-факта маскоўскія эмісары, кшталту сямейнай пары Цапкалаў, скончыцца гэта непазбежна кепска. Характэрны момант як у вырашальны момант, фактычна ў галоўны дзень, Вераніка Цапкала кінула без папярэджання Ціханоўскую і з’ехала ў Маскву, сведчыць пра многае. Пуціну найбольш выгодны варыянт максімальна аслабленага Лукашэнкі з адпаведнымі наступствамі і яшчэ больш шчыльнымі “братэрскімі абдымкамі”. І да гэтага пакуль усё ідзе.

Іншая ілюзія, што “Захад нам паможа”, паступова развейваецца. Беларусы могуць разлічваць толькі на салідарнасць асобных палітыкаў і палітычных плыняў, пераважна з Усходняй Еўропы. Што датычыць мацнейшых дзяржаў Заходняй Еўропы, кіраўніцтва Еўразвязу, то яны чвэрць стагоддзя ідуць ў рэчышчы рэал-палітык і шчыльна супрацуюць з крамлёўскім рэжымам і яго атожылкамі. Усе гэтая палітыка шродэраў-шыракаў, меркеляў-макронаў далёкая ад сапраўдных еўрапейскіх ідэалаў свабоды і дэмакратыі. Тое ж датычыць і інфармацыйнай прасторы. 9 снежня агідна было глядзець як у сітуацыі татальнага адключэння ў Беларусі інтэрнэту, амаль інфармацыйнага вакууму, шырока даступны нашым гледачам праз кабельныя сеткі тэлеканал  Euronews асвятляў падзеі ў Менску. Толькі на другі дзень на гэтым тэлеканале з’явілася ў нейкай ступені больш-менш аб’ектыўная інфармацыя таго, што адбывалася.   

Але беларуская нацыя сапраўды абудзілася, прачнулася, здрыганулася, прагне пераменаў і змены ўлады. Шматлікія акцыі цягам выбарчай кампаніі пад бел-чырвона-белай сімволікай у самой Беларусі і за яе мяжой дадаюць аптымізму. І хочацца верыць, што “Сонца нам дапаможа – яно любіць нас”.

Уладзімір Хільмановіч

 

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ