Запозненае пакаранне



Калі злачынства караецца па гарачых яго слядах і караецца адпаведна здзейсненаму і адпаведна заканадаўству, адчуванне справядлівасці мае дастаткова моцны эфект. Бывае ж і па-іншаму. Гэта калі правапарушэнні і нават злачынствы ведамыя адразу, але на іх заплюшчваюць вочы, паколькі так зручней, а потым, калі палітычная ці іншая кан’юнктура ўжо не дазваляе гэта замоўчваць, пачынаюцца расследаванні і адпаведныя пакаранні. Пахне гэта, дакладней патыхае, ужо неяк інакш. І пакідае разам з натуральным адчуваннем справядлівасці такое ж натуральнае расчараванне. У тым сэнсе, што можна было б усяго гэтага не дапусціць на самым пачатку. Гэта я ўсё пра перагляд вынікаў сочынскай зімовай алімпіяды, калі расейскіх спартоўцаў постфактум, амаль праз чатыры гады, пазбаўляюць медалёў за ўжываны допінг. Як быццам нехта сумняваўся, ці не ведаў нечага пра сутнасць усяго расейскага спорту раней. Пачнем з таго, што ніхто і не прыгадвае ўжо гісторыю пра тое, як крамлёўская вярхушка атрымала права на тую алімпіяду ў Сочы. Гэта калі ў Гватэмалу, дзе праходзіў Кангрэс Міжнароднага Алімпійскага Камітэту, які мусіў вызначыць месца чарговай белай алімпіяды, з Расеі быў высланы адмысловы гіганцкі самалёт з цэлым лёдавым катком, неверагоднай колькасцю напояў, чорнай ікры і іншых дэлікатэсных прысмакаў для маральнага і цялеснага задаволення высокіх спартовых міжнародных функцыянераў. Калі членам МАКу ледзь не публічна раздаваліся каперты з шчодрымі ўзнагародамі за правільнае галасаванне. Ну хай не каперты ў рукі, хай пераводы на рахункі, пра якія ўсе сур’ёзныя структуры і службы цудоўна ведалі. Ніхто тады не захацеў даць гэтым хабарнікам і карупцыянерам, махінатарам і хлусам па лапах. Ніхто не захацеў узяць пад кантроль антыдопінгавыя расейскія і міжнародныя службы ў час.

Падобным жа чынам Расея здабыла сабе права на правядзенне чэмпіянату свету па футболе. Вось зараз дэпутатка Еўрапарламенту Рэбека Хармс заклікала байкатаваць мундыяль 2018 года. Але рэзоннае пытанне – чаму маўчалі ўсе як адзін еўрадэпутаты ранейшага склікання. Чаму маўчалі кіраўнікі, урады ўплывовых краін, спецслужбы якіх даўно клалі тэчкі з адпаведнай інфармацыяй на высокія сталы?! З усіх палітыкаў тут магу прыгадаць толькі прыклад прэзідэнта Германіі Ёахіма Гаўка, які ў 2014 годзе адмовіўся наведаць белую, якую лепш назваць шэрай, алімпіяду ў Сочы.

Можна падумаць, што ўсе гэтыя калізіі вакол спорту – гэта дробязі ў параўнанні з праблемамі сусветнай эканомікі і палітыкі. Але ўсё ў свеце цесна звязана і знітавана. Не было б гэтай публічнай разбэшчанасці Расеі ў спорце, якую доўга сарамліва замоўчвалі моцныя гэтага свету, а спынілі беззаконне адразу б, то не было б і маскоўскай агрэсіі ва Украіну і многа чаго яшчэ негатыўнага за апошнія гады.

Калі пішуцца гэтыя радкі, яшчэ невядома, ці дапусцяць Расею да ўдзелу ў надыходнай зімовай алімпіядзе ў Карэі. Усё ідзе да таго, што яе асобныя спартоўцы будуць туды дапушчаны, але толькі пад нейтральным алімпійскім сцягам, іншымі словамі пры забароне афіцыйнай дзяржаўнай сімволікі Расеі. Не выключана, што ў адказ маскоўскае кіраўніцтва будзе байкатаваць алімпійскія гульні, што выкліча далейшую эскалацыю “халоднай вайны”. Пры такім раскладзе ў пікантную сітуацыю трапіць Беларусь, якой давядзецца альбо далучацца да пазіцыі Расеі ў прымусовым парадку, альбо неяк выкручвацца ў мядзведзевых абдымках “старэйшага брата”. А да ўсяго, у разе адлучэння расейскай дружыны, яе месца на хакейным алімпійскім турніры ў Карэі павінна заняць якраз наступная па рэйтынгу, а гэта зборная…Беларусі. Як з такой сітуацыі выкруціцца “хакеіст нумар адзін” – пэўная інтрыга. Ягоныя ідэолагі ў асобах галоўных рэдактараў буйнейшых газетаў РБ на мінулым тыдні ўжо прэвентыўна палізалі ўсходняга суседа ў адпаведным месцы. Так што кірунак зразумелы. А як будзе насамрэч з гэтай алімпіядай – пабачым.

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ