Зусім іншая эпоха



Ніхто, ці амаль ніхто, не ведае свайго фіналу. Жыццё чалавека хуткаплыннае і кароткае, колькі б ён не прабыў на гэтым свеце. Кожны на гэтым, надзвычай кароткім адрэзку гісторыі, шукае свайго сэнсу і якасці. А таксама параўноўвае тое, што было раней, з цяперашнім. Гэта па маладосці дзеянні апярэджваюць думкі. А калі прыходзіць пара сталення, а пасля і непазбежнага старэння, чалавек пачынае больш узважваць і аналізаваць, параўноўваць і асэнсоўваць. Праўда, разумныя людзі кажуць, што такіх людзей не так і шмат. Як у тым старым жарце: “семдзесят адсоткаў зусім не ўмеюць думаць, яшчэ дваццаць пяць думаюць, што яны думаюць, а насамрэч толькі пяць працэнтаў здольныя на нейкае мысленне”.

Нашаму пакаленню, тым, каму ўжо пяцьдзесят і за пяцьдзесят, цяжка паспець за маладымі. За ўсімі гэтымі сучаснымі камунікатарамі, асаблівасцямі сацыяльных сетак і новымі піяр-тэхналогіямі. Ну, але калі вучыцца новым тэхнічным цікавінкам і навінкам ніколі не позна, то мяняць прынцыпы сапраўды пазнавата. А за апошнія трыццаць гадоў свет змяніўся да непазнавальнасці не толькі тэхнічна. Еўраатлантычная цывілізацыя перажыла і зазнала такія трансфармацыі, што цяжка паверыць, як можа за такі зусім непрацяглы адрэзак часу змяніцца так шмат у ментальнасці, мысленні і паставах людзей.

Праўдападобна, што заходняя дэмакратыя перажыла свой росквіт, пік і далей стала набываць пераважна абсурдны характар. Было прыдумана шмат штучных і фальшывых тэрмінаў, ідэалогія стала падмяняць навуковыя даследаванні. Левыя рухі канчаткова эвалюцыянавалі ў светагляд сацыялізму (гэта якраз у тых краінах і асяродках, дзе людзі і блізка не зведалі такога “развітога сацыялізму”, які перажылі, прыкладам у Савецкім саюзе, Камбоджы, Кітаі і іншых падобных дзяржавах). Адбылася падмена амаль усіх паняткаў. Сама галоўнае, што “левай” ідэалогіі мала суіснаваць з іншай. “Левая” ідэалогія, якую кшталтуюць амаль усе цяперашнія навучальныя акадэмічныя асяродкі, культурніцкія цэнтры Захаду, разбурае і хоча знішчыць у еўраатлантычнай цывілізацыі усе праявы традыцыяналізму – рэлігійнага, нацыянальнага, сямейнага, сексуальнага. Пры тым з гэтай магутнай плынню немагчыма дыскутаваць – на кожнага, хто запярэчыць ці пасмее выступіць супраць такой ідэалогіі, адразу навешваецца шэраг “незмывальных” ярлыкоў і характарыстык, якія па-сутнасці не азначаюць нічога, але маюць выразна негатыўную афарбоўку. Утварылася цэлая сістэма забаронаў і табу. Узнікла такая ўніверсальна прымяняльная рэч як “паліткарэктнасць”. І дыскусія ў грамадстве значна звузілася. Цяпер непаліткарэктным могуць назваць што заўгодна і на гэтым адразу канец той дыскусіі.

У адказ узнікаюць не менш радыкальныя “правыя” рухі, якія чамусьці усё часцей называюць нацыяналістычнымі. І тут адбываецца падмена паняткаў, таму што “нацыяналіст” раней заўсёды лічыўся сінонімам слова “патрыёт”. “Нацыяналіст” – гэта той, хто любіць сваё, але паважае іншае. Тыя ж “правыя” рухі, якія набіраюць папулярнасць у Еўропе, зараз хутчэй трэба называць шавіністычнымі і варожа настроенымі не толькі да імігрантаў, але і да карэнных іншых народаў, якія насяляюць тую ці іншую краіну. Новых сапраўдных правых, новых гавелаў-ландсбергісаў у Еўропе больш няма. Невыпадкова амаль ўсе так званыя цяперашнія “правыя” захапляюцца пуцінізмам і сябруюць з крамлёўскім рэжымам. Перыядычна вылазяць “рогі, хвасты і капыты” гэтай супрацы, як у нядаўняй гісторыі фактычна з кіраўніцтвам Аўстрыі.

А там, дзе такія псеўдаправыя культывуюць традыцыяналізм у сваім разуменні праз клерыкалізм ці дыскрымінацыю нацыянальных меншасцяў, таксама нічога добрага не выходзіць.

Беларусы і некаторыя іншыя постсавецкія народы яшчэ захоўваюць нейкі традыцыяналізм. Але, відаць, толькі таму, што не зведалі грамадзянскай свабоды, лепшага, што можа быць у дэмакратыі, не прайшлі сваёй дарогі. Тэма гэта доўгая і шырокая. Беларусам таксама трэба ўсведамляць, што нідзе за мяжой, апрача асобных адзінкавых палітыкаў, праваабаронцаў, навукоўцаў, журналістаў, у нас няма саюзнікаў і не будзе істотнай падтрымкі ў змаганні за незалежнасць і дэмакратыю.

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ