А ў нас усё Макей



Знешняя палітыка – гэта проста лагічны працяг унутранай. Гэтае выслоўе ведае хіба што кожны, хто хоць бокам цікавіцца палітычнай сітуацыяй у сябе ў краіне і ў свеце. Прыкладам Захад. Многія аніяк не могуць уцяміць, чаму заходнія краіны ліберальнічаюць з дыктатурамі і ўвесь час шукаюць мажлівасці дамовіцца па-добраму нават з самымі адыёзнымі і абсалютна недамоўнымі палітычнымі апанентамі. Такімі, прыкладам, як паўночнакарэйскія кіраўнікі. Але ў гэтым няма нічога алагічнага. Бо менавіта так яны паводзяць сябе ў сваіх краінах з сваімі грамадзянамі. Культ паліткарэктнасці і гуманізму стаў сістэмай мышлення і нормай паводзінаў не толькі ў сваёй айчыне, але ўвогуле ў кожным аспекце жыцця еўрапейскіх палітыкаў. І ці можна іх вінаваціць за чалавечнасць і дабрыню, калі Еўропа ўжо дзве тысячы гадоў выхоўваецца ў культуры, якая навучае любіць нават ворагаў сваіх? Зразумела, што ўсялякую ідэю можна давесці да абсурду. Як і нярэдка здараецца. І стараючыся стаць гуманным можна згубіць пачуццё абавязковасці справядлівага пакарання. Зразумела, што шукаць баланс паміж паліткарэктнасцю і неабходнасцю сказаць праўду патрэбна. Але не пра тое зараз размова, а толькі пра цесную сувязь знешняй і ўнутранай палітыкі. Бо ляжаць яны ў адной і той жа сферы мышлення адных і тых жа індывідаў, ад якіх і залежыць прыняцце важных палітычных рашэнняў. Калі ўзяць сённяшнюю Расею, то яшчэ з першай чачэнскай вайны можна было б прадказаць яе сённяшнюю агрэсію на Ўкраіне. І задачы, і мэты, і метады яе рэалізацыі ідэнтычныя што ў сённяшніх межах Расейскай Федэрацыі, што за яе межамі. Увесь пасляельцынскі перыяд Расея ваюе: што на сваёй тэрыторыі, што за яе межамі. Вайна ў Чачні і вайна ў Татарстане адрозніваліся толькі ступенню супраціву гэтых суб’ектаў Расейскай Федэрацыі маскоўскай уладзе. Гэтак жа і ў знешніх дзеяннях. Грузія або Україна – гэта краіны, супраць якіх адкрыта вядуцца вайсковыя дзеянні, бо па іншаму ліквідаваць гэтыя дзяржавы не атрымалася. Але ж ёсць Прыднястроўе, ёсць шэраг постсавецкіх краін, якія ўдалося прыціснуць без адкрытай агрэсіі, а праз іх кіраўніцтвы, у свой час менавіта для гэтага і падтрыманыя Крамлём. У тым ліку і Беларусь. Дык вось Беларусь. Няцяжка было прадказаць, што цалкам зрусіфікаваная і васальская ўнутраная палітыка Беларусі і ў знешнепалітычным абліччы будзе дакладна гэтакай васальскай і прарасейскай. І вось ужо едзе ў Еўропу міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і там заяўляе, што Расею трэба прыцягнуць да праграмы “Усходняе партнёрства”. Так-так. Не пра Беларусь ва “Усходнім партнёрстве” дбае наш міністр, а пра іншую краіну. Нібыта ў Беларусі ва “Усходнім партнёрстве” ўсё даўно ужо окей. Але ж там не окей! Там усяго толькі Макей! Цікава, чаму як Украіна дамаўлялася з “Усходнім партнёрствам”, беларускі бок заяўляў, што чакае яе ў ЕўраАзЭс? А спадар Макей не раіў ні Януковічу, ні Еўразвязу больш цеснага супрацоўніцтва? А зараз такі васальскі клопат за Расею. Толькі гаспадары ў васалах маюць заўсёды вельмі малую патрэбу. Больш перабольшана дэманстратыўную, чым рэальную. Бо як Расея захоча дамаўляцца з Захадам, з тым самым Захадам, які заўсёды гатовы да дамоўленасцяў, яна абыдзецца і без гэтых рэверансаў з боку беларускіх уладаў. Яна тады ў лепшым выпадку проста перажэргне сваіх заступнікаў, калі не растопча, і за сталом перамоваў не пакіне для іх аніякага мейсца. Як і ўвогуле не пакіне аніякага месца для іх нідзе. Што ж тычыцца беларускага грамадства, то яно ў адрозненні ад расейскага, і аналагічна ўкраінскаму, цягнецца на Захад. І ўкраінскія падзеі паказалі, што прамаскоўскую ўладу ні ў адной постсавецкай краіне не ў стане ўратаваць ні Расея, ні яе псеўдавайсковыя і псеўдаэканамічныя ўтварэнні, якія носяць гэтакі ж дэманстратыўны і далёкі ад рэальнасці характар, як і патрэба ў васальстве. Таму ўладам мае сэнс пагаджацца з народам. Таму лепш бы нашаму міністру падумаць пра месца сваёй Радзімы у структурах цывілізаванага свету. Бо ўжо ўсім хіба зразумела, што толькі там месца Беларусі. Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ