Абараніць чалавека



Калісьці даўно, як толькі давялося прыехаць у Гародню, давялося паразмаўляць з адным вядомым выкладчыкам-біёлагам Гарадзенскага ўніверсітэту. Размова ішла пра народы ды нацыі, пра цывілізацыі, якія тыя народы стварылі? і ўвогуле пра тое, што ёсць насамрэч цывілізацыя. Тады быў вялікі ўсплеск нацыянальнай свядомасці беларусаў. Буяў той самы нацыянальны пад’ём, які і здужаў аднавіць беларускую незалежнасць. Таму і інтэлектуальныя размовы таго перыяду часта тычыліся нашых нацыянальных вытокаў, і нашай нацыянальнай цывілізацыі, якую калісьці пачалі будаваць нашыя славутыя прашчуры, і якую нам і нашым нашчадкам трэба ўмацоўваць, развіваць і ўдасканальваць. – А як ты думаеш, які духоўны парог пераадолелі людзі, каб ад дзікунскага першабытнага стану пераўтварыцца ў постацяў, здольных пачаць будуваць цывілізацыю сучасных чалавекаў? – нечакана спытаў ён мяне. – А што, такі парог ёсць? – адказаў я пытаннем на пытанне. – Ёсць, – упэўнена заявіў ён. – У розных мейсцах людзі ў розны час пераадольвалі гэты бар’ер. Але гэты вызначальны пераходны момант ёсць ва ўсіх. – І што гэта, – з заміраннем у сэрцы спытаў я, чакаючы нейкага адказу, пра які і сам думаў што здагадваюся. Але тое, што я пачуў, разам з высновамі пра наступны парог, які чалавецтва мусіць пераадолець на сваёй дарозе да ўдасканалення цывілізацыі, прымусіла мяне задумацца на доўгія гады, і нават на дзесяцігоддзі. – Першы парог да цывілізацыі чалавек перайшоў тады, калі перастаў есці іншага чалавека. Некалі канібалізм быў дапушчальны. Цяпер жа людзі ў большасці сваёй не могуць з’есці чалавека. І нават калі паміраюць з голаду, ім агідна гэта рабіць. Менавіта гэты духоўны выбар паспрыяў пабудове і развіццю першаснай чалавечай цывілізацыі. А зараз людзі мусяць перайсці наступную маральна-этычную рэвалюцыю, калі чалавек не зможа забіць іншага чалавека ні ў якіх варунках. Яму будзе гэтак жа агідна забіць, як сёння з’есці. І гэта будзе новы вялікі этап развіцця сапраўднай чалавечай цывілізацыі. З гадамі я ўсё часцей задумваўся над яго словамі. А як заняўся абаронай правоў чалавека, то ўбачыў і прамую аналогію, паміж цывілізацыйнасцю людзей і адносінамі іх да забойства чалавека. І ўсё больш становіцца прыкра і горка, што нашая беларуская дзяржава сёння ёсць адзінай у Еўропе, хто практыкуе забойства чалавека праз смяротнае пакаранне. Мы адзіныя, хто адарваўся ад агульнаеўрапейскай цывілізацыі ў гэтым кірунку. Так, свет жорскі і не адназначны. Людзі гінуць на войнах і ў канфліктах. Яны мусяць ваяваць каб бараніць сваю Айчыну і свае ідэалы. Але ж першы крок да змены поглядаў на забойства рабіць трэба. І яго зрабіць можна, як гэта зрабіла ўся астатняя Еўропа. Не дазволіць дзяржаве забіваць чалавека праз смяротнае пакаранне. Гэта не толькі змякчае мажлівасць судовай памылкі. Гэта не толькі пазбаўляе тых, хто мае ўладу, выкарыстоўваць дадзеную ненармальную нібыта норму для сваіх мэтаў. Гэта яшчэ і мяняе стаўленне грамадства да жыцця кожнага асобнага індывіда. Гэта першы крок да разумення, што чалавека забіваць недапушчальна, агідна і нечалавеча. Гэта першы крок да той цывілізацыі людзей, дзе ніхто ні пры якіх варунках не зможа забіць іншага чалавека, як на цяперашняй стадыі развіцця не можа яго з’есці. Менавіта дзеля гэтага беларускія праваабаронцы ўжо не першы раз абвясцілі тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, які будзе праходзіць да дзесятага кастрычніка. Тыдзень абвостранай публічнай працы, якая і так вядзецца штодзённа, але ў гэты перыяд надзвычай масава і скардынавана. Каб беларускае грамадства глыбей задумалася пра гэтую праблему. Пра тое, што мы можа таму і ў іншых аспектах развіцця не так шчыльна як хацелася б крочым разам з астатняй Еўропай, што не ўцямілі яшчэ, што наш цывілізацыйны шлях ляжыць у агульнаеўрапейскім стаўленні да розных аспектаў, але ў першую чаргу да чалавечага жыцця. І што калі мы чуем словы “забіць чалавека”, то гэта мусіць выклікаць толькі адно жаданне – абараніць таго чалавека. Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ