Беластоцкая мара



Ужо на трэці дзень свайго знаходжання ў Беластоку мяне стала наведваць нейкае новае, незразумелае, нязведанае дагэтуль пачуццё. Напачатку я зусім не мог зразумець, што гэта за яно такое. Не першы раз я наведваю гэты горад, прыязджаў і як турыст, і як гандляр, і да сяброў, і па пакупкі, і як зараз, папрацаваць творча, але ніколі раней не адчуваў нічога падобнага. І вось, прааналізаваўшы дэталёва свае адчуванні, я нарэшце зразумеў у чым справа. Мне ўсё здавалася, што нешта зараз здарыцца. Прыкладам, нехта патэлефануе, і скажа, што затрымалі знаёмага за бела-чырвона-белы сцяжок, уварваліся да незнаёмага за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту, распачалі чарговы судовы працэс за нешта падобнае, некага выклікалі на допыт, на некага зляпілі новы пратакол…

А тут нічога такога за нешта падобнае не здараецца. Не тэлефануюць туташнія знаёмыя і з жахам не распавядаюць, што да якогась нашага прыяцеля прыйшлі з абвінавачваннямі за тое, што яму гарантуе заканадаўства… Прайшло цэлых тры дні, і не выплыла аніводнага такога пратаколу…

Нязвыклае пачуццё. Ну не, і тут, напэўна, нешта здарацца мусіць. Жыццё паўсюдна мае своеасаблівае пачуццё гумару і ахвочае на падзеі. Але, напэўна, на нешта падобнае, як там, неардынарнасць жыццёвага гумару тут не распаўсюджваецца. Хіба, менавіта таму і з’явілася вось такое непрывычнае ўражанне пра Беласток пасля доўгага перапынку ў наведванні даўно знаёмага гораду.

Сапраўды, пасля надзвычай бурных падзей у сябе на Радзіме, Беласток падаўся нейкім востравам спакою. Хоць у гэтым няма нічога дзіўнага. Так яно мусіць быць паўсюдна, а не толькі тут. І хоць галавой усё нібыта разумееш, а вось ад нядаўна набытага інстынкту чакаць чарговага сюрпрызу ад уладаў пазбавіцца ўжо не так проста. Усё чакаеш, што затрасецца тэлефон, ці забяжыць з чарговым трывожным паведамленнем знаёмы, ці не забяжыць увогуле…

А Беласток, калі прыгледзецца без гэтых прывезеных з сабой эмоцый, які ён быў у мінулы мой візіт, такім і застаўся. Толькі вось успрыманне яго зараз стала зусім іншае. І цяпер ужо не так заўважаеш яго хібы і недарэчнасці, а думаеш, што так спакойна мусіць выглядаць і кожны наш горад, кожная населеная кропка. Ну, ці хаця б неяк так. Вядома ж, заўсёды хочацца лепшага. Няма межаў дасканаласці. Ну, але хаця б…

Ну, унесла і тут пандэмія пэўныя змены ў паводзіны людзей і ўладаў. А так ўсё як і раней. Праўда, і на Беласточчыне часамі здараюцца негатыўныя рэчы. Прыкладам, адзін мой знаёмы распавёў, што мясцовыя людзі ўжо лянуюцца самыя вырабляць гарэлку. І ключавое слова ў гэтым паведамленні было слова «лянуюцца». Не хацелася ў тое верыць, але іншыя знаёмыя пацвердзілі праўдзівасць гэтай інфармацыі. Але, добра паразважаўшы, я прыйшоў да высновы, што гэта не такая ўжо вялікая праблема. Нам бы ў Беларусі такія праблемы, і каб большых не было.

Вырашыў для паўнаты ўспрымання параўнаць тэлеперадачы. І яны адрозніваюцца. Рэкламы вельмі шмат. І ідзе яна доўга. Раздражняе. Але напэўна гэта гаворыць пра тое, што някепска развіваецца бізнес, калі ёсць каму плаціць за рэкламу. У нас тых, хто гатовы за тэлерэкламу заплаціць, напэўна ў разы менш. І калі мае развагі правільныя, то баюся, што ў нас рэклама хутка зусім знікне. Але тэлебачанне ніколі. Яно ў нас мае не столькі камерцыйнае значэнне, колькі ідэалагічнае. А вось тут, у Беластоку, крыху нават здзівіўся ўбачанаму тэлерэпертуару. Давялося нават паглядзець адзін з любімых серыялаў майго дзяцінства “Чатыры танкісты і сабака”, пра існаванне якога ўжо даўно забыўся.

Зрэшты, халера з ім, з тэлевізарам. Яго ўвогуле глядзець не рэкамендуецца. Ёсць больш карысныя заняткі. А паколькі цёплае надвор’е не спяшаецца заманьваць хуткім прыходам вясны на вуліцу, то пад нашэптванне ветрыку за вакном можна схіліцца і над клавіятурай у пакоі. І вось тут, за гэтым заняткам, мяне наведала яшчэ адно новае пачуццё. Разам з тымі папярэднімі трывожнымі эмоцыямі нарадзілася светлая беластоцкая мара. Простая такая, чалавечая, без прэтэнзій на звышскладанасць. І палягае яна на тым, што як закончу тут свае справы і вярнуся назад, каб там было гэтак жа спакойна.

Ці хаця б хоць нешта падобнае.

Віктар Сазонаў

 

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ