Чарговая трагедыя



Тое, што расейская ўлада напрамую або ўскосна, свядома ці несвядома, жадаючы гэтага або не, але нейкім чынам усе ж мае дачыненне да гібелі апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова, дапускае большасць расіянаў. Дапускаюць гэта не толькі апазіцыянеры або людзі, якія раздзяляюць апазіцыйныя погляды. Дапускаюць гэта і тыя, хто цалкам падзяляе погляды і метады дзеяння самой улады. У тым ліку і метады жорсткія ды радыкальныя, якімі гэтая ўлада карыстаецца ўжо даўно.

А вось каб такая трагедыя здарылася з кім-небудзь з верхняга эшалону самой расейскай улады, то ніхто б, ні прыхільнікі ўлады ні яе апаненты ніколі б не западозрылі ў дачыненні да гэтага ні самога Барыса Нямцова, ні нікога з яго паплечнікаў. Не западозрылі б іх вінаватымі ў такой трагедыі ні напрамую, ні ўскосна. Хутчэй за ўсё западозрылі б зноў уладу, якая ўстроіла чарговыя бандыцкія разборкі. Вось у тым і ёсць тая самая галоўная розніца паміж уладай і апазіцыяй сённяшняй Расеі. Зрэшты, не толькі Расеі. Але зараз размова акурат пра яе. Пра тое, што расеяне упэўненыя, што іх ўлада здольная на ўсё.

Практычна ніхто не сумняваецца ў тым, што расейская ўлада можа зрабіць подласці ў прынцыпе. Зрабіла яна ці не такое гэтым разам, ці якім іншым разам, гэта пытанне дзесятае. І не такое ўжо прынцыповае. І абсалютна не важнае. Галоўнае, што яна гэта зрабіць можа. Калі захоча. І нікога пытаць не стане. Нікога баяцца не будзе. Ні з чыім меркаваннем лічыцца не захоча. І да маральна-этычных прынцыпаў прыслухоўвацца не збіраецца. Тым больш не збіраецца прыслухоўвацца да голасу невядома адкуль узнікшай вольнай грамадскасці ці нейкай там ліберальнай апазіцыі.

І гэта ні ў каго не выклікае здзіўлення. Бо людзі хутка да ўсяго прывыкаюць. І да сённяшняй палітычнай расейскай мазаікі таксама ўжо прывыклі. А выглядае яна хоць на першы погляд вельмі страката, але ж даволі аднабока і жудасна. Там дамінуюць так і не раскрытыя справы гібелі шэрагу журналістаў і праваабаронцаў, гучныя судовыя працэсы па ўдзельніках дазволенай масавай акцыі на Балотнай плошчы, турэмныя пакуты ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, маланкавы захоп Крыма, міжнародныя санкцыі, антысанкцыі, ядзерная рыторыка думскіх парламентарыяў, вайна ў Грузіі, вайна на паўднёвым усходзе Украіны, антымайдан з яго заклікамі помсты і расправы, тэлеістэрыя з цкаваннем нейкай унутранай пятай калоны і нейкіх здраднікаў нацыянальных інтарэсаў, без удакладнення, якія яны тыя нацыянальныя інтарэсы ёсць насамрэч…

У гэтым палітычным калейдаскопе трагедыя з апазіцыйным палітыкам выглядае не толькі працягам прадказальным, але і лагічным. Нешта падобнае мусіла стацца. І мусіць рабіцца з адпаведнай перыядычнасцю. А што канкрэтна – гэта ўжо дробязі. І ўжо не важна для ўлады, на карысць ці на шкоду існаму рэжыму яно пойдзе. Як быццам бы усё наробленае ёй раней разглядалася з гэтай пазіцыі карысці або шкоды у традыцыйным для цывілізаваных краін разуменні. У тым і парадокс расейскай рэчаіснасці. Дарэчы, не адзіны.

Найвялікшы парадокс яшчэ і ў тым, што практычна ўсе расеяне будуць пільна сачыць за расследаваннем справы пра забойства Барыса Нямцова, але усе яны ўжо цяпер добра ведаюць, што ніхто з іх не паверыць у версію следства. Нават, калі гэтая версія сапраўды была б праўдзівай, то і тады не паверылі б. Расеяне не вераць сваёй уладзе. Нават тыя, якія тую ўладу падтрымліваюць. Падтрымліваць гатовыя, але верыць не. Бо добра ведаюць сутнасць сваёй улады. Бо добра ведаюць, што нават калі праўда будзе на карысць уладзе, то і тады яна яе не скажа. Бо да добрага людзі хутка прывыкаюць. І пачуўшы праўду адзін раз, могуць захацець яе чуць заўсёды.

Таму версіі забойства апазіцыйнага палітыка застануцца такімі ж, якімі ёсць цяпер. І кожны будзе прытрымлівацца сваёй. Кожны будзе верыць у тую, якая яму больш да спадобы. Пакуль не здарыцца чарговая трагедыя, якія там здараюцца з стабільнай перыядычнасцю. Не першая, і хутчэй за ўсё не апошняя. Зноў жа, такая ж прадказальная і такая ж лагічная. І такая ж жудасная.

Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ