Чужыя



Дзень галасавання ў Беларусі імкліва набліжаецца, але падзеі яго апярэджваюць. І ў гэтай з аднога боку абнадзейваючай сітуацыі насцярожвае тое, што новыя выклікі не ўспрымаюцца грамадствам з такой хуткасцю, з якой яны навальваюцца. А вельмі трэба ацаніць і пралічыць усе рызыкі і небяспекі, каб паспець супрацьстаяць ім. Найбольш яскрава гэта заўважна па недастаткова насцярожанай рэакцыі грамадства на з’яўленне ў Беларусі баевікоў так званай “Прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера”.

Грамадства, а асабліва новыя палітычныя эліты ад апазіцыі, ды па праўдзе кажучы і многія старыя, яшчэ не ўсвядомілі ўсёй сур’ёзнасці сітуацыі. Гэта і зразумела. Людзі настроіліся на нейкі сцэнар, як і за каго пойдуць галасаваць, і нават як будуць адстойваць свой выбар. І псіхалагічна вельмі не хочацца ламаць яго, той сцэнар. Цяжка ў імклівай выбарчай гонцы ўносіць карэктыроўкі. А вось тыя, хто пасылае вайскоўцаў на тэрыторыю другой краіны, тыя ў свае планы ўносяць карэктыроўкі штохвілінна.

Што яны тут забыліся, тыя вайскоўцы? Хто іх паклікаў сюды? Збіраліся яны тут піць гарэлку ці ехаць у трэція краіны? Такіх пытанняў можна задаваць безліч. І толькі дурань можа спадзявацца на праўдзівы адказ. Ясна тут можа быць толькі адно, яны будуць дзейнічаць у сваіх уласных інтарэсах, а не ў інтарэсах ні сённяшняй апазіцыі, ні сённяшняй улады. Яны для таго і існуюць, іх для таго і ствараюць ад самага пачатку, каб яны выкарысталі і надурылі ўсіх, і ўрэшце рэалізавалі сцэнар сваіх гаспадароў.

Я пішу гэтыя радкі ў сваё вайсковае свята, дзень дэсантніка. Служыў я не ў звычайным дэсанце, а ў спецыяльным, ды яшчэ за межамі СССР. Па дамоўленасці СССР з Захадам такіх войскаў у Усходняй Еўропе не павінна было быць. Таму нас хавалі, маскіравалі, увесь час мянялі месца дыслакацыі. А гэта была ўсяго адна рота з сямідзесяці чалавек! Што яна ў гэтай шматколькаснай групоўцы савецкіх войскаў?! Кропля ў моры! Але менавіта гэтай кроплі баяліся штабы супраціўніка. Бо мелі розум. Бо нават маленькая група з салдат спецыяльнага прызначэння можа нарабіць столькі шкоды, з наступствамі якой не справіцца гадамі. Бо гэтыя ваякі на тое навучаныя.

А тут дзвесце чалавек, як нам паведамілі!!! Ды гэтая сіла можа забяспечыць камфортны прарыў чужых войскаў на тэрыторыю любой краіны! Успомніце, як невялікая такая група ўзяла палац Аміна ў Афганістане і запусціла там такую ланцуговую рэакцыю, якую ўжо многія дзесяткі гадоў усім светам не могуць спыніць.

Зразумела, што адказнасць за знаходжанне гэтых людзей на тэрыторыі Беларусі ляжыць выключна на дзеючай уладзе. Бо аніводзін такі салдат чужой краіны не можа знаходзіцца на тэрыторыі нашай, ні для пераезда ў іншыя кропкі, ні для выпівання гарэлкі пасля чарговай баявой аперацыі, ні для чаго іншага. Кожны такі ваяка нясе небяспеку для краіны. Гэта злачынства перад краінай.

Але калі з уладай усё даўно зразумела, то халатнасць некаторых апазіцыйных лідараў у гэтым пытанні моцна здзіўляе.

Усё правільна, улада перад кожнымі выбарамі шукала нейкіх баевікоў. І калі сто разоў крычаць “воўк”, а ваўка няма, то на сто першы раз ніхто не верыць. Гэта ясна. Але ж гэтым разам “воўк” тут ёсць!!! І хто яго сюды прывёз ужо справа сотая. Трэба падымаць хвалю пратэсту, каб яго хутчэй адсюль вывезці. Бо гэта чужыя!

Такія групоўкі могуць палохаць уладу, каб яна пайшла на іх умовы, а пасля з лёгкасцю могуць дапамагаць гэтай уладзе супраць апазіцыі. Могуць рэалізоўваць трэці ці дзесяты сцэнар, якога ніхто не ведае. Але сваёй вялікай ці малой перамогі ні гэтай уладзе, ні апазіцыі не аддадуць ніколі. У іх свая ўлада ёсць. Бо гэта чужыя!

Сцэнар апазіцыі ўжо даўно вядомы ўсім, лідары яго самі публічна агалосілі. Улада рыхтуе свае сцэнары, і іх таксама пралічыць не так цяжка. Яна ўжо іх рэалізоўвала неаднойчы. А вось які сцэнар запусцяць чужыя вайскоўцы здагадацца немажліва. Бо яны самыя яго не ведаюць.

Ну а Беларусь зараз на мітынгах і ў прамежку гудзіць як аб’яднаны рой з усіх пчол свету. Па сутнасці, прысутныя там беларусы ўжо выказаліся пра свой выбар. Ім трэба свая, свабодная, незалежная, справядлівая, беларуская краіна. На меншае яны не згодны. Таму чужыя войскі на сваёй зямлі ім зусім не патрэбныя.

Віктар Сазонаў

   

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ