Два маршы



Яшчэ паўтары гады таму ніхто нават у страшным сне не мог прадбачыць тых падзеяў, якія зараз адбываюцца на паўднёвым усходзе Украіны. Танкі, гарматы, сістэмы залпавага агню, авіяцыя, пяхота… Бойня набыла настолькі жудасны і пачварны характар, што ужо нельга выключыць аніякага, нават самага страшнага развіцця падзеў, ажно да ядзернай бамбардзіроўкі. Ну а пакуль што і ў Маскве, і ў Кіеве людзі выйшлі на маршы.

Гэтыя акцыі – частка інфармацыйнай вайны, якая пасеяла такую разбуральную і знішчальную нянавісць, якой і атамная бомба пазайздросціць можа. Гэта яскрава паказаў той марш, які прайшоў у Маскве. Нават у гэты светлы дзень, які ў праваслаўных называецца даравальная нядзеля, праваслаўных людзей выгналі на вуліцы расійскай сталіцы з плакатамі і лозунгамі нянавісці. І замест каб прасіць у кагосьці прабачэння і дараваць іншым іх правіны людзі дэкларавалі, што ніколі не забудуцца, і ніколі не даруюць. І чаму гэты марш адбыўся у дзень даравання, застаецца вялікай загадкай. Можа каб паказаць асаблівы цынізм. А можа яго правялі як адказ на марш у Украіне. Хоць на Украіне, нават у Харкаве, дзе ў гэты дзень на мясцовым маршы адбыўся тэракт з смяротнымі ахвярамі, лозунгі былі значна больш чалавечныя.

Бліжэй да вечара эмоцыі перакачавалі з вуліцаў і плошчаў у сацыяльныя сеткі. І тут розніца ў расійскіх і ўкраінскіх жарсцях стала яшчэ больш відавочнай. Украінцы, якія ў гэты дзень правялі марш гонару ў Кіеве, прысвечаны памяці герояў нябеснай сотні, прасілі маліцца за іх. Маліцца за іх краіну, за іх народ, за іх салдат, што увесь час знаходзяцца пад агнём навейшай зброі, за іх палонных, асабліва за лётчыцу Надзею Саўчанку, якая ўжо два месяцы трымае галадоўку і знаходзіцца ў крытычным стане. Пісалі, што бароняць сваю зямлю і будуць ратаваць яе да канца. Бо гэта іх абавязак.

Расейцы ж, у адрозненні ад маналітнай украінскай плыні ў сацыяльных сетках, выразна раздзяліліся на два непрымірымых лагеры. Першы лагер, які як мне здаецца, колькасна большы, рашуча і злосна стаў кляйміць і ганьбіць не толькі украінцаў, але і той другі лагер. Праўда, нічога новага яны не сказалі. Маўляў, ва ўсім вінаватыя куратары з Вашынгтону, якія кіруюць нейкай кіеўскай хунтай. І што галоўная іх задача – гэта знішчыць рускі свет. Разам з рускімі, канешне. А заадно і з украінцамі і з беларусамі. І што яны ніколі не аддадуць ворагу Украіну. А ўсіх перамогуць, бо ў іх зараз ёсць моцны і сапраўдны лідар. Ды і ўвогуле Расею перамагчы немажліва ў прынцыпе. Сваіх суайчыннікаў з другога лагеру яны называлі “пятай калонай” і здраднікамі, якія прадалі нацыянальныя інтарэсы. А яшчэ сцвярджалі, што тыя, нібыта, жывуць за амерыканскія грошы. І што з імі трэба распраўляцца гэтак жа як з бандэраўцамі і фашысцкай хунтай.

Другая расейская плынь аказалася прама супрацьлеглай першай. Хоць і меншай. Яны стараліся растлумачыць агрэсіўнасць сваіх суайчыннікаў вынікам ашалелай тэлепрапаганды і інфармацыйнай вайны. Прасілі прабачэння ў украінцаў і спадзяваліся на хуткае абуджэнне свайго народу ад крымнашысцкага дурману. А яшчэ ў хуткім часе яны плануюць свой марш, галоўнай мэтай якога ёсць паказаць, што не ўсе расейцы падзяляюць палітыку Крамля.

Якім будзе той марш, сказаць зараз цяжка. Але гэтыя маршы, якія адбыліся зараз у даравальную нядзелю, яскрава паказалі як маналітнасць і аб’яднанне ўкраінскага грамадства вакол ідэяў незалежнасці сваёй краіны, так і раскол расейскага грамадства. Прычым раскол такі, які можа прывесці да моцнага грамадзянскага канфлікту, па маштабах не меншага, чым зараз ва Украіне. Цяпер у гэта не верыцца. Але ж яшчэ паўтары гады таму таксама не верылася, і ніхто нават у страшным сне не мог прадбачыць тых падзеяў, якія зараз адбываюцца на паўднёвым усходзе Украіны.

У Беларусі ж аніякіх маршаў не было. Усё ціха. Толькі у сацыяльных сетках усё часцей сталі выстаўляцца анекдоты прыкладна такога зместу:

– Ці доўга трэба чакаць зменаў да лепшага, – пытаецца вучань у майстра.

– Калі чакаць, то доўга, – адказаў той.

Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ