Гонар



Па ўсім свеце сёння транслююць шматлікія відэакадры з Беларусі, на якіх людзі ў форме жорстка затрымліваюць і брутальна цягнуць сваіх суайчыннікаў у аўтазакі толькі за тое, што тыя выйшлі на акцыі пратэсту. Выйшлі каб адстаяць сваё права звацца людзьмі.

У розных краінах пад амбасады Беларусі з плакатамі на беларускай мове і бел-чырвона-белымі сцягамі сталі прыходзіць шматлюдныя дэлегацыі, каб падтрымаць арыштаваных у Беларусі, дзе колькасць прызнаных праваабаронцамі палітвязняў увесь час павялічваецца. Да беларусаў замежжа далучаюцца на гэтых акцыях і мясцовыя жыхары. Іх падтрымліваюць, бо захапляюцца мужнасцю і самаахвярнасцю беларусаў, што адстойваюць у сябе на радзіме свой гонар.

Гонар вялікае і моцнае пачуццё. І асабісты гонар, і нацыянальны таксама. Ён узвялічвае, натхняе на новыя здзяйсненні, на геройскія ўчынкі, на адстойванне свайго меркавання, на змаганні і самаахвярнасць. Заглядаючы ў гісторыю свайго народа, мы, акрамя дасягненняў у розных галінах чалавечай творчасці, заўсёды шукаем там яшчэ і змагароў, учынкамі і жыццёвай пазіцыяй якіх мы хочам ганарыцца. Гэта ўзвышае і нас самых, акрыляе, далучае да слаўных персанажаў нашай мінуўшчыны.

Героі мінулага, якімі ганарыцца нацыя, паўстаюць у двух цікавых варыянтах.

Мы ганарымся змагарамі, што біліся з вонкавымі ворагамі і адстойвалі вольную і свабодную будучыню свайго народа, тымі, хто ахвяраваў сабой ў бітве з чужацкай уладай, каб у свайго народа была свая ўлада.

А яшчэ мы ганарымся і тымі, хто ахвяраваў сабой ў змаганні з унутранай несправядлівасцю, з той несправядлівасцю, якую чыніла фармальна нібыта свая ўлада.

Зрэшты, па ўсім свеце людзі аднолькава ганарацца сваімі героямі. Захапляюцца і героямі іншых народаў і падтрымліваюць іх. Як гэта зараз мы бачым у дачыненні да беларускіх актывістаў.

Іх мужнасцю і самаахвярнасцю не захапляецца хіба што толькі свая ўлада. Таму і лагічна паставіць пытанне, а ці свая яна ў такім выпадку? Бо як можа ўлада не ганарыцца мужнасцю і актыўнасцю сваіх грамадзян, якія гатовыя дзеля справядлівасці ахвяраваць сабой?

Гэта ж залаты генафонд нацыі! Без такога генафонду нацыя не выжыве. Ды ўладзе, у дадатак, нават дзеля самой сябе варта было б падтрымліваць такіх людзей. Бо менавіта такія актыўныя і неабыякавыя да лёсу сваёй краіны людзі і ёсць галоўнай сілай у абароне гэтай краіны ад вонкавых ворагаў.

Але ж не. Улада, хіба што, не баіцца вонкавых ворагаў, хоць недвухсэнсоўна намякае, што такія ёсць, і што ад іх трэба бараніць сваю незалежнасць. Але хто яе будзе бараніць? Можа тыя, хто сёння цягае актывістаў у аўтазакі? Непадобна. Гісторыя паказвае, што такія хуценька пачынаюць шукаць сабе новага гаспадара, і з лёгкасцю здаюць яму старога.

Акурат тыя, каго сёння судзяць, садзяць, караюць, якія выйшлі змагацца за справядлівасць у сваёй краіне, менавіта яны і здольныя бараніць Незалежнасць сваёй Дзяржавы. Многія з іх выраслі пры гэтай уладзе і іншай не ведаюць. Іх нацыянальную свядомасць выпальвалі і выціналі з карэннямі праз інтэграцыйную прапаганду, праз фальшывыя падручнікі, праз ілжывую ідэалогію… У іх кралі іх гісторыю і замоўчвалі славутыя старонкі вялікіх перамог герояў мінуўшчыны, іх продкаў. У іх забралі родную мову яшчэ да іх нараджэння, таму не ўсе яны ёй валодаюць у поўнай меры. Але яна вітаюцца словамі “Жыве Беларусь!!!” і апранаюць кашулі з “Пагоняй”. Яны самыя выходзяць вырашаць унутраныя праблемы сваёй краіны, і больш не спадзяюцца на дзядзькаў з-за бугра, і не спадзяюцца ні на каго іншага, акрамя сябе. Яны аднекуль ведаюць, што так не бывае, каб за іх хтосьці іншы вырашыў іх лёс. Нейкі ўнутраны голас прачнуўся і сказаў ім гэта, бо больш не было каму сказаць.

І гэта яны ёсць гарантыяй Незалежнасці і будучага росквіту сваёй вольнай Радзімы. Бо ў іх прачнуліся гены гонару. Іх не ўдалося прыдушыць, не ўдалося зманкурціць, не ўдалося запалохаць. Нябачная генная спружына раскрылася, і яны патрабуюць годнага жыцця і справядлівасці.

Невядома чым скончацца падзеі гэтага году. Але той гонар, які прачнуўся ў душах людзей, больш не дазволіць ім жыць з апушчанай галавой.

Гонар патрабуе годнасці.  

Віктар Сазонаў

 

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ