Грошы і кантроль



Вы чулі, у Беларусь заманьваюць замежных турыстаў! Сенсацыяй гэту навіну назваць можа і занадта, але нешта сенсацыйнае ў гэтым ёсць. Неяк не ўпісваюцца падобныя дзеянні ў характар і імідж беларускай улады. Рэжымы падобнага тыпу заўсёды імкнуцца да самаізаляцыі. І чым менш замежнікаў, тым лепш. Бо кожны замежны госць можа разглядацца мінімум як носьбіт чужароднай ідэалогіі свабоды. А тут жа кожны мусіць ведаць сваё месца ў складанай іерархіі, дзе матэрыяльныя каштоўнасці не зарабляюцца а размяркоўваюцца.

Дык вось пра гэтыя матэрыяльныя каштоўнасці. Хіба што, няма ўжо чаго размяркоўваць, калі спадзяванні папаўнення дзяржаўнай скарбонкі перакінуліся на замежных турыстаў. Не на свой бізнес, не на беларускіх працавітых грамадзянаў, і нават не на замежных інвестараў, а на замежных турыстаў. З інвестыцыямі то ўсё зразумела. Каб яны пайшлі, трэба каб была свабода ў бізнесе. А эканамічнай свабоды без свабоды палітычнай не бывае. Таму не толькі замежных інвестыцый, але і развіцця ўласнага бізнесу чакаць не прыходзіцца. Дзяржаўныя прадпрыемствы паказалі сваю “эфектыўнасць” яшчэ пры СССР. Я ўжо не кажу пра калгасную сельскую гаспадарку. А тут яшчэ паслухмяныя і рахманыя беларусы не захацелі плаціць за дармаедства. У такой сітуацый і марсіянаў запросіш. Абы грошы.

   Але марсіянаў яшчэ не знайшлі нават касмічна прасунутыя амерыканцы, а вось багатыя замежнікі любяць падарожнічаць. І нічога ганебнага няма ў тым каб іх заманіць да нас. Так робяць усе, хто толькі можа. Нават багатыя краіны заманьваюць да сябе турыстаў. Бо турызм не апошняя надзея папаўнення дзяржаўнага бюджэту. Хоць і не першая. Бо першая, як не круці, гэта ўласныя грамадзяне. І яшчэ зусім нядаўна яны, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і былі тымі самымі замежнымі турыстамі, якія папаўнялі дзяржаўную скарбонку не горш чужаземцаў.

   Вось адзін прыклад з учарашняга мінулага. Працавітыя і руплівыя беларусы зусім нядаўна ганялі машыны з-за мяжы і плацілі ў казну славутую “растаможку”. А што заставалася – ішло таксама дзяржаве. Бо куплялі будматэрыялы, каб паставіць хату для сям’і, куплялі нешта ў хату, куплялі хлеб, цыгарэты, гарэлку, закуску і за ўсё плацілі. І з усяго гэтага грашовага абароту даволі вялікі кавалак ішоў у дзяржаву. І падатак на дабаўленую вартасць, і акцызы, і ўсё астатняе. Але гэтая цэлая галіна эканомікі, купля і продаж старых машын, якая ў кожнай краіне не менш важная, чым замежны турызм, была вырваная з коранем сваёй жа дзяржавай.

І гэта толькі адзін прыклад, калі людзі, якія папаўнялі бюджэт, самы засталіся без сродкаў на існаванне. Дык чаму ж гэты клас свабодных бізнесоўцаў зараз знішчаны? Адказ закладзены ў самым пытанні. Таму што яны свабодныя.

Але ці змогуць усіх гэтых людзей замяніць замежныя турысты? Турыст, ён у першую чаргу пакідае грошы у галіне адпачынку і забаў. Некалі, у дзевяностыя і нулявыя гады, тых замежнікаў было ў нас багата. Іх прываблівалі нашы нізкія цэны. Бо больш нічога не было ў нас такога, чаго не было ў іх. З тых часоў мала што змянілася, акрамя цэн. І памяняліся тыя цэны не на карысць турыстаў. Дык чаму хтосьці мяркуе, што замежнікі сюды кінуцца масава? 

А вось свае людцы тут мусяць жыць. І яшчэ дзесяць год таму ў выходны дзень у беларускіх барах ды рэстаранах, куды зараз заклікаем замежных турыстаў, месца не мажліва было знайсці нават у дзённы час. А на святы трэба было заказваць за некалькі месяцаў. Зараз свабодных месцаў дастаткова. Дык можа найперш трэба задумацца пра тое, чаму беларусы не могуць сабе дазволіць такое жыццё як замежныя турысты? Чаму яны не маюць грошаў, каб папаўняць бюджэт краіны? Турыст гэта добра. Але гэта толькі дадатак да сваіх, а не замена іх.

Але ўлада так не думае. Бо важным відаць ёсць не тое, каб былі ў беларусаў грошы, якімі папоўніцца бюджэт. Галоўнае відаць усё ж мажлівасць дзяржавы кантраляваць кожны рубель у кішэні беларуса. А грошы будзем шукаць па-свойму. Прыдумваць новыя падаткі, падвышаць штрафы… Ну і за мяжой таксама… Браць крэдыты, пакуль даюць, запрашаць турыстаў, калі прыедуць…

Віктар Сазонаў 

 

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ