Міс Амерыка без бікіні



Ну і чым ім “Міс Амерыка” не дагадзіла?!

Вось чаго ніколі не зразумею, дык гэта таго, што нечым некаму “Міс Амерыка” не дагадзіла! Чорт бы іх забраў! І чорт бы іх усіх зжор з усімі іх вантробамі, тых, хто ў конкурсе на самую прывабную жанчыну ўбачыў знявагу для каго б вы думалі, правільна, для жанчын! Для тых, прывабных. І чым больш прывабная, тым больш знявагі.

Шкада толькі, што той чорт падавіцца. Упершыню чорта шкада. Ды ўсялякая пачвара такім паскудствам падавіцца. Бо праглынуць такое без негатыўных наступстваў для здароўя немажліва. А вось людзі глытаюць. Глядзяць тэлевізар і глытаюць. Некаторыя нават смакуюць пры гэтым увесь працэс ад пачатку да канца. Яшчэ ўчора захапляліся прыгажосцю канкурсантак, а сёння кажуць што гэта знявага.

Ну што ім “Міс Амерыка” такога зрабіла, што яны вырашылі і гэты даўнішні, запатрабаваны і прэстыжны конкурс “Міс Амерыка” ператварыць у казарменны балаган і вар’яцкае спаборніцтва лузерблазанаў?! Ну быў конкурс як конкурс. Выходзяць прыгожыя мілавідныя дзяўчаты каб заваяваць прэстыжны тытул. Заўважце, самі выходзяць. Ніхто іх ў плечы не піхае. Ніхто не прымушае сілай. Вось ім так хочацца заваяваць сабе такі тытул. Падобных тытулаў і конкурсаў у той Амерыцы як снегу ў Арктыцы. Адны спаборнічаюць у аб’ёме біцэпсаў, другія ў цвёрдасці кубікаў на прэсе. І на мужчынскім прэсе, і на жаночым таксама. Конкурс на самы прывабны азадак ёсць. І не абражае нічыёй годнасці. Конкурс на самы піўны жывот таксама. Ёсць і такія, хто спаборнічае ў тым, хто далей плюне дохлым тараканам. Пераможцы з гонарам і пашанай упісваюцца ў кнігу рэкордаў Гінеса і многія з іх яшчэ і падпісваюць шматмільённыя кантракты з буйнымі фірмамі на рэкламу. А як жа ж! Пераможцы ўсё ж! Ну і што, што плявок быў дохлым тараканам? А што, плявок не дохлым нешта змяніў бы?!

Ну дык вось – гэта пераможцы. Хай сабе часамі і ў абсурдных намінацыях, але гэта ж свабодны свет! Не падабаецца – не глядзі. Гэтых конкурсаў у свабодным свеце як сабак не рэзаных. Ён таму і свабодны свет, што свабодны. Не падабаецца гэты конкурс, зрабі сабе іншы! Ніхто ж не перашкаджае. Але ж не. Не ўсе так думаюць. Некаторым не хапае савецкай цэнзуры. Свабоды ім стала зашмат. То зброю трэба забараніць, то бікіні. Галоўнае забараняць. Забараняць гэта ж не ствараць. Як гэта знаёма!

Калі я пачуў, што расейскія тролі ўмяшаліся ў амерыканскія выбары, я ані кропелькі не занепакоіўся. Бо амерыканскія выбары ператруць усіх троляў разам з іхнымі тральчатнямі. А вось як прачытаў, што конкурс на самую прыгожую жанчыну Амерыкі больш не будзе праходзіць у тым фармаце што раней, адразу адчуў пагрозу. Знайшліся ж магутныя плыні, якім больш не было чаго рабіць, як выкінуць з конкурсу праход дзяўчат у бікіні. Маўляў, гэта абражае іх чалавечую годнасць. Чыю канкрэтна, дзяўчат ці гэтых крыкуноў, я яшчэ не разабраўся, але гэта не мяняе сутнасць. Галоўнае, што цяпер удзельніцы конкурсу будуць выходзіць хто ў чым хоча. Можна ў кальчузе, набедранай павязцы, начной камбінацыі, хіджабе, паранжы і нават ва ўсім разам. Нічога не абражае жанчыну. Толькі бікіні.

Я нічога не маю супраць хіджаба. Увогуле, на мой густ жанчыны ў ім могуць сапраўды выглядаць прывабна. І хай сабе быў бы і такі конкурс. Але пры чым тут “Міс Амерыка?”.

А міс Амерыка вось пры чым. Усё традыцыйнае камусьці трэба знішчыць. І робіцца гэта нібыта для таго, каб не абражалася годнасць тых, каго нішчаць. Ну, а калі хтось сумняваецца ў маіх высновах, то хай зробіць свае. Толькі напачатку хай уважліва пачытае тыя змены, якія ўводзяцца ў правядзенне конкурсу. Неабавязковым будзе не толькі праход у бікіні. Абавязковы выхад у вячэрняй сукенцы таксама адмяняецца. Ведаеце, у такой доўгай, элегантнай, рамантычнай сукенцы… Ну ў якой казачных прынцэс звычайна малююць. Мара кожнай дзяўчынкі. Вячэрняя сукенка, аказваецца, таксама зневажае годнасць жанчыны. І я думаю, што для многіх зневажае нават больш чым бікіні. І хутчэй за ўсё менавіта ў ёй, у вячэрняй сукенцы і ўся справа. А бікіні гэта так, для адводу вачэй.

Віктар Сазонаў 

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ