Мова Праўды



Цэнтр Гародні ачэплены. Звычайны выходны дзень. Аўтазакі, міліцэйскія машыны, спецтэхніка… Цэнтральныя плошчы агароджаныя турнікетамі. Людзі ў камуфляжах паўсюдна. Тут і сінія чалавечкі ў міліцэйскіх мундзірах, і зялёныя, ў нявызначаных, і пераапранутыя ў цывільнае, але не цывільныя, а найбольш гэтай сілавой публікі ў чорным… Яны самыя актыўныя, тыя чорныя людзі, з чорнымі дубінамі ў чорных балаклавах на галовах, пад якімі хаваюць свой твар і сумленне. Зрэшты, сумленне такая штука, якая непакоіць толькі тых, у каго яно ёсць. Значыць, хаваюць толькі твары. Больш няма чаго.

Так не толькі ў Гародні. Так па ўсёй Беларусі.

Людзі ў чорным хапаюць і валакуць у аўтазак дзіця, якое на асфальце крэйдай напісала “Жыве Беларусь!!!”, пырскаюць газам у мірных дэманстрантаў, якія з словамі “Жыве Беларусь!!!” проста ідуць у калоне па вуліцы, б’юць дубінай, заламваюць рукі, цягнуць па асфальце, затрымліваюць…

Паралельна з актыўным вулічным пераследам, жыхароў Беларусі масава выклікаюць у кабінеты сілавікі. Тут і пракуратура, і міліцыя, і следчы камітэт… Іх так многа, аказваецца, панастварана, што рана ці позна аніякі бюджэт не змог бы пракарміць. Толькі працалюбівыя беларусы маглі выцягваць так доўга на сабе аж такую плойму. І ўся тая плойма зараз займаецца адным, выклікаюць прадстаўнікоў гэтага народу ў свае кабінаты, якіх таксама безліч…

Ды што пра іх гаварыць. З’ява янычарства не новая і добра вывучаная. Заўсёды і ва ўсіх народаў знаходзяцца тыя, хто за добры заробак, або за перспектывы ў кар’еры, або проста за маніякальнае адчуванне сваёй уседазволенасці і набыцця гвалтоўнай перавагі над іншымі, гатовы быў на самыя жорсткія дзеянні ў дачыненні да сваіх суайчыннікаў. Гісторыя кішыць такімі прыкладамі. Сёння пра іх гаварыць не хочацца.

Значна больш вартым увагі ёсць іншае, як людзі не за здабытак, не за кар’еру, не за заробак, а за праўду гатовыя ахвяраваць сабой. За Праўду, за Свабоду, за Справядлівасць! За будучыню сваёй Радзімы! За Людскасць! Проста каб звацца і быць чалавекам! І іх большасць. Уся Беларусь выходзіць з нацыянальнымі сімваламі і становіцца насупраць узброеных у чорным…

Жанчына адчыняе дзверы сваёй кватэры і хавае ад сілавікоў з дубінамі зусім невядомых ёй людзей, рызыкуючы, што за гэта ў тыя дзверы пагрукаюць няпрошаныя госці. Супрацоўнік МНС, якога прывезлі адмыслова каб ён зняў бела-чырвона-белы сцяг з вышыні не здымае яго, а наадварот разварочвае, каб той залунаў яшчэ мацней і губляе працу. Уладальнік бару зачыняе дзверы перад сілавікамі, якія гоняцца за пратэстоўцамі, рызыкуючы сваім бізнесам. Аўтамайстры задарма рамантуюць транспарт зусім невядомых ім людзей, якіх пабілі сілавікі за тое, што шафёр гудком падтрымліваў дэманстрантаў. Бацюшка б’е ў званы Храма каб спыніўся гвалт. Шахцёр прыкоўвае сябе ланцугамі ў шахце, каб улада пачула патрабаванні рабочых. Апазіцыянерка дзярэ ў лахманы на мяжы свой пашпарт, каб яе не выкінулі за межы Радзімы і свядома ідзе за краты. Студэнты выганяюць з універсітэтаў сілавікоў і ўступаюць у спрэчкі з кіраўніцтвам і ідэолагамі сваіх навучальных устаноў, рызыкуючы быць выгнанымі з вучобы. Выкладчыкі заступаюцца за студэнтаў рызыкуючы быць выгнанымі з навучальнай установы. Рабочыя аб’яўляюць страйк, ведаючы, што іх павыганяюць з працы. Работнікі культурных устаноў, інтэлегенцыя, журналісты, заяўляюць сваю пазіцыю і губляюць працу, і той і так невялікі хлеб, які мелі. Супрацоўнікі сілавых структур звальняюцца, ведаючы, што проста звальненнем ім не адкруціцца. Работнікі выратавальных службаў выцягваюць з ракі загнаных туды АМАПам дэманстрантаў, перавозяць іх на другі бераг, ратуючы тых ад арышту, і самыя аказваюцца пад арыштам. Людзі скідваюцца апошнімі сродкамі, каб дапамагчы бліжняму аплаціць штраф, накладзены судамі за ўдзел у мірным пратэсце. Жыхары ў сваіх гарадах ідуць масава пад месцы затрымання суайчыннікаў і носяць зусім невядомым затрыманым перадачы ў ізалятары, хоць іх самых там і затрымліваюць і б’юць…

Вядомыя беларусы робяць заявы, спартоўцы ідуць у шэрагах разам з пратэстоўцамі, музыкі граюць для іх, былыя дэсантнікі апранаюць на акцыі пратэсту армейскую вопратку і бяруць у рукі плакаты “Мы разам з народам”, незнаёмыя людзі нясуць дэманстрантам ежу і цяпло, і ўсе разам аб’ядноўваюцца любоўю. Любоўю да Беларусі.

Моладзь і сталыя, рабочыя і інтэлігенты, жанчыны і мужчыны, ідуць адстойваць праўду, нягледзячы на рызыку. І нават тыя зверствы, якія ім прыйшлося зведаць з боку сілавых структур пад час арышту і ўтрымлівання ў няволі, і якія не ўмяшчаюцца ў разуменні і псіхіцы нармальнага чалавека, не змаглі іх зламаць. Яны выходзяць, рызыкуючы ўсім, нават здароўем і жыццём.

І ўсе, паўсюдна, вывешваюць, падымаюць, носяць нацыянальную, бела-чырвона-белую сімволіку, хоць менавіта за яе на іх і накідваюцца…

Але людзі носяць, каб паказаць, што Мы Народ! Што мы Беларускі Нард! Каб паказаць уладзе, усяму свету, а найперш самым сабе, якім ён ёсць насамрэч, той Беларускі Народ!

Цуды добразычлівасці, узаемападтрымкі, самаахвярнасці і іншых найвышэйшых якасцяў велічы чалавечай натуры зараз паказваюць Беларусы. Яны паказваюць якія яны ёсць сапраўдныя ў сваёй душы, і што гэтая душа толькі чакае моманту і ўмоў каб праявіць сябе з найлепшага боку.

І яшчэ на адну найважнейшую рэч варта звярнуць увагу. Лідар вядомай групы “J:Морс”  Уладзімір Пугач папрасіў прабачэння ў сваім новым кліпе “Даруй” ў тых, хто ўсе гэтыя гады змагаўся з рэжымам, нават тады змагаўся, калі ў іх яшчэ не было такой масавай падтрымкі, як сёння. І падабраў вельмі цёплыя словы. “Нізкі паклон тым, – сказаў ён, – хто ўжо дзесяць, пятнаццаць і дваццаць гадоў таму знаходзіў у сабе сілы, перамагаючы страх, рызыкуючы і ахвяруючы сабой, адстойваць нашы правы. Дзякуй вам і прабачце, што так доўга вас даганялі”.

Вось такія ўчынкі, а гэта насамрэч сапраўдны ўчынак сапраўднага грамадзяніна, разам з іншымі праявамі чалавечнасці якія зараз у Беларусі праяўляюцца паўсюдна, і завяршаюць разгадку беларускай душы. Гэтыя словы ўдзячнасці былі звернутыя да тых, хто усе гэтыя гады з такімі ж самымі словамі на ўсіх сваіх імпрэзах гэтак жа шчыра дзякаваў мінулым пакаленням, якія біліся за беларускую свабоду, за чалавечую справядлівасць, проста за праўду. Зараз падзякавалі і ім. Падзякавалі тым, большасць з якіх нават у новай Беларусі будуць незапатрабаваныя. Бо ўсё жыццё змагаліся з рэжымам, а не рабілі кар’еру, не нажылі багацця, не стварылі імя, не адчынілі бізнес… Бо менавіта пастаяннае змаганне з рэжымам, які у іх разуменні атаесамляўся са злом і антыбеларускасцю, менавіта гэта і быў іх прафесійны ўзровень, які яны ўвесь час павышалі. Таму трэба было ісці гэтым шляхам. 

Адзін з найвялікшых палітыкаў навейшай гісторыі прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган неяк сказаў, што Свабода знаходзіцца на адлегласці ўсяго аднаго пакалення ад свайго знікнення, калі за яе не змагацца. Таму нельга было дапусціць, каб ў змаганні за Беларускую Свабоду выпала гэтае пакаленне.

Большасць старой апазіцыі зараз не так разбіраюцца ў кампутарах, як таго патрабуе час, і ў бізнесе, які апярэдзіў іх мажлівасці даўно, і нават у палітыцы, якая стала зусім іншая і значна больш фальшывая чым тады, калі яны ў яе прыйшлі. Таму і там не будзе ім месца. Большасць з іх не ведаюць так зараз патрэбнай ангельскай мовы, бо ўвесь час, калі іншыя вывучалі ангельскую, вучыліся гаварыць праўду па-беларуску. І гаварылі. Гаварылі праўду. І гаварылі яе па-беларуску. І гэтую праўду зараз пачуў увесь народ.

Зрэшты, для іх, хіба, няма большай узнагароды, чым тая ўдзячнасць, тая падзяка, і бела-чырвона-белая сімволіка ў руках суайчыннікаў. Тысячы і тысячы нацыянальных сцягоў і гярбоў “Пагоня” ў тысячах і тысячах рук беларусаў… Якая яшчэ трэба рэч, каб зразумець, што ўсё было не дарэмна?!

Шлях гаварыць праўду па-беларуску і ёсць шляхам беларускай перамогі.

Вось і атрымліваецца, што беларуская мова зараз стала самай праўдзівай мовай свету. Бо за апошнія даволі фальшывыя часы на ёй лгалі менш усяго. І не таму, што на ёй гаварыла не так шмат народу. А таму, што тыя, што ёй карысталіся, гаварылі праўду.

Нездарма ўлада ў Беларусі перайшла на іншую мову, але не на сваю нацыянальную.

Затое свая, нацыянальная, засталася не спаганеная іх ілжывасцю, як і нацыянальная беларуская сімволіка.

У Беларусі зараз усё неадназначна. Як гэта не парадаксальна гучыць, але яе далёкую будучыню прадказаць значна прасцей, чым блізкую. Цяжка сказаць, што будзе праз дзень, ці тыдзень, ці нават месяц. Але лёгка прадбачыць, што і як будзе праз год, тым больш, праз некалькі год.

Бо Беларускае Адраджэнне працягваецца і спыняцца не збіраецца. Прыйшоў час Беларускай Сімволікі, прыйдзе і час Беларускай Мовы.

Віктар Сазонаў

  

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ