Не хлебам адзіным



“Дармаедам” вырашана вярнуць грошы. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміла сама намесніца міністра па падатках і зборах. Яна патлумачыла, што адбылася нарада з удзелам кіраўніка краіны, дзе абмяркоўваўся той шматпакутны дэкрэт, які нарабіў столькі шухеру ў сталіцы і іншых гарадах сінявокай. І вось там і было дадзена канкрэтнае ўказанне пачаць вяртанне сродкаў нецярплівым грамадзянам, якія паспелі заплаціць гэты збор своечасова, прызнаючы тым самым той факт, што ў Беларусі можна мець банкноты нацыянальнага банку нават нідзе не працуючы.

Чаму ніхто на дзяржаўным роўні не распытаў іх як гэта робіцца і не раскрыў гэтую таямніцу для ўсяго насельніцтва, застаецца загадкай. Можа тады б усе беларусы перанялі б гэты каштоўнейшы досвед і перапоўненыя ўдзячнасцю за раскрыццё карыснай таямніцы спраўна плацілі б грошы ў дзяржаўную скарбонку, а не выходзілі б на несанкцыянаваныя акцыі з патрабаваннямі адмяніць дэкрэт. А то і больш далі б, чым дэкрэт патрабуе. Беларусы людзі не скупыя. Ну чаго ім было б шкадаваць грошы таму, хто адкрыў сакрэт дзе іх браць нідзе не працуючы. Бо калі маеш, то не шкада і падзяліцца. Горш калі дзяліцца няма чым, а ў цябе гэта патрабуюць злёгку ківаючы пальцам, які ў кожную хвіліну можа ператварыцца ў міліцэйскую дубінку.

Цяпер жа кроўна нажытыя будуць вернутыя тым “дармаедам”, у якіх грошы акурат былі на тое, каб аддаць іх дзяржаве. Вось ім грошы вернуцца. А вось тым, хто тых грошай не меў і выйшаў з тае прычыны на вулічныя акцыі шукаць справядлівасці, такой палёгкі дзяржава не дае. Яны мусяць заплаціць за свае патрабаванні на несанкцыянаваных акцыях вялікія штрафы якія з запасам перакрываюць той збор за дармаедства. У іх то і на збор не было. Таму і выйшлі. Але дзе яны возьмуць на штраф, гэта ўладу не цікавіць. І судовыя выканаўцы ўжо пачалі выконваць свой службовы абавязак па зборы тых штрафаў.

Наконт штрафаў у Беларусі тэма асобная. Яна добра прадуманая і адладжаная да дасканаласці. Вось зусім нядаўна інтэрнэт скалыхнула чарговая навіна пра парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Усе адразу падумалі што затрымалі кантрабандыстаў. Бо на думку разважлівага беларуса, кантрабанда гэта адзіная патрэба парушаць межы. Ва ўсіх іншых выпадках лепш ехаць праз афіцыйныя прапускныя пераезды. А тэма кантрабанды ўвогуле ў беларусаў выклікае падвышаную зацікаўленасць. Але зараз не пра кантрабандыстаў а пра штрафы. Кантрабандысты яны ці не, але, як паведамляла прэса, васьмярых парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, якіх лавілі нават з прымяненнем зброі, абвінавацілі ў некалькіх парушэннях адразу і ім пагражае штраф ажно да ста базавых велічынь. Шалёныя грошы. Але для параўнання хачу давесці, што за падрыхтоўку несанкцыянаванай акцыі, такой як выхад на вуліцу з патрабаваннем адмяніць Дэкрэт №3, можна пацярпець і мацней. І не толькі заплаціць шалёны штраф, але і пад адміністрацыйны арышт патрапіць. Хоць абсурднасць таго дэкрэту дэ-факто ўжо прызнала і сама ўлада, пачаўшы аддаваць збор тым, хто яго паспяшаўся заплаціць.

Вось і думае беларус, што больш бяспечна ў яго родненькай краіне. Як варыянт першы, выходзіць на вуліцу ды патрабаваць праўды і справядлівасці. Патрабаваць выканання канстытуцыйных і прававых нормаў ды сваіх жа законаў. Ці, як варыянт другі, цішком парушаць гэтыя законы, напрыклад пераскокваючы дзяржаўную мяжу з воркам кантрабанднага тавару ці неафіцыйна працаваць. пазбягаючы падаткаў. Другі варыянт можа і нячэсны, але адназначна больш бяспечны і прыбытковы.

Але ўсё больш беларусаў усё ж выбіраюць варыянт першы. Як доказ прывяду такі факт, што за парушэнне мяжы у год ловяць можа дзесяткі людзей, а можа нават у які год і сотні. А вось толькі за акцыі супраць таго славутага дармаедства пахапалі больш чым тысячу.

Цягнуцца людзі да праўды. Усё ж такі беларус усё больш хоча жыць не хлебам адзіным. А там, глядзіш, з штрафамі можа атрымацца як з тым зборам за дармаедства. Выйдзе аднаго дня нейкі чарговы намеснік міністра і абвесціць, што на нарадзе з удзелам кіраўніка краіны было прынятае рашэнне вярнуць усім назад тыя штрафы…

Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ