Падабенства і адрозненні



Ну дзе тая Венесуэла, і дзе Беларусь?! Ну што, здавалася б, можа быць агульнага паміж імі такога, якое дазваляе аналітыкам сцвярджаць, нібыта Венесуэла сёння – гэта Беларусь заўтра?! Маўляў, чым закончыцца ўсё ў гэтай лацінаамерыканскай краіне, тую самую кашулю можна прымяраць і да нас еўрапейцаў. Надта ж шмат, кажуць, падабенства. Хоць і адрозненняў то не так і мала.

Калі пагуляць у старую гульню “знайдзі дзесяць адрозненняў”, то паміж Беларуссю і Венесуэлай такіх назбіралася б значна больш чым дзесяць і вельмі хутка. І намнога больш знайшлося б іх, чым падабенства. Але як казаў легендарны герой культавага савецкага фільма “Месца сустрэчы змяніць нельга”: – “Дык пісталецік то сто тысяч іншых доказаў пераважыць”. Вось і тут так. У сённяшніх Беларусі і Венесуэлы ёсць адно вельмі пікантнае падабенства, якое сто тысяч адрозненняў пераважыць. І падобныя нашы краіны тым, што іх кіраўнікоў на дадзены момант вельмі любіць кіраўніцтва сённяшняй Расеі.

Слова “любіць” у гэтай фразе вядома ж рэжа слых, бо нічога агульнага з класічным значэннем яно на першы погляд нібыта не мае. Ну якая тут любоў, калі, прыкладам, ўсё часцей кіраўнікі Беларусі і Расеі спрачаюцца на людзях і аніяк дамовіцца не могуць па такіх пытаннях, якія ў астатнім свеце прапісаныя чорным па белым і дадатковых сустрэч ды абмеркаванняў не патрабуюць. Але калі адкінуць персанальныя крыўды начальнікаў краін адзін на другога, іх асабістыя сваркі і нават ультыматумы, а кіравацца Біблейскай мудрасцю “па пладах іхных пазнаеце іх”, дык нейкая неразгаданая любоў усё ж прысутнічае. Ды і самыя яны не аднойчы называлі свае народы брацкімі, падкрэсліваючы тым самым і сваю ўласную ступень сваяцтва адзін да другога.

Ну а пра “плады” дык і шукаць доўга не трэба. Ляжаць на паверхні – хоць кампот вары, хоць сырымі еш. І галоўны ды вызначальны плод іх сумеснай дзейнасці гэта той, што ў крытычны момант яны кідаюцца ратаваць адзін другога як сябе любімага.

Вось і зараз кіраўніцтва Расеі з апошніх сіл стараецца як умее дапамагчы Нікаласу Мадуру Морасу, прэзідэнту Венесуэлы з 2013-га году, які працягвае сцвярджаць, што застаецца такім і па сённяшні дзень?! Хоць ад таго ўжо адраклася нават Вікіпедыя.

Ну але вернемся да Беларусі і Венесуэлы. Аказваецца ёсць паміж нашымі краінамі і іншыя падабенствы, а не толькі братняя любоў расейскага кіраўніцтва. Тое што кіраўніцтва гэтых краін не любіць мяняць самога сябе, тут не самае вызначальнае. Аніякае кіраўніцтва нідзе на свеце не ў захапленні ад такіх змен. Адметнымі ёсць акурат метады і ідэалогія, якія прымяняюцца для недапушчэння такіх змен ва ўладзе і ўвод эканомікі краіны і псіхікі яе жыхароў у глыбокі транс, які афіцыйна называецца стабільнасцю. І ўсімі сіламі захоўваецца сацыялізм як ідэалагічная форма ўтрымання ўлады. Пераможны сацыялізм, як у Венесуэле, ці пабудова сацыяльнаарыентаванай эканомікі, як у Беларусі, тут ўжо як у каго лінгвістычныя здольнасці дазваляюць. Сутнасці гэта не мяняе.

Ну а як казала некалі знакамітая Маргарэт Тэтчар, сацыялізм заканчваецца менавіта тады, калі заканчваюцца чужыя грошы. У Венесуэле яны ўжо закончыліся, і нават уласныя бязмежныя прыродныя багацці ўратаваць сітуацыю не могуць. Бо для існавання сацыялізму грошы патрэбныя чужыя. Свае там не працуюць. Ну не толькі грошы, канешне, але і тэхналогіі, і ідэі таксама патрэбныя, але абавязкова чужыя. Бо сацыялізм сваіх не прадукуе. А капіталісты ўсё больш і мацней аберагаць пачынаюць сваю інтэлектуальную і іншую ўласнасць, і красці ўсё менш дазваляюць нават у імя ідэй міру.

Беларускі лідар неаднойчы ўказваў на гэта свайму расейскаму калегу. Што ж, маўляў, кошты на энерганосьбіты не адпавядаюць паміж нашымі краінамі, ды і нічога не адпавядае. Папярэджваў, што так аднаго за другім усіх хаўруснікаў можна пагубляць. Ну а зараз да тэарэтычных разваг можна прывесці практычны прыклад з Венесуэлай. А тут ужо супраць фактаў не папрэш.

Праўда, у расейскага кіраўніцтва свая логіка. І якую тактыку яно абярэ сёння там, цалкам верагодна прыменіць заўтра і тут. І гэта яшчэ адно падабенства.

Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ