Пагляд з адлегласці



Вялікае бачыцца на адлегласці. Напэўна, гэтую прымаўку ведаюць усе, і наўрад ці хто яе хоць калі аспрэчваў. Увогуле, на адлегласці ў большасці выпадкаў усё бачыцца крыху не так, як зблізку. І не толькі вялікае, але і ўсялякае. Хіба таму не толькі вядомая ва ўсім свеце прымаўка, але і персанальныя парады спецыялістаў рэкамендуюць час ад часу чалавеку павялічыць адлегласць ад таго прадмета, які хочацца разгледзець больш дэталёва і разабрацца ў ім.

Таму як пасля доўгага перапынку мне давялося па справах на нейкі час пакінуць родныя мясціны, вельмі было цікава глянуць на ўсё, што робіцца ў нас, з адлегласці. І напачатку важна было не паддацца эмоцыям і не кінуцца адразу вымалёўваць нібыта і так зразумелыя вобразы, а пастарацца ўсё дэталёва разгледзець здалёк, і нават прыкласці намаганні, каб глянуць на ўсё вачамі розных персанажаў, як сваіх, так і замежных. І вычакаць нейкі час, каб прааналізаваць погляд і з сярэдзіны, і звонку, ды параўнаць убачанае зблізку, здалёк і пад рознымі вугламі.

Якое ў мяне было здзіўленне, калі пры поглядзе на падзеі ў Беларусі, што здалёк, што зблізку, я не ўбачыў аніякай розніцы. І вачамі якога б персанажа не стараўся паглядзець, розніцы знайсці таксама не атрымалася. Адкуль не глянь і ў якое павелічальнае шкло не разглядай, сітуацыя бачыцца абсалютна ідэнтычнай.

Што не вазьмі. Хоць такую нязначную на першы погляд з՚яву, як увядзенне крымінальнай адказнасці за язду на аўтамабілі без праў. Гэта выпадкова ўзяты прыклад толькі таму, што ён ёсць адзін з самых апошніх і на першы погляд не палітызаваны. Здавалася б пра што там асабліва гаварыць. У розных краінах розная адказнасць, ёсць і такія дзяржавы, дзе да падобнага парушэння ставяцца таксама жорстка. Але ў Беларусі ёсць пра што гаварыць. Бо ўсё тут робіцца выключна ў адным кірунку, у кірунку ўзмацнення ўлады. Вось і з՚явілася версія, што узмацніць кары для людзей за рулём было вырашана яшчэ тады, калі яны аўтамабільнымі гудкамі падтрымлівалі мірныя акцыі пратэсту.

Але нават каб і гэтая версія аказалася выпадкова памылковая, до дзеянні заканадаўцаў аніяк не вырываюцца з агульнага кантэксту. Пакаранні папросту ўвесь час ўзмацняюцца. За ўсё. Якое б пытанне не разглядалася, а вынік разгляду ўжо вядомы. Забараніць, не дапусціць, узмацніць пакаранне. Я ўжо не гавару пра кары за так званыя несанкцыянаваныя акцыі. Там штрафы за іх напэўна хутка перавысяць бюджэт і стануць адзінай крыніцай папаўнення даходаў. І здалёк на гэта глядзі, ці зблізку, з сярэдзіны краіны, ці звонку, а іншых высноў не зробіш нават калі будзеш мець такое жаданне.

Не глянеш па іншаму і на затрыманні, і на судовыя працэсы, і на выказванні службовых асоб, на іх версіі і рыторыку. Яны ўжо і самі па іншаму не глядзяць. Ужо і іншых версій не выказваюць, акрамя як заціснуць, не дазволіць, не даць, прыціснуць, перахапаць. Усё ўсім ясна і двух версій не проста быць не можа ў тэорыі, а і няма на практыцы. Таму выбар робіцца свядома. Так. У Беларусі усімі выбар ужо зроблены, і зроблены свядома.Як глядзіш на іншыя краіны, то сапраўды хочацца параіць іх некаторым прадстаўнікам выехаць на нейкі кароткі час зусім недалёчка, каб на свае праблемы глянуць хоць на невялікай адлегласці. І сапраўды, многія з іх глянулі бы на тое-сёе пад іншым вуглом. Але гэты рэцэпт не для Беларусі. Тут выязджай, не выязджай, глядзі з вонку ці аналізуй з сярэдзіны, старайся разгледзець пад вуглом ці на прамую, а бачыш адно і тое. А значыць, бачыш тое, што ёсць насамрэч, і адценняў яно ўжо не мае.

Гэта як у той показцы. Калі ты бачыш незнаёмага звера, які падобны на сабаку, і ходзіць як сабака, махае хвастом як сабака, ды брэша як сабака, то гэта і ёсць сабака.

У Беларусі кожная маральная ацэнка кожнай з՚явы стала велічынёй пастаяннай. Як хуткасць святла, дзе з якой кропкі ў якую не ляці, а даўгата палёту будзе аднолькавай. І тут ужо разуменні дабра і зла становяцца велічынёй пастаяннай, і бачныя з любой кропкі ў іх чыстым выглядзе. Як не старайся надаць іншыя адценні, нічога не атрымаецца.

Бачна ўсё і для ўсіх аднолькава. Нават з адлегласці.

Віктар Сазонаў  

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ