Паказуха



Гэта было ў далёкім 1983-м годзе. У нашую роту прыпёрся з азвярэлымі вачыма нейкі афіцэр і доўга крычаў на нашых афіцэраў. Махаў рукамі, пагражаў нечым і аддаваў загады. Што ён хоча, нармальнаму чалавеку разабрацца было цяжка. Але тыя жаўнеры, якія праслужылі больш году, адразу ўцямілі сэнс яго мацерных слоў. Ясна, што будзе баявая трывога і прыедзе нейкі маразматык-генерал праверыць боегатоўнасць нашай роты. Прычым, прыедзе ён нечакана, як той гогалеўскі рэвізор – інкогніта, ну, і зразумела, што баявая трывога таксама будзе нечаканай. Крыху пазней наш камандзір роты так і заявіў:

– Заўтра раніцай, роўна ў чатыры гадзіны пятнаццаць хвілін, будзе аб’яўленая нечаканая баявая трывога. Таксама да нас тайна прыедзе правяральшчык. Таму ўсё павінна прайсці на дзесяць балаў. І хай толькі хто падвядзе, то я таго згнаю, скаты. Усё зразумелі, падлы?!

– Так, зразумелі, – хорам адказалі мы і пачалі рыхтавацца да нечаканай трывогі.

Самае цяжкае было давесці да ладу тэхніку. Бо жывую сілу, пакуль яна жыве, так-сяк раскалыхаць заўсёды можна. Ну, а баявая тэхніка ад жаўнера адрозніваецца тым, што на яе аніякія пагрозы камандзіраў не дзейнічаюць. І калі паліва паўгодо прадавалі направа і налева, а тэхніку нават не спрабавалі ўрухоміць, то зараз такая задача выглядала амаль што нерэальнай. Але добра пастараўшыся рухавікі ўдалося запусціць.

– Рухавікі не глушыць, – загадаў камандзір. – Хай працуюць ажно да ранку. І як будзе нечакана абвешчана баявая трывога, то праз сорак пяць хвілін уся тэхніка павінна выехаць на пляць.

Жаўнеры ў гэтую ноч ляглі ў ложак апранутыя, у ботах і з аўтаматамі на грудзях. Каб як будзе нечаканая трывога не губляць час на звычайныя ранішнія працэдуры. І нават афіцэры начавалі ў казармах. Усё рабілася для правяральшчыка. Усё было падрыхтавана. І жаўнеры, і тэхніка, і дзірачкі на пагонах для новых зорак за добрую службу.

Праўда, у рэальнасці усё аказалася наадварот. З усёй падрыхтоўкі спрацавала толькі нечаканая баявая трывога, якая прагучала дакладна у чатыры гадзіны пятнаццаць хвілін. Усё астатняе пайшло з дакладнасцю наадварот. Тэхніка, якая усю ноч працавала ў чаканні трывогі, пры выяздзе з ангараў пачала глохнуць, стукацца адна ў другую і звальвацца з дарогі. Жаўнеры, што ўсю ноч апранутыя вылупіўшы вочы чакалі нечаканай трывогі акурат да гэтага часу пазасыналі, і пачуўшы сігнал, як сонныя мухі мітусіліся, гублялі зброю і не маглі ўцяміць, што адбываецца. Афіцэры крычалі на ўсіх нецэнзурнымі словамі і таксама не ведалі што канкрэтна ім трэба рабіць. І нават правяральшчык не з’явіўся. Відаць таксама праспаў нечаканую і такую доўгачаканую баявую трывогу.

Затое па паперах усё было ідэальна. І дзіркі на пагонах спатрэбіліся. Бо правяральшчык усё ж прыехаў назаўтра. Убачыў чысцюткі пляц, свежапафарбаваную тэхніку, і не толькі тэхніку, бо да яго прыезду нават траву пафарбавалі, бо камандзіру здалося, што тая не дастаткова зялёная. Убачыў чысцюткія каўнерчыкі жаўнераў, пахмяліўся і ўсіх пахваліў. Маўляў, такое войска і такую краіну ніхто не пераможа.

Тая краіна не праіснавала з таго часу і дзесяці гадоў. Уся тая паказуха толькі паспрыяла яе хутчэйшаму скону. Бо маразм рана ці позна дае свае вынікі. І нават пафарбаваная ў зялёны колер трава таксама сохне. Толькі яна ужо нават на сена не годная.

Усё гэта я успомніў як глядзеў паказуху нашых дзён. Гэтыя пампезныя і маразматычныя парады у гонар сямідзесяцігоддзя перамогі, што прайшлі у Менску і Маскве, і якія транслявалі па ўсіх галоўных айчынных тэлеканалах. Нічога не памянялася. Паказуха ў горшым выглядзе. Не мае шанцаў ні такое войска, ні такая краіна.

І як падцвярджэнне гэтаму, гэта еўрапейскі рэйд на Берлін расейскіх байкераў. Паехалі то яны на амерыканскіх, еўрапейскіх і японскіх матацыклах. І колькі не завешвай яго георгіеўскімі стужкамі, стужкі тыя нікому не цікавыя. А вось надпіс “Харлі Дэвідсан”, або “Хонда”, цікавіць усіх. Вось і ўся перамога. Вось вам і парад. Сапраўдны парад сапраўднай тэхнікі. На “Харлеі” то і да Берліна даедзеш, і да Вашынгтону, і да Масквы. А на расейскім “Іжы” і з гаража выехаць праблематычна.

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ