Працэс



Ну вось і дачакаліся. Яшчэ раз дачакаліся. Як спяваў вялікі класік Уладзімір Высоцкі: “Эх раз, ды яшчэ раз, ды яшчэ многа-многа раз…”

У Беларусі пачаўся чарговы выбарчы працэс. Працэс. Хіба што гэтае слова найбольш падыходзіць да маючых адбыцца падзей. Гэта сапраўды працэс не толькі падобны да судовага, але ў пэўным сэнсе і ёсць судовым. І судзіць, як мінімум, будзе кожны сам сябе. (Пра “як максімум” лепш пакуль не разважаць). Бо менавіта тут мноства людзей чарговы раз паўстануць перад выбарам паміж удзельнічаць ці не, калі ўдзельнічаць то ў чым, у якой ступені, на чыім баку, з кім і супраць чаго, супраць каго і за што … У беларускіх рэаліях, калі краіне чарговы раз пагражае страта незалежнасці, і гэта напрамую можа быць звязанае з прызнаннем або непрызнаннем выбарчага працэсу, выбар і адказны, і складаны.

Ну а пасля, як выбары закончацца, многія пачнуць сведчыць… Кожны сваё. Хто праўду, хто сваю праўду, а хто і відавочную хлусню… Чым не працэс?

А калі сказаць прасцей то выбар заўсёды адзін – паміж дабром і злом, ці калі пастарацца змякчыць ажно такае жорсткае паняцце адказнасці ўсіх разам і кожнага паасобку ў нібыта самай звычайнай справе, такой як усяго толькі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то хай гэта будзе адказнасць паміж асабістым разуменнем дабра і зла кожным індывідам персанальна.

Але як не гуляй словамі выснова простая. Чалавек нясе адказнасць за свае дзеянні. Адказнасць перад нашчадкамі і продкамі, перад блізкімі і знаёмымі, перад самым сабой, зрэшты… Адказнасць маральную, гістарычную, судовую… Якая з гэтых відаў адказнасці дагоніць чалавека яшчэ пры жыцці прадбачыць складана. Але ж нейкая з іх можа і дагнаць яго яшчэ жывым, як бы чалавек не спадзяваўся што ўсё пранясе, што усё абыдзецца… А можа і не пранесці. Ад самога працэсу то не пранесла… Працэс то пайшоў!

І зноў мноства людзей пойдуць па добрай волі ці па нядобрай неабходнасці ўдзельнічаць у працэсе ў розных якасцях, ад удзельнікаў у змаганні за галоўную пасаду краіны, да тых, хто будзе лічыць галасы выбарцаў, або будзе рабіць выгляд што лічыць галасы, да тых, хто будзе назіраць каб не было парушэнняў, або будзе рабіць выгляд што назірае, каб потым задэкляраваць, што парушэнняў не было… Яшчэ будуць і проста тыя, хто ўсяго толькі пойдзе, або ўсяго толькі не пойдзе галасаваць. Але і тут выбар.

Бо мы ў Беларусі. У адной з паслясавецкіх рэспублік, якая так і не здолела да канца вырвацца з кіпцюроў СССР. Таму і выбарчы працэс ў нас нечым падобныя да выбарчага працэсу ў Савецкім Саюзе. Прынамсі тым, што вынік выбараў вядомы за доўга да іх пачатку. Менавіта таму ў словазлучэнні “выбарчы працэс” ключавым ёсць слова “працэс”, а не слова “выбарчы”, як у большасці іншых еўрапейскіх краін. Менавіта таму і ўзнікае паняцце персанальнай адказнасці непасрэдна за свае дзеянні ў гэтым канкрэтным працэсе.

Такое нават смешна пачуць выбарцу з іншай краіны, дзе ключавым словам у словазлучэнні “выбарчы працэс” ёсць слова “выбарчы”. Але мы жывём у нашых рэаліях, і ў нас іншае ключавое слова.

Гэта ў выбарах перамагае большасць, а меншасць падпарадкоўваецца і рыхтуецца стаць большасцю на наступных выбарах. Гэта ў выбарах не бывае памылак і не памылак, а ёсць толькі такі або гэтакі выбар. Выбар які задаволіў ці не задаволіў цяпер або ў будучым, але выбар які можна ў разе чаго змяніць наступны раз.

У працэсе ж усё наадварот. Там усё сур’ёзна. Там кожны мае сваю ролю. Нават той, хто пра гэта не падазрае. І кожны мусіць адгуляць яе як акцёр на сцэне. Бо гэта толькі выбары робяцца для народа. А працэс робіцца для вонкавых гледачоў. Працэс мае добра падрыхтаваны і апрабаваны сцэнар, які не дапускае аніякага збою. Бо працэс паказны.

Усе дзеючыя асобы ў гэтым працэсе даўно вядомыя. Вынікі таксама. Усё мусіць ісці па сцэнару. Але калі знаходзіцца хоць адзін з удзельнікаў працэсу, які ідзе не па зацверджаным сцэнары, то тады разбураецца не толькі сцэнар, але і сам працэс. Тады пачынаюцца выбары.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ